Бульбаеды і бульбаводы. Нас не дагоняць?

Як, на вашу думку, гастранамічныя мянушкі нацыяў — гэта дрэнная справа ці дапушчальная абывацельшчына? На «бульбашоў» беларусы рэагуюць па-рознаму: хтосьці крыўдуе, хтосьці цешыцца такой адметнасцю. Ну а тое, што мы — знаныя бульбаеды і бульбаводы — па-ранейшаму факт, пацверджаны эканамічнай статыстыкай.


Беларусь застаецца лідарам па ўжыванні бульбы і вырашчанай яе колькасці на душу насельніцтва. І гэта пры тым, што за апошнія паўстагоддзя нацыянальны ўраджай бульбы скараціўся ажно ўдвая.

Каля 170 кілаграмаў бульбы з’ядае ў сярэднім жыхар нашай краіны апошнімі гадамі. Спажыванне скарачаецца: у 2010 годзе гэты паказчык складаў 183 кілаграмы. На некалькі дзясяткаў кілаграмаў адстаюць па спажыванні бульбы ад нас украінцы. У першай дзясятцы — жыхары Польшчы, Расіі, Латвіі, Літвы, Чарнагорыі, Вялікабрытаніі, а таксама, як не дзіўна, Кыргызстану з афрыканскімі Руандай ды Малаві. Цікава, што да 1980-х гадоў сусветнымі лідарамі па спажыванні бульбы былі нашы суседзі-палякі, якія з’ядалі яе штогод больш за 200 кілаграмаў на чалавека.

А вырошчваецца ў нас бульбы апошнім часам кожны год ад 600 да 700 кілаграмаў на душу насельніцтва. Далей зноў ідуць браты-ўкраінцы — 500 кілаграмаў. У першай пяцёрцы бульбаводаў — Нідэрланды, Бельгія і Данія. Нашы іншыя суседзі —палякі, латышы ды расіяне — у першай дзясятцы. Ну, а па агульным аб’ёме вытворчасці бульбы Беларусь у 2010-х гадах выпала з дзясяткі сусветных лідараў, якую ўзначальваюць Кітай, Індыя ды Расія. Бо цяпер мы вырошчваем каля 6 мільёнаў тон бульбы кожны год — плюс-мінус некалькі соцень тонаў. А між тым, яшчэ 20 гадоў таму гэты ўраджай вагаўся ў калідоры паміж 8 і 9 мільёнамі тонаў. А ў пачатку 1970-х гадоў — блізу 13 мільёнаў тонаў. То-бок, удвая болей, чым цяпер. Што адбылося?


Незалежнасць і бульба

Тлумачэнне, паводле Навукова-практычнага цэнтру Акадэміі навук па бульбаводстве і гароднінаводстве, простае: раней Беларусь у складзе імперыяў мела адной са спецыялізацыяў менавіта вырошчванне бульбы. У Расійскай імперыі нашы продкі забяспечвалі чвэрць ад валавога збору бульбы, а ў СССР — траціну.

Былы старшыня калгасу, кандыдат эканамічных навук, былы выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Пётр Мігурскі ў інтэрв’ю «Новаму Часу» ўдакладніў, што «Беларусь карміла Маскву, Піцер і Балтыйскі флот, які лічыўся падшэфным нашай краіны. Збыт, прымяненне той самай бульбе знаходзілі і ўнутры Беларусі, і за яе межамі. Яна ішла на корм скаціне, на харчаванне насельніцтва і вытворчасць крухмалу».

З распадам СССР пастаўкі, адпаведна, скараціліся. У 10 разоў зменшыліся і палеткі сельскагаспадарчых арганізацыяў Беларусі, што адводзяцца пад бульбу. Апроч таго, многія постсавецкія рэспублікі пачалі развіваць уласнае бульбаводства. Некаторыя павялічылі пасадкі і, адпаведна, аб’ём ураджаяў у разы. Нездарма мы ўжо згадалі пра кыргызаў, якія сталі аднымі з сусветных лідараў па бульбаедстве.

Вырошчванне бульбы ды іншых відаў гародніны — тая галіна сельскай гаспадаркі Беларусі дый эканомікі агулам, у якой лідарства — яўна за прыватнікамі. Гаворка і пра фермераў, і пра прысядзібныя гаспадаркі. Калі ў Савецкім Саюзе аб’ём вырашчанай бульбы падзяляўся прыкладна напалам паміж сельгасарганізацыямі (тады калгасамі ды саўгасамі) з аднаго боку і насельніцтвам з другога, то цяпер да 90% гэтага стратэгічнага для нас прадукту вырабляецца менавіта прыватнымі гаспадарамі. Статыстыка ў пацвярджэнне: у 2019 годзе мы сабралі 6,1 мільёна тонаў бульбы, з іх толькі 652 тоны (!) прыпадае на сельскагаспадарчыя арганізацыі. Дзякуючы прыватніку і ўдаецца выконваць паказчыкі па бульбе, намечаныя Дзяржаўнай праграмай развіцця аграрнага бізнесу: да канца 2020 года вытворчасць бульбы павінна быць у аб’ёме 5,6 мільёна тонаў.

Валавы ўраджай падае, затое ўраджайнасць расце. У мінулым годзе яна склала 229 цэнтнераў з гектара. Для параўнання, у 2005 годзе было 177, а ў 1995-м — 132 цэнтнеры з гектара. Дарэчы, рост ураджайнасці ў нашай сельскай гаспадарцы назіраецца наогул па ўсёй гародніне — са 135 ц/га ў 1995 годзе да 284 ц/га летась.

«Новы Час» вывучыў апошнія лічбы ўраджайнасці па бульбе па ўсіх рэгіёнах Беларусі і склаў Топ-10 самых багатых на бульбу раёнаў паводле статыстыкі па розных абласцях за 2018 год. На Брэстчыне ў тройцы лідараў Ляхавіцкі раён — 362 ц/га, Іванаўскі — 328 і Брэсцкі — 293. У аўтсайдарах — Драгічынскі і Ганцавіцкі раёны. Віцебшчына: тут рэкардсмены Талачынскі раён — 354 ц/га, Полацкі — 288 і Пастаўскі — 253, адстае Дубровенскі. На Гомельшчыне лідзіруюць Ельскі раён — 270 ц/га, Веткаўскі — 249 ды Мазырскі — 239. Унізе спісу — Хойніцкі раён. На Гродзеншчыне самую вялікую ўраджайнасць даюць бульбаводы Гродзенскага раёна — 399 ц/га, Ашмянскага — 381 і Смаргонскага — 361. Аўтсайдарам з’яўляецца Слонімскі раён. На Міншчыне самыя перадавыя — Нясвіжскі раён з 443 ц/га, Дзяржынскі — з 380 і Бярэзінскі — з 350. Так сабе з ураджайнасцю бульбы ў Крупскім раёне. На Магілёўшчыне па бульбе наперадзе Клічаўскі раён — 331 ц/га, Кіраўскі — 301 ды Асіповіцкі — 299. Апошнім ідзе Чавускі раён.


Разварыстасць не ў пашане

Толькі адзін раён у Беларусі, — Нясвіжскі, — мае ўраджайнасць, як у сусветных лідараў. Калі ў нас яна ледзьве сягае за 200 ц/га, то цэлы дзясятак краінаў мае сярэднюю ўраджайнасць ад 400 ц/га да 500 ц/га. Гэта — Новая Зеландыя, Бельгія, ЗША, Германія, Нідэрланды, Ірландыя, Данія, Англія, Францыя, Швейцарыя. Мы балансуем дзесьці ў пятым дзясятку, у два разы саступаючы лідарам. Адчуйце розніцу! А робяць гэтую саму розніцу больш дарагія і прасунутыя агратэхналогіі і насенневы матэрыял.

Тых самых хваробаў і шкоднікаў — ад каларадскіх жукоў да фітафтарозу — у бульбы процьма. Не кажучы пра засмечанасць градак банальным пустазеллем. Дарэчы, яе ўзровень у Беларусі сягае 90–120 пустазеллевых раслінаў на квадратны метр! А бульба, аказваецца, вельмі да іх уразлівая. І пры толькі пяці (!) смеццевых раслінах на квадратны метр пасадак ураджайнасць бульбы зніжаецца на 2,5%, пры 25 пустазельніках — на 10%, пры 50 — на 20%, пры 100 — на 30%. Карацей, без розных інсектыцыдаў, гербіцыдаў і пестыцыдаў не абысціся.

Дарэчы, простая парада па барацьбе з фітафтарозам і, галоўнае, безвыдаткавая — садзіце клубні бульбы як мага глыбей. Клубні на глыбіні болей за 10 сантыметраў паражаюцца гэтай хваробай у 5–10 разоў радзей, чым на глыбіні 3–5 сантыметраў.

Што тычыцца насенневых клубняў, то, канешне, нашы селекцыянеры ўвесь час працуюць над вывядзеннем аптымальных гатункаў. Стварыць адзін беларускі гатунак і прасунуць на рынку бульбаводства займае працяглы час (некалькі гадоў) і каштуе ад паўмільёна еўра. Дарэчы, калі ў пачатку 1990-х гадоў у нас налічвалася каля двух дзясяткаў гатункаў бульбы, то цяпер вырошчваюцца амаль паўтары сотні. Беларускай селекцыі з іх — каля 40.

Што праўда, апошнімі гадамі многія фермеры пачалі адмаўляцца ад беларускіх гатункаў. Некаторыя цалкам, многія скарачаюць плошчы, на якіх засяваюцца нашы «Скарб» ці «Уладар». Пра гэта фермеры не надта жадаюць гаварыць, бо нібыта тое непатрыятычна, але перад вучонымі-бульбаводамі трывогу б’юць даўно. Але прычына не ў саміх гатунках — да іх прэтэнзіяў няма. І ўрадлівыя, і да хваробаў устойлівыя. Праблема — менавіта ў якасці насення, якое закупляюць фермерскія гаспадаркі. Адмовіцца ад беларускіх гатункаў яны вырашаюць, калі ўраджай мізарнее праз набытыя насенневыя клубні, якія ўжо так ці інакш аказваюцца пашкоджанымі. То-бок, гэта пытанне да арганізацый, якія займаюцца вырошчваннем насення бульбы.

Цікава, што на працу селекцыянераў уплываюць не толькі запатрабаванні вытворцаў, але і мы з вамі — спажыўцы. Рэч у тым, што густы беларусаў пачалі мяняцца. Калі раней пераважная большасць жыхароў нашай краіны любіла разварыстую бульбу белага змесціва, то цяпер у фаворы тыя гатункі, якія маюць жоўтую мякаць і дрэнна разварваюцца, а то і не разварваюцца ўвогуле. Вось і даводзіцца селекцыянерам дагаджаць нашым зменлівым густам. Маркетынг — важная справа і ў бульбаводстве.

Ну і наогул стаўка робіцца на разнастайнасць — ужо выведзеныя каляровыя клубні і гатункі, прыдатныя для фры. Напрыклад, файная саломка атрымаецца з бульбы гатунку «Лель». Можа, калі-небудзь яго пачне выкарыстоўваць і сетка «Макдональдс».


Фермеры даганяюць «калгасы»

Наогул, гатункі бываюць сталовыя, якія падзяляюцца на раннія, для доўгага зберагання і для перапрацоўкі на бульбапрадукты, а таксама тэхнічныя, з якіх вырабляюць крухмал. Сталовыя гатункі падзяляюцца на чатыры кулінарныя тыпы. А і В — тыя, якія сярод іншых прыкмет не разварваюцца і слаба разварваюцца, а С і D — разварваюцца моцна або вельмі моцна.

Якія ж самыя папулярныя гатункі бульбы ў Беларусі? Безумоўныя лідары — «Брыз» і «Скарб». Таксама варта адзначыць «Вектар», «Янка», «Волат» і «Уладар». Коратка пра некаторыя з іх. Ранні гатунак «Уладар» можа мець ураджайнасць да 700 цэнтнераў з гектара, адносіцца да кулінарнага тыпу В, адносна высокаўстойлівы да фітафтарозу клубняў, вочкі дробныя. Падобныя характарыстыкі і ў сярэднеранняга «Брызу», але ён даўжэй захоўваецца. Сярэдняспелы гатунак «Скарб» многія называюць легендарным, у Дзяржрэестры ён з 1997 года — то-бок, правераны часам, мае адзін з самых доўгіх спісаў хваробаў, да якіх ён устойлівы. Дастаткова добра перажывае засуху. Адзнака захавальнасці — на «выдатна». Зрэшты, некаторыя фермеры, з якімі пагутарыў аўтар гэтых радкоў, наракалі, што «Скарб» ужо састарэў.

Адметна, што ў характарыстыках беларускіх гатункаў ураджайнасць пазначаецца на ўзроўні да 600–700 цэнтнераў з гектара, але ў рэчаіснасці ў сярэднім па краіне атрымліваецца дасягнуць удвая-ўтрая меншай. У тым ліку таму асноўная надзея на фермера як на бізнесоўца, які будзе намагацца мінімізаваць страты і павышаць агратэхнічныя захады дзеля росту прыбыткаў, кажа эканаміст Пётр Мігурскі. Адпаведна, вырасце і валавы збор бульбы ў Беларусі.

Летась фермерамі было сабрана 450 тонаў бульбы — 7,5% ад усёй сабранай бульбы ў краіне. Яшчэ трошкі — і фермерскія гаспадаркі зраўняюцца па аб’ёмах вытворчасці з сельгасарганізацыямі. Ну, а лідарства хіба што назаўжды ці, прынамсі, яшчэ вельмі доўга застанецца за індывідуальнымі прысядзібнымі гаспадаркамі ў вёсках і на лецішчах. Хаця маладыя пакаленні не надта ахвочыя садзіць бульбу — і гэта яшчэ адзін аргумент за тое, што стаўку ў развіцці бульбаводства варта рабіць на фермераў. Увогуле ж у 2019 годзе яны вырасцілі пятую частку ад усяго нацыянальнага аб’ёму гародніны. 10 гадоў таму іх доля была больш як утрая меншай. І гэта пры тым, што на фермерскія гаспадаркі прыпадае толькі 2,5% ад агульнай плошчы сельскагаспадарчых земляў у Беларусі.

І нарэшце: ураджайнасць бульбы ў фермерскіх гаспадарках значна перавышае сярэднюю па Беларусі — 308 ц/га летась супраць 229 ц/га. Цікава, што ў лідарах фермеры Магілёўшчыны — 432 ц/га. Выснова тут відавочная: дайце фермерам зямлю і эканамічную вольніцу са спрыяльным заканадаўствам.


Чаму замежная гародніна бывае таннейшай?

Пётр Мігурскі рэкорднай ураджайнасці ў фермераў сваёй роднай Магілёўскай вобласці не здзіўлены. Па яго словах, тут сапраўды ў шэрагу фермерскіх гаспадарак еўрапейскі ўзровень арганізацыі працы, як вынік — яны маюць высокія паказчыкі ўраджайнасці: «Вось ёсць у нас фермерская гаспадарка “Дзіяна”. Тут збіраюць 50 тысяч тонаў бульбы на год. Калісьці мой калгас на Гомельшчыне, у якім я быў старшынёй, сабраў 12 тысяч тонаў. І я тады думаў, што такі вынік не перабіць. А вось фермерская гаспадарка мае ўраджай амаль у пяць разоў большы!»

«Дзіяна» — адзін з самых буйных вытворцаў бульбы ў Беларусі. Заснавальнік і кіраўнік гаспадаркі непадалёк ад Шклова Уладзімір Маліноўскі, старшыня калгасу за савецкім часам, займаецца прамысловым вырошчваннем бульбы з 1991 года. Заробак тут — лёгка «па пяцьсот» (так, у доларавым эквіваленце). Пра тэхналагічнасць працэсу сведчыць тое, што бульба ў таварным выглядзе можа зберагацца ў сховішчах з адмысловым клімат-кантролем, не прарастаючы, амаль цэлы год. А перабірае бульбу спецыяльны канвеер. Трактары па палях тут ездзяць самі — па камп’ютарных праграмах. За мяжу «Дзіяна» прадае бульбы на некалькі мільёнаў долараў — у асноўным ва Украіну ды Расію. Пры гэтым вырошчваюць у гэтай фермерскай гаспадарцы пакуль што пераважна беларускія гатункі бульбы (дамінуе якраз згаданы намі вышэй «Брыз»), але паступова пераходзяць на замежныя — у прыватнасці, нямецкія.

Вырошчванне бульбы і гародніны — самы папулярны кірунак у беларускіх фермераў (54% ад усяго аб’ёму вырашчанай імі сельгаспрадукцыі). Наступныя па долях — зерне (12%) і садавіна з ягадамі (9%). Але які від гародніны самы перспектыўны? З чаго варта пачынаць фермеру, калі не маеш вопыту, асцерагаешся рызыкаў і не хочаш надта траціцца? Пётр Мігурскі кажа, што не рызыкнуў бы даваць парадаў: «Год на год не прыходзіцца, кан’юнктура ўвесь час мяняецца. Параіш каму-небудзь садзіць памідоры — а тут здарыцца няўдалы дажджлівы год, з нізкімі тэмпературамі, дый фітафтора… Часам увосень набірае ў коштах капуста. Бывае, даражэе раптам бульба». Дарэчы, якраз ураджайная кан’юнктура можа спрычыняцца да таго, што прывазная бульба становіцца больш таннай за беларускую. Умоўна, калі ў Польшчы ўраджай, а ў нас не, то зразумела, дзе будзе вышэй сабекошт вытворчасці — і, адпаведна, цана.

Аднак нярэдка дарагоўля беларускай гародніны ў параўнанні з імпартаванай вызначаецца не толькі ўраджаямі. Істотны фактар — той самы сабекошт, кажа Мігурскі. Сістэма гаспадарання з апірышчам на дзяржаўную ўласнасць робіць прадукцыю даражэйшай мінімум на 25%. Бо такая сістэма непаваротлівая. «Фермер можа лавіраваць коштамі і аператыўна, пры патрэбе, калі нешта ідзе не па яго плане па атрыманні прыбытку, выйсці з праблемнай сітуацыі за кошт гнуткага абарачэння сродкаў», — зазначае эканаміст. То-бок, ён можа і гатовы сёння прадаць змушана па меншай цане, каб грошы былі ў яго на руках і пайшлі далей у абарачэнне. А кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў, калі захочуць падладзіцца пад цэнавую кан’юнктуру рынку, панясуць крымінальную адказнасць. Ну і, натуральна, на сабекошт уплывае тое, што ўмовы вырошчвання, напрыклад, іспанскіх таматаў нельга параўноўваць з кліматычнымі ўмовамі, якія маюцца ў Беларусі. Нарэшце, памідораў у той самай Іспаніі вырабляецца вельмі шмат, і тамтэйшыя вытворцы сноўдаюць па ўсім свеце, шукаюць рынкі збыту і замацоўваюцца на іх у тым ліку праз прапановы нізкіх коштаў.

«Але што заўжды выгадна? — кажа эксперт «Новага Часу». — Гэта вытворчасць бульбы! І ў Беларусі збыт можна знайсці, калі круціцца, і ў Расіі наша бульба вельмі запатрабаваная. І так будзе яшчэ нейкі час, пакуль расіяне яшчэ толькі набіраюць бульбавую моц. Ну і нарэшце — агуркі! Усім вядомы прыклад агуркавікоў у Брэсцкай вобласці. Гуркі адтуль бесперапынна фурамі едуць на Расію».

Сам эканаміст вырошчвае на прысядзібным участку багата ўсяго — бульбу, перац, буракі, моркву, гуркі, памідоры, фасолю, кукурузу і сланечнік. Цяпер для ўласных патрэбаў, але было, што ў час беспрацоўя прадаваў на рынку бульбу і капусту. Разважае пра свойскую гаспадарку кандыдат эканамічных навук так: «Асаблівага эканамічнага сэнсу ў маім прысядзібным участку няма. Але гэта занятасць і задаволенасць працай. Вока радуе!»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: