Ці ўтрымаюцца грошы ў ссінелых пальцах?

Аптымістычных навін для ўлады няма. Затое песімізму — хоць адбаўляй. Таму што няма чаго было прыніжаць, збіваць і здзекавацца з уласнага народа.
Адна з галоўных навін тыдня — усе дацкія інвестфонды, а таксама пенсійны фонд гэтай краіны вырашылі пазбавіцца беларускіх еўрааблігацый. Прычым продаж аблігацый быў наўпрост звязаны з палітычнай сітуацыяй у Беларусі.

У Даніі чатыры інвестфонды, і толькі адзін з іх, «Nordea», меў беларускіх аблігацый на 30 мільёнаў долараў. Агулам эксперты кажуць, што Данія пазбавілася беларускіх каштоўных папер мінімум на 50 мільёнаў долараў.
Шмат гэта ці не? У чэрвені мінулага года Сінявокая размясціла два пакеты еўрабондаў: «Беларусь–2026» на 500 мільёнаў долараў ЗША і «Беларусь–2031» на 750 мільёнаў долараў ЗША. Такім чынам, «дацкі пакет» — гэта дзясятая частка ад еўрабондаў–2026.

На гэтым справа не спынілася. Згодна з паведамленнем Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), «Raiffeisen Bank International AG», які быў адным з эмітэнтаў еўрабондаў Сінявокай, пагадзіўся правесці з НАУ перамовы па пытанні размяшчэння каштоўных папер. Адно з пытанняў перамоў: прызнанне «Райфайзенам» таго, што выпуск еўрааблігацый «Беларусь–2026» і «Беларусь–2031» быў неправамерны і не павінен быў адбыцца.

У гэтым выпадку ў інвестараў з’яўляецца падстава патрабаваць датэрміновага пагашэння аблігацый. А гэта — 1,2 мільярда долараў ЗША агулам. Калі НАУ усё ж даможацца свайго, гэта будзе вельмі моцны ўдар па фінансавай сістэме ўлады.

Яшчэ два тыдні таму нават разгляд такога патрабавання быў з вобласці фантастыкі: палітыка — палітыкай, а інвестыцыі — інвестыцыямі. Аднак на мінулым тыдні выйшаў фільм Сцяпана Пуцілы «Залатое дно» пра тое, чым распараджаецца ў Беларусі «галоўны алігарх» і «незмывальны кіраўнік». За тыдзень відэа набрала пяць мільёнаў праглядаў. У прынцыпе, для чалавека, які «варыцца» ў палітыцы і супраціве, там асабліва нічога новага няма: 13 рэзідэнцый, залатыя ўнітазы, два персанальныя самалёты, шыкоўныя «Тэслы» ды «Майбахі», гадзіннікі «Patek Philippe» за шалёныя грошы… Але, па-першае, гэта ўсё ўпершыню было сабрана «пад адной абалонкай», а па-другое, калі верыць Пуцілу, на гэтыя статусныя цацкі ішлі грошы, атрыманыя Беларуссю з фондаў ЕС нібыта на «развіццё эканомікі».

У Еўрасаюзе ўжо заклапаціліся тым, што іх рэсурсы пайшлі не на развіццё краіны, а на персанальнае ўзбагачэнне яе пакуль што кіраўніка. Дэпутатка Еўрапарламента ад нямецкіх «Зялёных», сябра камітэта кантролю за бюджэтам Віёла фон Краман заявіла, што «такога не павінна быць, каб сродкі ЕС выкарыстоўваліся для асабістага ўзбагачэння», і паабяцала ініцыяваць у парламенце ЕС адпаведную праверку. Калі высветліцца, што Пуціла мае рацыю, Брусель можа запатрабаваць вяртання выдадзеных грошай.

А калі высветліцца, што інвестыцыі з еўрабондаў таксама пайшлі на персанальнае ўзбагачэнне? Вартасць беларускіх еўрааблігацый скоціцца да плінтусу, і вось тут «Raiffeisen Bank» давядзецца чухаць патыліцу: эмітэнтам чаго (ці каго) ён выступаў?

Але і гэта не самае кепскае. Канешне, грошы — тое, без чаго бізнес-свет немагчымы. Але даражэй за грошы ў гэтым свеце рэпутацыя. Беларусь раней атрымлівала крэдыты і магла размяшчаць тыя самыя еўрабонды менавіта таму, што ў краіны была рэпутацыя: яна заўсёды расплачвалася па сваіх пазыках. Цяпер — на фоне праверкі ЕС, пазбаўлення фондаў ад каштоўных папер, магчымых праблем з еўрабондамі і «антыкарупцыйным» фільмам — мець справу з рэжымам будзе толькі вельмі рызыкоўны інвестар. А такіх у свеце знойдзецца няшмат.

Таксама на тыдні на «Беларуськалій» прыляцела дэлегацыя кампаніі «Yara». Той самай кампаніі, якая з’яўляецца найбуйнейшым пакупніком калію ў свеце і мае кантракты з беларускім прадпрыемствам. Але ў той жа час выказвае занепакоенасць правамі працоўных і ўмовамі іх працы.

Страйкам «Беларуськалія» паведаміў, што «абследаванне» прадстаўнікамі нарвежскай кампаніі стану працоўных месцаў было на ўзроўні «пацёмкінскай вёскі». Адміністрацыя завода прыцягнула да ўборкі і навядзення парадку ў памяшканнях нават клінінгавыя кампаніі! Аднак высновы інспекцыя пакуль што не зрабіла. Таму што, каб зрабіць высновы, трэба было наведваць не прадпрыемства, а турмы, дзе ў той час сядзелі страйкамаўцы «Беларуськалія».

Не дзіва, што ў такіх умовах «Беларуськалій» дэмпінгуе на рынку ўгнаенняў. Набываць яго прадукцыю па рэальным кошце ніхто не будзе. Дый нават са зніжкамі — ёсць пытанні. У той жа «Yara», напрыклад. І кошт гэтага пытання — 1,8 мільярда долараў.

Канешне, усё «замежнае» — ціск, адмова ад еўрабондаў — было б немагчыма без працягу ўнутранага пратэсту. Раніцай 13 сакавіка міліцыя затрымала чатырох мінчанак, якія, паводле іх інфармацыі, мелі намер развесіць улёткі ў падтрымку палітвязняў. Суд без разгляду накіраваў пратаколы на дапрацоўку.

У Мінску падчас святкавання Масленіцы ў нядзелю былі затрыманыя мінімум пяць чалавек. Што яны рабілі, невядома, аднак судзілі іх за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі.

Кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі звярнуўся да рабочых і прадстаўнікоў іншых прафесій з заклікам не выходзіць на працу з 25 сакавіка. Дылеўскі спадзяецца, што масавы страйк гэтым разам будзе больш удалым, чым спроба 26 кастрычніка. Бо, на яго думку, трываць ціск і знявагу сваіх правоў ужо нельга.

Як адгукнуцца працоўныя, невядома. Персанальна ў мяне няма аптымізму адносна іх мужнасці. Але, тым не менш, ім проста трэба ведаць і ўлічваць адну навіну.

Малдова абагнала Беларусь па заробках. Яшчэ ў 2018 годзе сярэдні заробак у Беларусі быў 420 долараў, у Малдове — 245, ва Украіне — 180. Цяпер у Малдове сярэдні заробак 520 долараў у рэальным сектары напрыканцы 2020 года, у Беларусі — 503 долары. Ва Украіне сярэдні заробак набліжаецца да беларускага — 444 долары. Але ж ва Украіне ідзе вайна!

Ці варта працаваць, каб жыць у галечы? Можа, усё ж такі набрацца мужнасці і нешта змяніць?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: