Ці дасягнуў беларускі рубель дна?

Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб прагназуе, што можа далей адбывацца на валютным рынку Беларусі.



Сёння, 23 сакавіка, беларускі рубель працягнуў сваё падзення ў дачыненні да даляра і еўра. На таргах долар ЗША вырас на 8 капеек — да 2,6397 беларускага рубля, а еўра — на 0,0679 да 2,83 рубля. Што далей чакае нацыянальную валюту?

Вадзім Іосуб распавёў у каментары Радыё Рацыя:

— Складана казаць, як далей будуць разгортвацца падзеі, бо працягвае дзейнічаць камбінацыя знешніх і ўнутраных фактараў. Знешнія фактары — гэта каронавірус, сусветны фінансавы крызіс, рост долара да большасці валют развітых краін, падзенне каціровак нафты і дэвальвацыя расійскага рубля.

Унутраныя фактары — рост попыту на валюту з боку і насельніцтва, і прадпрыемстваў з адначасовым падзеннем прапановы.

Для таго, каб прагназаваць далейшыя падзеі, трэба разумець, як у будучым складуцца ўсе элементы гэтага пазлу. Але самыя апошнія навіны даюць надзею. 23 сакавіка ЗША заявілі пра дадатковыя беспрэцыдэнтныя меры па падтрымцы эканомікі. Будзе ўлівацца вельмі шмат грошай у амерыканскую эканоміку, і на гэта даляр адразу адрэагаваў падзеннем да ўсіх сусветных валют, а таксама пачаўся рост кошту нафты. Калі тэндэнцыя працягнецца, то ёсць шанц, што ўжо 24 сакавіка на таргах у Менску даляр пачне зніжацца.

— Ці можа ў Беларусі ўзнікнуць дэфіцыт наяўных еўра і долараў?

— Наконт еўра дакладна сказаць не магу, а вось дэфіцыт долараў ужо дэ-факта ўзнік. На мінулым тыдні многія грамадзяне сутыкнуліся з тым, што не маглі купіць амерыканскую валюту ў абменніках.

Гэта звязана з тэхнічнымі праблемамі — з дастаўкай банкам наяўных даляраў. Праблема заключаецца ў закрыцці межаў, каранціне, які ўвялі многія краіны. І невядома, у якія тэрміны гэтую праблему вырашаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: