Ці захопіць Расія прамысловыя актывы Беларусі падчас крызісу

На хвалі мірных пратэстаў і жорсткіх рэпрэсій у Беларусі Расія прыкладае асаблівыя намаганні, каб цвёрда замацаваць свайго шматгадовага саюзніка на сваёй арбіце, цытуе аглядальніка RFE/RL Тоні Весалоўскага Свабода.


І ў выпадку поспеху Масквы больш пільны кантроль над Беларуссю можа прынесці ёй прамысловыя актывы Беларусі, у якой даўно дзейнічае эканоміка савецкага тыпу з расійскімі субсідыямі.

У выніку перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам пасля выбараў 9 жніўня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паабяцаў яму выратавальны круг у выглядзе пазыкі 1,5 мільярда долараў.

Пакуль невядома, чым Лукашэнка будзе займацца пасля зыходу з пасады. Але яго праціўнікі асцерагаюцца, што ён можа здаць суверэнітэт краіны наўзамен на падтрымку Расіі. І аналітыкі сцвярджаюць, што Масква можа мець інтарэс да шэрагу беларускіх кампаній.

«Усе звяртаюць увагу на гэтыя 1,5 мільярда долараў, хаця варта гаварыць пра тое, пра што мы не даведаліся», — пра змест і вынікі перамоваў у Сочы кажа старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру Леў Львоўскі.

Напярэдадні гэтых перамоваў, кажа Львоўскі, «чаканні экспертаў былі прыблізна такімі: рэфінансаванне на мільярд плюс продаж некаторых беларускіх актываў за значна большыя грошы».

«Ці абмяркоўвалася гэта і якія вынікі гэтага абмеркавання, мы не ведаем», — сказаў ён «Настоящему времени».

Паводле Львоўскага, калі Пуцін націсне на Лукашэнку, у яго не будзе вялікага выбару, улічваючы залежнасць беларускай эканомікі ад расійскіх энергетыкі і капіталу.

«Доўгі час мы маглі б пакрываць неэфэктыўнасьць нашай эканомікі коштам розных субсідый, коштам імпарту ў Беларусь расійскай нафты па зніжаных цэнах, і, такім чынам, гэтая маржа магла б пайсці ў беларускі бюджэт», — кажа беларускі экспарт. — У многіх беларускіх банках есць расійскі капітал. Таму, вядома, залежнасць даволі сур’ёзная«.

Эканоміка Беларусі ўжо знаходзілася ў цяжкім становішчы да 9 жніўня, што зрабіла яе яшчэ больш уразлівай.

Паводле Сусветнага банку, Беларусь можа атрымаць «моцны ўдар» у выніку пандэміі каранавірусу, якую Лукашэнка адмаўляў як «масавы псіхоз», адмаўляючыся ўводзіць строгія каранцінныя абмежаванні.

Дрэнны ўлоў?

Але некаторыя аналітыкі сцвярджаюць, што многія беларускія кампаніі не такія і прывабныя.

«Эканамічныя паказчыкі большасці гэтых кампаній дрэнныя, таму яны маюць значныя даўгі і пастаянна субсыдуюцца ўрадам», — мяркуе Ганна Барабан, беларуская журналістка і аналітык. — Гэта дапамагае ім выжыць, але гэтых сродкаў недастаткова для належнага абнаўлення вытворчых фондаў, — таму многія кампаніі па-ранейшаму выкарыстоўваюць старыя тэхналогіі савецкага часу«.

Акрамя таго, кажа Барабан, паслявыбарчы крызіс дадае да іх праблем, напрыклад, забастоўкі на дзяржаўных гігантах, такіх як Мінскі трактарны завод, здабытчык калійнай солі і вытворца калійных угнаенняў «Беларуськалій», альбо вытворца азотных угнаенняў «Гродна Азот».

«Для Крамля існуюць больш танныя і эфектыўныя спосабы скарыстацца слабай пазіцыяй Лукашэнкі, чым купляць стратныя і састарэлыя дзяржаўныя прадпрыемствы», — сказала яна.

Але, нягледзячы на такія відавочныя недахопы, некаторыя беларускія кампаніі таксама маюць перавагі, такія як Мазырскі НПЗ і НПЗ «Нафтан» у Наваполацку, «Беларуськалій» і «Гродна Азот».

Разам на чатыры кампаніі прыпадае дзве траціны экспарту Беларусі на Захад, кажа Андэрс Ослунд, старшы навуковы супрацоўнік Вашынгтонскага аналітычнага цэнтра Атлантычнай рады.

Новыя і новыя спробы

Спробы буйных расійскіх кампаній атрымаць кантроль над вядучымі прамысловымі актывамі Беларусі, якія адбыліся амаль дзесяць гадоў таму, мелі «толькі частковы поспех», піша Ослунд у сваім блогу 7 верасня.

У 2011 годзе «Газпром» набыў беларускую газавую кампанію і палову магістральнага газаправоду, якім ён яшчэ не валодаў. «Слаўнафта», якая кантралюецца расійскай дзяржаўнай «Раснафтай», набыла 42,5 працэнта Мазырскага НПЗ.

Расійскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, яшчэ адзін важны гулец беларускай нафтаперапрацоўчай галіны, займаецца НПЗ «Нафтан». У той жа час тры расійскія дзяржаўныя банкі, Ашчадбанк, Банк ВТБ і Газпрамбанк, адыгрываюць вырашальную ролю ў беларускай банкаўскай сістэме. Усе трое знаходзяцца пад санкцыямі ЗША», — напісаў ён.

Назіральнікі адзначаюць, што расійскі калійны гігант «Уралкалій» даўно хацеў набыць «Беларуськалій» — аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійных угнаенняў.

У 2012 годзе Лукашэнка заявіў, што неназваныя «маскоўскія алігархі» прапанавалі яму адкат 5 мільярдаў долараў, калі ён пагодзіцца прадаць ім «Беларуськалій» за 10 мільярдаў долараў.

Цяпер «Уралкалій» кантралюецца Сулейманам Керымавым, які ў красавіку 2018 года патрапіў пад санкцыі Мінфіна ЗША, якія, паводле амерыканскіх чыноўнікаў, былі накіраваны на звязаных з Крамлём алігархаў.

Паводле рэйтынгавай кампаніі FitchRatings, асноўным экспартным рынкам «Беларуськалія» зьяўляецца Кітай, хаця ён «мае значную прысутнасць на рынках усіх асноўных спажыўцоў калію, асабліва ў Індыі, Еўропе і Паўднёва-Усходняй Азіі».

FitchRatings таксама прагназуе скарачэнне экспарту «Беларуськалія» праз забастоўкі, якое можа прывесці да павышэння цэн на солі калія ва ўсім свеце — гэта падкрэслівае ролю беларускай кампаніі на гэтым рынку.

«Непапулярны» продаж?

Паводле Ослунда, «Гродна Азот», чацвёртая па велічыні экспартная кампанія ў Беларусі, прыцягнула ўвагу расійскага магната, які нарадзіўся ў Беларусі, Дзмітрыя Мазепіна, які, як паведамляецца, набліжаны ад Керымава.

Але незразумела, ці даў Лукашэнка ўжо нейкія цвёрдыя абяцанні Пуціну наконт продажу некаторых беларускіх дзяржаўных кампаній.

Але калі такое пагадненне сапраўды будзе заключана, гэта, хутчэй за ўсё, будзе толькі кароткатэрміновым рашэннем Лукашэнкі падчас цяперашняга крызісу, лічыць Львоўскі.

Аднак, дадае ён, любы продаж беларускіх прадпрыемстваў у Расію будзе дрэнна прыняты многімі беларусамі, якія і без таго незадаволеныя роляй Пуціна ў крызісе.

«Не выключана, што эканамічная будучыня цяперашняга ўраду будзе залежаць ад гэтага патэнцыяльнага продажу, а можа нават і ад палітычнага. З аднаго боку, гэта дазволіць прывезьці ў краіну любыя жывыя грошы, — сказаў беларускі эксперт. — З іншага боку, такія продажы, верагодна, будуць непапулярныя сярод людзей».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: