Цяжкая ноша «Беллегпраму»

Лёгкая прамысловасць — лідар па стратных прадпрыемствах у Беларусі, хаця апошнімі гадамі дзяржава ўклала сюды каля 1 мільярда долараў. Падтрымка на будучыя гады нікуды не падзенецца, але рэгулярныя просьбы-скаргі канцэрна «Беллегпрам» ускладніць умовы працы для канкурэнтаў урад успрымае дастаткова прахалодна. У адказ гучыць настойлівая рэкамендацыя ўключаць больш плённыя бізнес-стратэгіі.

Віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, які курыруе ва ўрадзе працу «Беллегпраму», звяртаў увагу на «эфектыўнасць сістэмы кіравання» — у прыватнасці, на «неабходнасць аптымізацыі матэрыяльных і працоўных выдаткаў». У якасці кароткатэрміновай задачы запатрабавана да канца года разгрузіць вялізныя складскія запасы, якія замарожваюць абаротныя сродкі прадпрыемстваў. Гэта галаўны боль ужо новага старшыні канцэрна — Таццяны Лугіной, якая заступіла на гэтую пасаду замест звольненага ў сакавіку Мікалая Яфімчыка. Той ачоліў канцэрн у 2014 годзе, прыйшоўшы з пасады гендырэктара салігорскай «Купалінкі». У адстаўку Яфімчык пайшоў у сувязі са сканчэннем кантракту. А вось яго папярэднік Міхаіл Сучкоў стаў фігурантам крымінальнай справы і быў асуджаны за карупцыю да 10 гадоў зняволення. Яго абвінавацілі ў намеры атрымаць мільён еўра хабару за лабіяванне інтарэсаў адной з кампаніяй падчас тэндару. Сам экс-дырэктар «Беллегпраму» сваю віну адпрэчваў.


Заробак гарошкам і рыбай

Лугіна да пераезду ў Мінск кіравала пінскім прамыслова-гандлёвым аб’яднаннем «Палессе», якое спецыялізуецца на вырабе верхняй трыкатажнай вопраткі і воўны. Цікава, што на гэтай фабрыцы працавалі і яе бацькі, а сама яна зрабіла там кар’еру ад канструктара адзення і да гендырэктара. Калі яна ачоліла «Палессе», прадпрыемству пагражала банкруцтва. Лугіной удалося пазбегнуць гэтай працэдуры. Плошчы, што пуставалі, здалі ў арэнду, склады разгрузілі, прадаючы тавар са зніжкамі, заняліся шыццём школьнай формы — у тым ліку на Расію, гандлёвую марку пачалі прасоўваць праз інтэрнэт. Былі і вымушаныя непапулярныя дзеянні, каб прадпрыемства не патанула. Здарыўся нават скандал, калі працаўнікі паскардзіліся ў сталіцу, што пэўны час заробак часткова выдаваўся ручнікамі і харчамі (рыбай, цукрам, зялёным гарошкам). Праз бартэр вырашалася праблема з запазычанасцю з боку прадпрыемстваў спажыўкааперацыі. Але ці ўдасца такім жа чынам ажывіць усю галіну?

Новае кіраўніцтва канцэрна і прадпрыемстваў, якія ў яго ўваходзяць, наважаныя заняцца грунтоўнай распрацоўкай бізнес-планаў з улікам разнастайнай канкурэнцыі, развіццём прасунутых маркетынгавых інструментаў, дызайнерскім удасканаленнем і іміджавым пазіцыянаваннем «Купляйце беларускае» з акцэнтам на маладых пакупнікоў. Бо сапраўды: часцяком бывае, што якасць рэчаў добрая, але іх продажная прэзентацыя і фасоністасць кульгаюць. Уласна, задачы «Беллегпраму» і ёсць шматфункцыянальныя паводле яго поўнай назвы — Беларускі дзяржаўны канцэрн па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці. Як і асноўнай мэтай абвешчана «максімальнае задавальненне запытаў спажыўцоў на якасныя і модныя тавары ў шырокім асартыменце і па даступных коштах, павышэнне канкурэнтаздольнасці галіны і яе іміджу».

Адзін з бізнес-захадаў, які ўжо здзейсніў «Беллегпрам» у канкурэнтнай барацьбе, тычыцца палёгкаў для індывідуальных прадпрымальнікаў, што гандлююць адзеннем. Прадпрыемствам, якія ўваходзяць у канцэрн, рэкамендавана павялічыць час адтэрміновак плацяжоў для ІП — каб тыя маглі разлічвацца за ўзяты тавар па яго рэалізацыі. Нават цягам паўгода. Але гэта менавіта рэкамендацыя, а не рашэнне па канцэрне. Бо пытанне складанае: прадпрыемствам трэба штомесяц разлічвацца па крэдытах. Таксама ІП просяць, каб можна было браць на фабрыках больш дробныя партыі тавараў.

Вядомая «ажыўляльная» мера — продаж акцыяў прадпрыемстваў інвестарам. Напрыклад, улетку выстаўленыя на продаж амаль 85% акцыяў згаданай вышэй салігорскай «Купалінкі». Пры гэтым ад інвестара-пакупніка хочуць унёску ў статутны фонд 10 мільёнаў рублёў, стварэння не меней 40 працоўных месцаў, захавання гандлёвай маркі, росту аб’ёмаў вытворчасці ў грашовым вымярэнні на 20%.

Іншымі ідэямі па развіцці галіны кіраўніца «Беллегпраму» Таццяна Лугіна нядаўна падзялілася падчас інтэрв’ю на АНТ і СТБ. У прыватнасці, прапанавана, каб кожнае прадпрыемства канцэрна або само развівала інтэрнэт-краму, або стварыць агульнаканцэрнавую пляцоўку: «Сёння продаж змяніўся, змяніліся і чаканні пакупніка. Людзі пераходзяць у розныя фарматы: нехта хоча праз інтэрнэт-гандаль у анлайн-рэжыме хутка і не выходзячы з дома купіць, а хтосьці жадае, каб яму распавялі гісторыю і паказалі, як у “Краме на канапе”. Гэта тып продажаў, які ўздзейнічае на псіхалогію жанчын. Такі фармат сёння вельмі раскручаны. У Расіі кожны год адчыняюцца 3–5 каналаў-тэлекрамаў».

Што тычыцца вытворчасці, то Лугіна разважае пра стаўку на вельмі запатрабаваныя сёння «тэхнічныя, тэхналагічныя тканіны, тканіны медыцынскага прызначэння і палотны з адмысловымі ўласцівасцямі». Як бачым, шукаюцца перспектыўныя нішы, бо «рынак вопраткі, якая выкарыстоўваецца штодня, прасядае, аб’ёмы таваразвароту падаюць, а менавіта рынак тэхнічных тканінаў будзе расці». Плануецца абмеркаваць будучыню такога брэнду, як беларускі трыкатаж: «Ці далей яго падтрымліваць і развіваць, ці змірымся і будзем выпускаць пад любымі сусветнымі маркамі на сваім абсталяванні за кошт сваіх працоўных рэсурсаў». Ёсць ідэі для прасоўвання прадукцыі — стварыць у Мінску агульны шоу-рум, а таксама «мультыбрэндавы вобраз, лагатып, каб сысці ад аскоміннага для насельніцтва “Беллегпраму”».


Ціснем кітайцаў

Між тым, сёлетнія прамежкавыя эканамічныя паказчыкі дзейнасці легпрамнай галіны не цешаць: працягваецца зніжэнне долі продажу тавараў беларускай вытворчасці на ўнутраным рынку. Пры гэтым імпарт такіх тавараў у першым паўгоддзі вырас амаль на 8%. Аб’ёмы паставак прадукцыі прадпрыемстваў у складзе «Беллегпраму», адпаведна, скараціліся. Асабліва трыкатажнай бялізны, гарсэтных вырабаў і верхняй вопраткі. Затое вырас экспарт у краіны Еўрасаюза — на 10%. Гэта вынік палітыкі дыверсіфікацыі паставак, паколькі ў Расіі попыт знізіўся. Увогуле, больш за палову прадукцыі прадпрыемстваў у сістэме «Беллегпраму» прадаецца за мяжу. Калі казаць пра расійскі рынак, то там беларускія вытворцы ўмацавалі пазіцыі па жаночай ніжняй бялізне. Лічбы па заваяваных долях гэтага рынку за апошняе пяцігоддзе ўражваюць. У 2014 годзе на Кітай прыпадала 70% імпартных паставак у Расію, а на Беларусь — 2%. Летась было ўжо 44% і 23% адпаведна. Сёлета тэндэнцыя працягнулася. Сакрэт — у зніжэнні коштаў пры захаванні якасці прадукцыі той самай «Мілавіцы». Мэта — патаннець яшчэ болей. Пры гэтым дэкларуецца, што не за кошт заработных платаў працаўніц.

Дарэчы, «Новы Час» вывучыў свежыя вакансіі на некаторых прадпрыемствах лёгкай прамысловасці. Прапановаў хапае: што праўда, пераважна не вельмі прывабных. У вядомы жодзінскі «Світанак» швачку запрашаюць на 500 рублёў ды прадстаўляюць пры патрэбе інтэрнат. Укладчыку-ўпакоўшчыку будуць плаціць 400 рублёў, каларысту з мастацкай адукацыяй — 600. Салігорская «Купалінка» гатовая плаціць прадаўцам сваіх фірмовых крамаў у Мінску 400 рублёў.

Нездарма прафсаюз працаўнікоў лёгкай прамысловасці б’е трывогу. За апошнія пяць гадоў колькасць працоўных у галіне скарацілася на 15%. Тут кажуць пра непрэстыжнасць галіновых прафесіяў, неахвоту моладзі атрымліваць працоўныя спецыяльнасці і, натуральна, нізкі ўзровень заробкаў. Мы зазірнулі ў кашалькі легпрамаўцаў з дапамогай статыстыкі. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдні заробак сёлета за перыяд са сту­дзеня па жнівень тых, хто заняты ў вытворчасці тэкстыльных вырабаў, вопраткі і вырабаў са скуры і футра, склаў 760 рублёў. Гэта значыць, далекавата да запаветнай уладнай планкі-абяцанкі ў 1000 рублёў. І працаўнікам галіны павінна быць трывожна ад задачы «аптымізаваць матэрыяльныя і працоўныя выдаткі».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!