Ці хопіць у Лукашэнкі грошай на заробкі рабочым і АМАПу? Хутчэй за ўсё, не

Якія рызыкі для беларускай эканомікі існуюць сёння, што будзе, калі Лукашэка пратрымаецца ва ўладзе, чаго чакаць у бліжэйшай будучыні і што важна для гэтага ведаць.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Падзенне ВУП

Пасля трох гадоў ўмеранага эканамічнага росту рэальны ВУП Беларусі ў 2020 годзе зніжаецца (мінус 1,6% у студзені-ліпені). Па эканоміцы ўдарыла спачатку прыпыненне паставак нафты з Расеі, а затым глабальная пандэмія каронавіруса. Нізкія кошты нафты на фоне пандэміі прывялі да зніжэння коштаў на экспартаваныя Беларуссю нафтапрадукты.

Падзенне беларускага ВУП аказалася абмежаванае з-за спецыфічнага падыходу ўладаў да процідзеяння каранавірусу. "Штучнае падтрыманне вытворчасці на дзяржпрадпрыемствах змякчала негатыўныя мультыплікатыўныя эфекты для эканомікі ў цэлым. <...> Гэтак жа ўскосна-праз падтрыманне ўзроўню занятасці і заробкаў у сектары дзяржпрадпрыемстваў-падтрымліваўся спажывецкі попыт", — адзначае цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC. "Тое, што мы не зачыніліся, выратавала нашу эканоміку" — запэўніваў міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў.

Тым не менш рэйтынгавае агенцтва S&P прагназуе зніжэнне рэальнага ВУП Беларусі па выніках 2020 года на 4%, а іх калегі з Fitch — на 5%. Падтрымліваючы вытворчасць на дзяржпрадпрыемствах, улады пагаршаюць іх фінансавае становішча, а разрыў паміж вытворчасцю і попытам кампаніям прыйдзецца скарачаць у наступныя перыяды, абмяжоўваючы выпуск, папярэджваюць эканамісты BEROC. Таму вялікая верагоднасць адтэрмінаванай і расцягнутай рэцэсіі, канстатуюць яны.

Дэвальвацыя беларускага рубля

З пачатку года курс даляра ЗША да беларускага рубля падняўся на 26%. У тым ліку на 9% - у жніўні. Беларусы асцерагаецца рэзкай дэвальвацыі, таму масава скупляюць замежную валюту. Лукашэнка пры гэтым шукае ворагаў, якія хочуць дэстабілізаваць фінансавы рынак і абяцае не дапусціць абвалу нацыянальнай валюты. Што яшчэ больш падштурхоўвае народ да абменнікаў.

Курс беларускага рубля-плаваючы. Ён зніжаецца паступова пад уплывам попыту і прапановы, Нацбанк Беларусі можа выходзіць на рынак з інтэрвенцыямі, але толькі для згладжвання рэзкіх ваганняў курсу. Беларускі рубель можа яшчэ абясцэніцца, але эканамічныя перадумовы, якія б маглі справакаваць рэзкую дэвальвацыю, адсутнічаюць, лічаць у цэнтры BEROC.

У студзені-ліпені беларусы купілі на чыстай аснове $874 млн замежнай валюты (купля мінус продаж), прадпрыемствы — $ 746 млн, паказваюць дадзеныя Нацбанка Беларусі. Для параўнання: за той жа перыяд у мінулым годзе насельніцтва і бізнэс прадалі на чыстай аснове $804 млн.

Валютны дзярждоўг

Амаль 100% сукупнага дзяржаўнага доўгу Беларусі -- у замежнай валюце: далярах, еўра, расійскіх рублях, кітайскіх юанях. Каля 80% дзярждоўгу прыпадае на даляр, у расійскіх рублях -- каля 5% абавязацельстваў (на канец 2019 года).

Мінфін Беларусі выпускае нават унутраныя аблігацыі ў асноўным у далярах і еўра: 89% унутранага дзярждоўгу Беларусі выказана ў гэтых замежных валютах.

Абясцэненне беларускага рубля да даляра і еўра на фоне зніжэння рэальнага ВУП пры іншых роўных умовах прыводзіць да павелічэння пазыковага цяжару. Растучы дэфіцыт бюджэту змушае беларускі ўрад таксама прыцягваць новыя пазыкі.

На знешніх крэдытораў прыходзіцца 82% дзярждоўгу Беларусі, або $ 18 млрд (на 1 ліпеня 2020 года). Пагашэнне і выплата працэнтаў па знешнім доўгу запатрабуюць ад Мінска $ 2,3 млрд у 2020 годзе і $ 2,8-2,9 млрд у 2021 і 2022 гадах.

На 2020 год праблема выплат па вонкавым абавязку будзе вырашана, калі Расея рэфінансуе беларускі доўг па двухбаковым крэдытах, які заканчваецца ў гэтым годзе. 27 жніўня Лукашэнка заявіў, што Крэмль пагадзіўся рэфінансаваць Менску $1 млрд, далейшыя перамовы будуць весціся на ўзроўні ўрадаў. Яшчэ каля $ 800 млн па знешнім доўгу Беларусь пагасіла ў першым паўгоддзі 2020 года, вынікае з дадзеных беларускага Мінфіна.

Нізкія золатавалютныя рэзервы

Міжнародныя рэзервы Беларусі, якія складаюцца з замежнай валюты і золата, невялікія-менш як $9 млрд на 1 жніўня 2020 года. У тым ліку рэзервовыя актывы ў замежнай валюце складаюць $4,3 млрд, манетарнае золата (якое, па словах Лукашэнкі, захоўваецца выключна ў Беларусі) — $3,1 млрд (астатняе прыпадае на іншыя актывы).

У жніўні рэзервы паменшацца, прызнаў у інтэрв'ю Reuters член праўлення Нацбанка Беларусі Дзмітрый Мурын, паколькі рэгулятар праводзіць валютныя інтэрвенцыі, каб змякчыць падзенне беларускай валюты.

Дэфіцытны бюджэт

У 2020 годзе бюджэт Беларусі будзе выкананы з дэфіцытам ўпершыню з 2013 года. Па выніках года ён можа скласці да 5 млрд беларускіх руб. (каля $ 1,9 млрд па курсе на канец жніўня), паведамляў Мінфін Рэспублікі. "5 млрд беларускіх руб. — гэта істотная сума" — прызнаў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў. Але пакуль гэта не ўяўляе вялікай праблемы, паколькі ў дзяржавы ёсць рэшткі, назапашаныя за прафіцытныя гады.

Сацыяльныя выдаткі дзяржбюджэту, уключаючы адукацыю і ахову здароўя, складаюць 17,5% агульных выдаткаў (бюджэт-2020). Чвэрць гэтых выдаткаў (1,14 млрд беларускіх руб.) — гэта пенсіі ваеннаслужачым і сілавікам, вынікае з дадзеных Мінфіна Беларусі.

Страты з-за расейскай нафты

Беларусь да нядаўняга часу закупляла ў Расіі сырую нафту бяспошлінна (да 24 млн т у год), перапрацоўвала з яе да 18 млн т у год і экспартавала нафтапрадукты, атрымліваючы вывазныя пошліны ў свой бюджэт. Яшчэ 6 млн т расійскай нафты Беларусь мела права рээкспартаваць з залічэннем экспартных пошлін у свой бюджэт (схема перетаможкі). Беларусь таксама здабывае трохі уласнай нафты.

Аднак у першым квартале гэтага года пастаўкі нафты з Расеі былі часткова прыпыненыя праз цэнавую спрэчку (нафта ў Беларусь пастаўлялі толькі кампаніі Міхаіла Гуцэрыева). У выніку ў першым паўгоддзі 2020 года Расея, паводле звестак ФМС, паставіла ў Беларусь усяго 5,2 млн т нафты (супраць 8,6 млн т за той жа перыяд годам раней). Таму Беларусь скараціла экспарт нафтапрадуктаў у тым жа першым паўгоддзі на 43% (да 3 млн т з 5,25 млн т), паводле звестак Белстата.

Нафтавыя кошты цяпер знаходзяцца на нізкім узроўні, што дадаткова зніжае паступленне экспартных пошлін на нафтапрадукты ў беларускі бюджэт, а бяспошлінная зніжка на расейскую нафту для Менска скарачаецца праз падатковы манеўр у нафтавай галіне, які праводзіцца ў Расеі. Нарэшце, у першым квартале Беларусь не экспартавала ўласную нафту з-за прыпынення яе паставак з Расіі.

У выніку, калі ў 2018 годзе бюджэт Беларусі атрымаў 4,1 млрд беларускіх руб. (17% усіх даходаў) ад экспартных пошлін на нафтапрадукты, што вырабляюцца з расейскай нафты, і ператаможкі 6 млн т расейскай сыравіны, то ў 2019 годзе — ужо 3,1 млрд руб. (12,8% даходаў), а ў першым паўгоддзі 2020 года — 0,3 млрд руб. (3,1%). Па выніках 2020 года бюджэт Беларусі недаатрымае да 4 млрд беларускіх рублёў, і палова гэтых страт "звязана з нафтавым рынкам", паведаміў 5 жніўня міністр фінансаў Беларусі.

Разадзьмуты дзяржсектар

Дзяржпрадпрыемствы адыгрываюць вялікую ролю ў эканоміцы Беларусі: на іх долю прыпадае каля 43% усёй занятасці ў краіне і 70% прамысловай вытворчасці. На фоне пандэміі Лукашэнка быў вымушаны падтрымліваць вытворчасць на дзяржпрадпрыемствах насуперак падзенню попыту. Каб падтрымаць занятасць і зарплаты ў дзяржсектары, улады актывізавалі меры фінансавай падтрымкі прадпрыемстваў, уключаючы рэструктурызацыю іх даўгоў і так званыя дырэктыўныя крэдыты, паказвае BEROC. "У канчатковым выніку гэта ўплывае на фінансавую стабільнасць у маштабе краіны, робячы яе ўсё больш далікатнай і пашыраючы яе кропкі ўразлівасці», — папярэджвае цэнтр.

Таму не выключана, што даканца года, калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, для яго востра паўстане пытанне выплаты заробкаў і пенсій. У першую чаргу трэба будзе трымаць заробкі рабочых буйных пардпрыемстваў і сілавікоў. А грошай ужо не будзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: