Будучыня беларускай эканомікі залежыць ад рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў

Сусветны банк прапануе падзяліць беларускія дзяржпрадпрыемствы на чатыры групы і паступіць з імі ў залежнасці ад перспектыўнай эфектыўнасці і жыццяздольнасці.
Будучыня беларускай эканомікі, узровень жыцця беларускіх грамадзян, а таксама здольнасць Рэспублікі Беларусь забяспечваць для сваіх грамадзян належны ўзровень аховы здароўя і адукацыі залежыць ад таго, што будзе адбывацца з дзяржпрадпрыемствамі. Такім меркаваннем з удзельнікамі медыясняданка, прысвечанага праекту «Комплексная праграма падвышэння эфектыўнасці работы дзяржаўных кампаній РБ», падзяліўся кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь Алекс Крэмер.

Дадзены праект, сфакусаваны на паляпшэнні якасці мэнэджмэнту на дзяржпрадпрыемствах, быў рэалізаваны прадстаўніцтвам Сусветнага банка сумесна з Бізнес-школай ІПМ пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.

Па словах Алекса Крэмера, да таго часу, пакуль у беларускім сектары дзяржпрадпрыемстваў не адбудзецца якіх-небудзь радыкальных змяненняў і пераўтварэнняў, даходы грамадзян не будуць расці паскоранымі тэмпамі. Акрамя таго, краіна не зможа палепшыць сітуацыю з пагашэннем знешняга доўгу.

«У той жа час падатковыя паступленні, якія аплачваюць грамадзяне для забеспячэння належнага ўзроўню дзяржаўных паслуг, таксама не апынуцца на належным узроўні. Гэта будзе адбывацца да таго часу, пакуль не палепшыцца сітуацыя ў сектары дзяржпрадпрыемстваў», — падкрэсліў Алекс Крэмер.

На яго думку, сітуацыя ўскладняецца тым, што неэфектыўная дзейнасць дзяржпрадпрыемстваў таксама адмоўна адбіваецца на працы прыватнага сектара.

«Ёсць шмат прыкладаў, калі прыватныя інвестары не жадаюць укладаць свае інвестыцыі, а таксама змагацца з неэфектыўнасцю дзяржсектара, паколькі дзяржава забяспечвае падтрымку неэфектыўнай працы дзяржпрадпрыемстваў. Лічбы таксама сведчаць пра тое, што крэдыты, атрыманыя дзяржпрадпрыемствамі, уплываюць на магчымасць запазычанняў прыватнымі кампаніямі», — паведаміў Алекс Крэмер.

У якасці рашэння праблемы Сусветны банк прапануе Беларусі правесці рэструктурызацыю прадпрыемстваў. Што пад гэтым маецца на ўвазе? Па словах Алекса Крэмера, Сусветны банк не лічыць, што дзяржаўны сектар не мае права на існаванне. «Мы не лічым, што абсалютна ўсё трэба зачыніць, альбо прыватызаваць. Гэтая ідэя проста вельмі многімі перабольшваецца», — падкрэсліў Алекс Крэмер.

Ён паведаміў, што Сусветны банк, у рамках першага этапу рэалізацыі дарожнай карты структурных рэформаў для Рэспублікі Беларусь прапануе ўсе дзяржаўныя прадпрыемствы падзяліць на чатыры групы. У першую групу ўваходзяць прадпрыемствы, становішча якіх нядрэннае і якія могуць і ў далейшым ажыццяўляць сваю дзейнасць у цяперашніх умовах. У другую групу ўваходзяць дзяржпрадпрыемствы, якія могуць палепшыць умовы сваёй дзейнасці пры ўмове правядзення рэструктурызацыі. Трэцюю групу фармуюць прадпрыемствы, якія падлягаюць прыватызацыі. І ў чацвёртую групу трапляюць прадпрыемствы, якія безнадзейныя і падлягаюць ліквідацыі.

Менавіта ў мэтах павышэння эфектыўнасці працы дзяржпрадпрыемстваў, па словах Алекса Крэмера, і быў арганізаваны праект «Комплексная праграма падвышэння эфектыўнасці работы дзяржаўных кампаній Рэспублікі Беларусь».

У ходзе рэалізацыі праекта 9 топ-менеджэраў беларускіх дзяржпрадпрыемстваў на працягу 9 месяцаў удасканальвалі свае веды і ўменні па кіраванні кампаніямі, дзяліліся вопытам і сумесна спрабавалі вырашаць задачы, якія стаяць перад іх структурамі. У выніку ўсе кіраўнікі прызналі высокую эфектыўнасць праекта. Нягледзячы на ​​тое, што прыняць удзел у ім былі запрошаны топ-менеджэры дзяржпрадпрыемстваў, якія і так паказвалі нядрэнныя вынікі.

Як вобразна апісаў праект кіруючы дырэктар Групы кампаній ІПМ Павел Данейка, «гэта была нават не паліклініка, гэта была лячэбная фізкультура. Каб зрабіць тых, хто здаровы — яшчэ здаравей».

Генеральны дырэктар Групы кампаній КераМір, ментар праекта Валерый Жалязоўскі адзначыў, што цяпер перад дзяржаўнымі і прыватнымі прадпрыемствамі стаяць адны і тыя ж выклікі. Але, па словах Жалязоўскага, удзельнікі праекта прадэманстравалі, што падрыхтаваныя не горш, а часцяком нават і лепш, чым прадстаўнікі прыватнага бізнэсу.

Зараз асноўны этап праекта завершаны. Як прызналіся прысутныя на медыясняданку дырэктары, некаторым з іх праведзенае навучанне дазволіла істотна нарасціць прыбытак прадпрыемстваў і заключыць новыя перспектыўныя кантракты.

Такім чынам, эфектыўнасць прадэманстраваў і сам праект. Ці будзе ён прадубляваны, залежыць ад мэтавага паступлення сродкаў ЕС Сусветнаму банку.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: