Ці пачуюць улады бізнесоўцаў?

Вынесенае ў назву пытанне — бадай, ключавое для 18-й Асамблеі дзелавых колаў Беларусі, якая праходзіць у Мінску у першы дзень вясны.

Арганізатарамі форума выступілі Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальнікаў, Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Беларусккі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. Падтрымала мерапрыемства і Міністэрства эканомікі.

Форум атрымаўся прадстаўнічым: прынамсі, у праграме былі заяўленыя выступы міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага, яго намесніцы Ірыны Касткевіч, міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Уладзіміра Калтовіча, старшыні Дзяржкаммаёмасці Андрэя Гаева, і іншых не самага нізкага рангу дзяржслужбоўцаў. А дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтву Мінэканомікі Пётр Арушаньянц нават быў мадэратарам у сесіі пра практычныя аспекты развіцця эканомікі і прадпрымальніцтва.

Але не толькі дзяржчыноўнікі і прадпрымальнікі ўдзельнічалі ў форуме. Даклад быў запланаваны ў эканаміста Яраслава Раманчука, а ў кулуарах быў заўважаны і яго калега Леанід Заіка.

Магчыма, гэта і дало падставы аднаму з арганізатараў Асамблеі, Уладзіміру Карагіну спадзявацца, што размова на форуме пойдзе канкрэтная і прадметная, і скіраваная на вырашэнне прадпрымальніцкіх праблем. Па словах Карагіна, гэтая Асамблея — юбілейная, нягледзячы на тое, што 18-я. Бо першае такое мерапрыемства прайшло амаль роўна чвэрць стагоддзя таму — 1 лютага 1992 года.

«Не кожны год мы дамаўляліся з уладамі, былі пахаладанні, былі пацяпленні, былі адлігі, — зазначыў Карагін, — але сённяшняя Асамблея адрозніваецца тым, што яе падтрымліваюць усе галіны ўлады. Міністэрства эканомікі, дэпартамент па развіцці прадпрымальніцтва нават накіравалі сваіх прадстаўнікоў у нашую рабочую групу па падрыхтоўцы Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі», — зазначыў Карагін.

Па словах Карагіна, задумка Асамблеі ў тым, каб не прадпрымальнікі выслухоўвалі прадстаўнікоў ураду, а каб гэтыя прадстаўнікі распавядалі пра тое, як яны бачаць развіццё бізнесу ў Беларусі, і што яны павінны для гэтага зрабіць. Тым больш, што зараз створана працоўная група па развіцці бізнесу на чале з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. «Працоўная група, якая павінна перапрацаваць заканадаўства, практычна ўся тут», — паведаміў Карагін.

Не можа не радаваць кіраўніка бізнес-структуры і тое, што пэўныя практычныя захады ў паляпшэнні дзелавога клімату ў краіне ўжо здзейсненыя. Гэта, напрыклад, мараторыі на праверкі з боку Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і органаў антыманапольнага рэгулявання. З трохсот санітарных нормаў і правілаў для малога і сярэдняга бізнесу ліквідаваныя 167. «Усё завышанае і непатрэбнае — гэта ж усё адбіваецца на кошце прадуктаў і паслуг. Адсюль яна такая дарагая і неканкурэнтаздольная», — зазначыў Карагін.


Створаная таксама міжведамасная група па выпрацоўцы прапаноў аб дэкрыміналізацыі эканамічных рызыкаў. «Не павінен прадпрымальнік сядзець у турме. Эканамічная сфера поўная рызыкаў. Гэта неабходна ўлічваць у заканадаўстве. І мы бачым, што намер перапрацаваць заканадаўства ёсць сёння ў улады. І мы павінны сказаць, што нам трэба», — сказаў Карагін.

Пры гэтым Карагін дадаў, што зараз ідзе тая праца, якую прадпрымальніцкія структуры і саюзы прапаноўвалі зрабіць 10 год таму. Такім чынам, калі моцна і доўга грукацца ў дзверы, хто-небудзь калі-небудзь цябе і пачуе.

Сённяшні праект платформы бізнеса Беларусі ўключае 86 пунктаў, кожны з якіх, па словах Карагіна «працуе на бізнес». У платформу ўключаныя пытанні па рэгуляванні бізнесу, па даверным кіраванні прадпрыемствамі («Мы прапануем мадэль беларускай прыватызацыі, стварэння беларускага слоя прыватнай прамысловасці» — патлумачыў Карагін), шмат пытанняў па інфраструктуры прадпрымальніцтва, і дзейнасці банкаўскага сектару.

Але, як зазначыў кіраўнік бізнес-саюзу, «платформу трэба рэалізаваць — паразмаўляць пра гэта мала».

А вос з гэтым усё ж праблемы будуць. Выступаючы перад журналістамі разам з Карагіным ужо згаданы дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтву Мінэканомікі Пётр Арушаньянц зазначыў, што «справа не ў праверках бізнесу, справа ў заканадаўстве». «Недзе яно забюракратызаванае, недзе патрабаванняў зашмат, недзе яно незразумелае. Калі нам тут удасца змяніць, найперш, заканадаўства, зрабіць яго больш простым і больш зразумелым, гэта аўтаматычна адаб’ецца і на праверках. Тады і праводзіць праверкі будзе без неабходнасці. Праца па спрашчэнні заканадаўства, і адпаведна, па скарачэнні праверачнага ціску, зараз вядзецца», — адзначыў ён.

На сёння, як паведаміў Арушаньянц, вядзецца комплексная праца па спрашчэнні заканадаўства ў галіне ўмоваў вядзення бізнесу. «Кожнае ведамства, кожнае міністэрства ў супрацоўніцтве з прадпрымальніцкімі структурамі праводзіць своеасаблівую інвентарызацыю заканадаўства ў частцы яго спрашчэння, скарачэння, і стварэння ўмоваў, больш зразумелых і найбольш прывабных для развіцця бізнесу», — сказаў прадстаўнік Мінэканомікі.

Нягледзячы на аптымізм як прадстаўнікоў улады, так і бізнес-колаў, паднятыя пытанні выклікаюць усё ж пэўны скепсіс. Калі пытанне ў заканадаўстве, то арганізатары форуму памыліліся мэтавай групай. На мерапрыемства трэба было запрашаць не прадстаўнікоў ураду, а дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, і Савета рэспублікі, якія і прымаюць змены ў заканадаўстве. А таксама каго-небудзь з Цэнтра законапраектнай дзейнасці Адміністрацыі прэзідэнта, які дэпутатам гэтыя законапраекты спускае.

Але сам сённяшні фармат Асамблеі дае падставы для таго самага аптымізму. Можа быць, у выніку гэтага мерапрыемства колькасць прыхільнікаў рэформаў у беларускай уладзе павялічыцца. Асабліва калі яны даведаюцца, што страшнага ў гэтых рэформах нічога няма.

Можа быць, бізнес-асацыяцыі і прадпрымальніцкія саюзы ў чарговы раз да чаго-небудзь дагрукаюцца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: