Ці рызыкне Лукашэнка ўмешвацца ў палітыку Нацбанка?

Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 20 лістапада знізілася з 9,5% да 9% гадавых, стаўка па крэдыце овернайт — з 10,75% да 10% гадавых, стаўка па дэпазіце овернайт — з 8,25% да 8% гадавых. Ці надоўга?
На думку доктара эканамічных навук прафесара Барыса Жалібы, пытанне стаўкі рэфінансавання вельмі важнае для беларускай эканомікі і яе суб’ектаў.

— Стаўку рэфінансавання адсочваюць многія банкі і работнікі вытворчасці. Сама па сабе яна паказвае фармальна, пад які працэнт Нацбанк гатовы крэдытаваць камерцыйныя банкі ў выпадку недахопу ў іх рэсурсаў, якія яны потым выдаюць у якасці крэдытаў прадпрыемствам. Гэта свайго роду сігнал банкам змяніць свае крэдытныя і дэпазітныя працэнтныя стаўкі ў бок зніжэння прыкладна на тыя ж паўпрацэнта. Тут выйграюць прадпрыемствы, якія будуць атрымліваць больш танныя крэдыты, і гэта дасць магчымасць ім лепш развівацца.

— Хто ад гэтага прайграе?

— Укладчыкі, таму што многія дэпазіты зменяцца, і ў іх будзе менш даходаў. Але ёсць такая ўмова, што стаўка рэфінансавання павінна быць вышэй інфляцыі. У нас сёння інфляцыя ў межах 6%, таму ў Нацбанка ёсць рэзерв, куды стаўку зніжаць далей. Зніжаць яе ўшчыльную не варта — гэта пагражаць інфляцыяй. Калі будзе шмат танных крэдытаў, а крэдытаванне — гэта эмісія безнаяўных грошай, якія з’яўляюцца асноўнымі ў звароце, гэта і можа прывесці да скачка інфляцыі. Але спецыялісты Нацбанка узважваюць ўсе «за» і «супраць» і прымаюць такое калектыўнае рашэнне: пакуль ёсць яшчэ рэзерв знізіць стаўку рэфінансавання, яны зніжаюць, каб надаць імпульс росту нашай эканомікі. Паколькі ўрад закладвае заданне па росце ВУП у 4%, а рост ВУП за 10 месяцаў гэтага года пакуль складае каля 1,1%, Нацбанк хоча крыху дапамагчы ўраду павялічыць тэмп росту гэтага паказчыка.

— Як доўга Нацбанк у стане дапамагаць ураду і зніжаць стаўку рэфінансавання?

— Давайце зоймемся арыфметыкай. Калі цяпер стаўка рэфінансавання складае 9%, а інфляцыя 6%, то тэарэтычна Нацбанк можа змяншаць стаўку, набліжаючыся да 6%. Але наўрад ці ён стане гэта рабіць, таму што зноў жа ўзнікае рызыка ўсплёску інфляцыі, паколькі калі шмат крэдытаў, шмат грошай, то адсюль будзе і рост коштаў. Тут патрэбна скаардынаваная палітыка ўрада і Нацбанка з мэтай знайсці «залатую сярэдзіну», каб не было інфляцыі і каб неяк падтрымаць эканоміку.

Зараз Нацбанк пераглядае працэнтную палітыку раз у некалькі месяцаў, і калі ў эканоміцы будзе ўсё нармальна, то, магчыма, праз два-тры месяцы рэгулятар яшчэ раз скіне паўпрацэнта стаўкі для гэтых жа мэтаў.

— Як вы ацэньваеце той факт, што ў некаторых заходніх краінах стаўкі рэфінансавання або нулявыя, ці нават адмоўныя?

— Нам бы іх праблемы. Справа ў тым, што ў іх нізкая інфляцыя — не больш за 1-2% у развітых краінах, і ў іх інфляцыя часам ператвараецца ў дэфляцыю, калі цэны пачынаюць зніжацца. Гэта нявыгадна прадпрыемствам, паколькі яны губляюць у прыбытку, губляюць магчымасці рабіць назапашванні, інвестыцыі. У такіх выпадках цэнтрабанкі могуць зніжаць да нуля стаўкі рэфінансавання, каб падкінуць у эканоміку грошай і ажывіць рост вытворчасці.

— Ці магчымая сітуацыя, калі інфляцыя ў Беларусі зноў пачне расці, і стаўка рэфінансавання — падвышацца?

— Калі Белстат пакажа, што інфляцыя устойліва перавышае 6%, а ў бягучым годзе ў траўні гэта ўжо адбывалася, то Нацбанк можа распачаць адваротнае дзеянне і павысіць стаўку рэфінансавання.

— Наколькі самастойны беларускі рэгулятар у прыняцці рашэнняў па стаўцы рэфінансавання?

— Трэба пажадаць, каб незалежнасць Нацбанка засталася па-за залежнасцю ад палітычнай сітуацыі ў нашай краіне, а менавіта з гэтай умовай жывуць усе развітыя эканомікі.

— Ці можа Лукашэнка перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года перакрэсліць гэтыя правілы і пачаць прэсінгаваць Нацыянальны банк Беларусі?

— Цяпер людзі ўжо больш-менш фінансава пісьменныя, насельніцтва бачыць, што Нацбанку ўдалося стабілізаваць валютныя курсы, паменшыць інфляцыю да адназначнай лічбы. І калі нейкі палітык выйдзе з абяцаннем накіраваць грашова-крэдытную палітыку ў сацыяльнае рэчышча, каб былі высокія зарплаты, каб усім хапала крэдытаў, то гэта будзе расцэньвацца як левы папулізм, і за яго наўрад ці будуць галасаваць.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: