Ці чакаць дэвальвацыю?

Былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч робіць прагноз адносна таго, ці варта ў бліжэйшы час чакаць дэвальвацыйных працэсаў.


Некаторыя эксперты прагназуюць у наступным годзе дэвальвацыю беларускага рубля, хаця пакуль нацыянальная валюта, пасля паведамлення аб росце цэн на нафту, нават умацавалася ў адносінах да даляра і еўра. Што далей?

— На маю думку, да канца гэтага году пагрозы дэвальвацыі няма, курс захаваецца ў межах 2 рублёў за долар, — лічыць Станіслаў Багданкевіч. — Што датычыцца 2017 года, то будзе шмат фактараў, якія могуць паўплываць на курсаўтварэнне. Напрыклад, калі ніхто не дасць крэдытаў, а трэба будзе аддаваць даўгі, то могуць з’явіцца праблемы з абменным курсам. Але на гэты момант я не бачу вялікіх глыбінных прадпасылак для дэвальвацыі, бо курс вызначаецца попытам і прапановай. Пакуль прапанова па валюце большая, чым попыт, ёсць нават павелічэнне золатавалютных рэзерваў.  

У наступным годзе ўлады, відаць, сур’ёзна вырашылі выйсці на сярэдні заробак у 500 долараў. Гэтыя планы могуць паўплываць на дэвальвацыйныя працэсы?

— Я думаю, улады не пойдуць на тое, каб уключаць друкарскі станок. Сумны досвед ёсць, ведаюць, чым можа закончыцца справа. І сярэдняга заробку ў 500 долараў не будзе — не трэба сябе цешыць ілюзіямі. Зрэшты, можна дасягнуць і гэтай лічбы, калі скарачаць работнікаў на прадпрыемствах і, такім чынам, штучна падвышаць вытворчасць працы. Але ж гэта прывядзе да беспрацоўя, сацыяльнай напружанасці, а гэта ўладам не патрэбна.


Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: