Ці шмат чытаюць беларусы? (інфаграфіка)

Большасць беларусаў купляе літаратуру з-за любові да чытання (57%), хоць ёсць і тыя, хто ўсё яшчэ лічыць, што кніга — лепшы падарунак. Толькі 15% апытаных згодныя, што кнігі ў Беларусі недарагія. У Міжнародны Дзень кнігі і аўтарскага права прапануем цікавыя факты пра кніжны шопінг у Беларусі.
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Пасля вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання кніга заставалася ці ледзь не самай галоўнай крыніцай інфармацыі аб навакольным свеце. Адносна нядаўна першынство ў гэтай сферы перайшло да інтэрнэта, аднак кнігі па-ранейшаму застаюцца крыніцай не толькі ведаў, але і ідэй.

23 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень кнігі і аўтарскага права. З гэтай нагоды аналітыкі Picodi.com высветлілі, дзе, калі і навошта беларусы купляюць кнігі, якія літаратурныя жанры карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў краіне і свеце, а таксама як ставяцца чытачы да свабоднага (але не заўсёды легальнага) доступа да твораў літаратурнай творчасці.

Рыхтуй кнігу восенню

Найбольшая анлайн-цікавасць да кніг на працягу года адзначана ў лістападзе і снежні (па 15%). Гэта можа быць звязана з правядзеннем восеньскіх і пераднавагодніх распродажаў. Хаця непасрэдна ў «Чорную пятніцу» кнігі не карыстаюцца вялікім попытам. А вось вясной і летам цікавасць да іх зніжаецца. У адрозненне ад Расіі, у Беларусі кнігам не ўдалося атрымаць статус аднаго з самых прадаваных тавараў 2018 года.



Блогеры і зніжкі заахвочваюць пакупнікоў

Як паказала дасследаванне Picodi.com, часцей за ўсё беларусы кнігі менавіта купляюць (гэты адказ выбралі 62% рэспандэнтаў). Тым не менш ёсць і тыя, хто перыядычна ходзіць у бібліятэкі (15%) або бяруць што-небудзь пачытаць у сяброў (7%). 16% апытаных не змаглі пахваліцца тым, што шмат чытаюць або цікавяцца кнігамі. І ўсё ж агульная статыстыка не выглядае безнадзейна: 58% мужчын і 66% жанчын пацвердзілі, што за апошні год купілі хаця б адну кнігу. Менавіта людзей з такім досведам распыталі, якому фармату кніг яны аддаюць перавагу і ці лічаць, што кніжны рынак у Беларусі адпавядае іх інтарэсам.

Сярод рэспандэнтаў аказалася вельмі няшмат аматараў аўдыёкніг. Найбольшай цікавасцю ўсё яшчэ карыстаюцца друкаваныя кнігі, пры гэтым у 79% апытаных быў досвед пакупкі кніг у інтэрнэт-крамах, а ў 64% — у стацыянарных кніжных.

Толькі 4% адзначылі, што карыстаюцца мабільнай праграмай кшталту анлайн бібліятэк, з дапамогай якіх не трэба купляць кожную кнігу асобна. Штомесячная падпіска дае магчымасць чытаць не толькі ўжо вядомыя класічныя творы, але і навінкі; там жа можна слухаць і аудыёбукі.

Ёсць і тыя, хто паказаў, што перыядычна шукаюць электронныя кнігі ў вольным доступе, аднак яны не ўдакладнілі, наколькі легальныя гэтыя крыніцы.

Часцей за ўсё беларусы купляюць кнігі ў сувязі з уласным жаданнем што-небудзь пачытаць (57% удзельнікаў апытання выбралі гэты варыянт). Добра стымулююць продажы вынікі літаратурных прэмій (14%), парады знаёмых (36%) або экранныя адаптацыі твораў (14%). У медыйным свеце важную ролю маюць і маркетынгавыя хітрыкі, сярод якіх агляды кніжных блогераў або значныя зніжкі на літаратуру ў крамах: 29% і 37% рэспандэнтаў адпаведна пазначылі гэтыя каналы як стымулюючыя да здзяйснення пакупкі. Гэта вельмі важны паказчык, паколькі 11% рэспандэнтаў з Беларусі лічаць, што цэны на кнігі занадта высокія, пры гэтым 43% лічаць, што можна змірыцца з цэнавай палітыкай выдавецтваў і кнігарняў. Толькі 15% апытаных лічаць, што кнігі ў Беларусі недарагія.

Большасць беларусаў купляе літаратуру з-за любові да чытання (57%), хоць ёсць і тыя, хто ўсё яшчэ лічыць, што кніга — лепшы падарунак (15%). 20% паказалі, што кнігі ім патрэбныя для працы ці вучобы, а 8% з дапамогай кніжнага шопінгу змагаюцца са стрэсам (пытанне «ці чытаеце вы набытыя кнігі» даследчыкі задаць не адважыліся).


Драма, трылер, дэтэктыў?

У 79% апытаных найбольшую цікавасць выклікае мастацкая літаратура. Больш за 20% беларусаў адзначылі, што іх таксама цікавіць дакументальная проза, навукова-папулярная і дзелавая літаратура.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што менавіта мастацкая літаратура так папулярная. Роскід жанраў і напрамкі дазваляе чытачам ва ўсім свеце падабраць штосьці на свой густ. У беларускім топ-5 апынуліся сучасны раман, трылеры, дэтэктывы, гістарычная проза і класічная літаратура. Найменшую цікавасць выклікае паэзія і любоўны раман. У пяцёрку самых папулярных жанраў у свеце трапілі таксама фантастыка, фэнтэзі і прыгодніцкая літаратура.

Амаль усе беларусы (93%) падкрэсліваюць, што задаволеныя асартыментам і лічаць, што выдавецтвы друкуюць дастатковую колькасць цікавага і неабходнага матэрыялу.

Дзе жывуць найбольшыя аматары кнігі

Гэтае апытанне не ставіла на мэце вызначыць самую чытаючую нацыю, затое Picodi.com можа назваць самую шчодрую на кніжныя выдаткі краіну свету. У першай тройцы апынуліся Турцыя, Расія і Іспанія.


Апытанне праводзілася ў сакавіку 2019 года сярод 7800 рэспандэнтаў з Еўропы, Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі і Аўстраліі. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!