Чаму Беларусь не становіцца другой Швейцарыяй?

Абяцанкам стварыць з Беларусі то другую Швейцарыю, то другія Эміраты — не адзін дзясятак год. Але адукаваныя беларусы з'язджаюць за мяжу, эканоміка працягвае эксплуатаваць спадчыну савецкай эпохі. Кволыя спробы мадэрнізаваць вытворчасць прывялі хіба да пасадак дырэктараў. 
"Калі б эйфелева вежа была ў Беларусі". Калаж з твітар-акаўнта @hramadzianski.

"Калі б эйфелева вежа была ў Беларусі". Калаж з твітар-акаўнта @hramadzianski.


Не так даўно сайт howmuch.net апублікаваў дадзеныя інстытуту статыстыкі ЮНЕСКА па колькасці грошай , якія розныя краіны выдаткоўваюць на так званы Research&Development (вывучэнне і развіццё). Гэтым тэрмінам абазначаецца сфера ўкладанняў у інавацыі, навуку, адукацыю персаналу, новыя тэхналагічныя распрацоўкі — карацей, усё, што не прыносіць імгненнага прыбытку, а разлічана на доўгатэрміновую песпектыву.

Беларусь выдзяляе на Research&Development 907$ млн у год, што складае 0,5% ВУП. Для параўнання, у Польшчы гэта лічба 0,9%, Літве — 1% ад ВУП, і нават ваюючая Украіна ўмудраецца ўкладаць — 0,7% ВУП.

Пра іншыя краіны і казаць не даводзіцца. Для тыповай прамысловасці ЗША працэнт укладання ў R&D складае 3,5% ад прыбытку. У высокатэхналагічных вытворчасцях — ад 7 да 43,3%.

Укладанне Беларусі ў Research&Development амаль у пяць разоў ніжэй, чым у сярэднім па свеце (2,2% глабальнага ВУП ідзе на гэтую сферу).

Прыхільнікі беларускай мадэлі развіцця, можа, пачнуць спасылацца на сусветны крызіс, на тое што ў Беларусі няма карысных выкапняў, што незалежнасць мы атрымалі не так даўно і не паспелі «разагнацца», і, увогуле, у Афганістане яшчэ горш...

Аднак праблема Беларусі не ў асобных чыноўніках, не ў недахопе адукаваных спецыялістаў і нават не ў састарэлай інфраструктуры. Ужо які год «беларускія эміраты» ўпарта не хочуць будавацца, нягледзячы на жэстачайшыя пасадкі, выкарыстанне дармавой працоўнай сілы (ад бюджэтнікаў да салдатаў) і крыкі на нарадах. Лічбы інстытуту статысткі ЮНЕСКА агалілі сістэмныя хібы нашага ладу, якія распаўсюджваюца як на палітычную, так і на эканамічную сферу. 

Што ж з'яўляецца адметнымі рысамі беларускай эканомікі? Не рызыкуючы моцна памыліцца, можна назваць тры кіты беларускага цуду: карупцыя, неэфектыўнасць, кантроль.

Карупцыя 

Нядаўняя крымінальная справа з вышэйшымі чыноўнікамі Мінгарвыканкама, якія бралі хабар ежай, выдатна паказала псіхалогію гэтых людзей. Недасведчаны чытач мог падумаць, што беларускі карупцыянер да таго здрабнеў, што, не ў сілах дабрацца да буйных сум. Але ж «хлебных месцаў» хапае, і чыноўнікі гэтыя, безумоўна, людзі не настолькі бедныя, каб эканоміць на паходах у краму.

Можа, справа ў сквапнасці? Не можаш даць стос долараў — дай хоць куру. Не можаш падарыць аўтамабіль — падары свіную выразку. Хапаць болей, хапаць хутчэй — пакуль ёсць. Бо заўтра не будзе.

Чыноўнікі не разглядаюць свой пост, як месца служэння людзям. Відаць, для іх гэта месца, дзе можна ўрваць, каб забяспечыць сабе старасць а дзецям — пуцёўку ў жыццё (хутчэй за ўсё, еўрапейскае). Няма адчування таго, што ты — частка народа, і мусіш працаваць для ягонага дабрабыту. Няма пачуцця адказнасці перад іншымі. Бо кожны сам за сябе. І гэтае адчуванне настолькі моцнае, што нават перспектыва аказацца ў турме яго не пераважае.

Куды пры такім менталітэце дзяржслужбоўцаў будуць ісці грошы, выдаткаваныя на Research&Development, — здагадацца не цяжка. Ды і навошта выдзяляць нешта на доўгую перспектыву, калі не лічыш гэтую краіну (горад, вытворчасць) сваім домам?

Неэфектыўнае гаспадаранне

У Беларусі эканоміка пераважна дзяржаўная (не гледзячы на шматлікія ААА І ТАА). А дзяржаўнае, вядома, па старой савецкай звычцы, разглядаецца як «нічыё». Калі ты працуеш на прадпрыемстве, аднак цалкам адасоблены ад працэсу і вынікаў вытворчасці, і ад цябе нічога не залежыць, дзе ж ты будзеш зацікаўлены ў тым, каб рухаць нешта наперад? У гібрыднай беларускай сістэме людзі працы не стымулююцца рынкавымі механізмамі і не лічаць дзяржаўнае агульнай уласнасцю, якую трэба берагчы.

Адсутнасць будзь-якой матывацыі ў большасці беларусаў цягне цэлы шэраг наступстваў. Усё, што робіцца, робіцца з-пад палкі. Калі нешта можна не зрабіць — яно з высокай верагоднасцю не будзе зроблена. Калі начальнік можа «нагрэць» супрацоўнікаў на заробку — ён хутчэй за ўсё гэта зробіць. Калі падначалены можа не выканаць сваю працу і не быць пакараны — не факт, што ён яе выканае. Выключэнні ёсць, але на сістэму яны не ўплываюць. На буйных прадпрыемствах на аднаго працоўнага — як мінімум адзін менеджэр. На кіроўныя пасады ставяць не тых, хто добра працуе, а тых, хто ўмее праяўляць лаяльнасць. Людзі з новымі ідэямі і думкамі нікому не патрэбныя, бо здольныя зламаць існуючую сістэму, у якой начальства добра ўладкавалася і смокча бюджэтныя грошы. «Старыны не рушыць» — як было напісана ў Статуце ВКЛ. 

Эканоміка, у якой пераважная большасць людзей не зацікаўленая ў тым, як працаваць, не можа быць паспяховай, колькі не кідай у турму і не выганяй на суботнікі.

Вялізныя траты на кантроль і прымус

Гэтая прычына — свайго роду, працяг і лагічнае следства папярэдняй. Ад дзяржустаноў да вуліц, ад заводаў да святаў, куды не ткніся: шлагбаўм, ахоўнік, міліцыянт, відэакамера, аўтазак. Ці заўважалі вы, што ў маленькіх гарадах аддзелы міліцыі абнесеныя плотам з калючым дротам? Нібыта ідзе грамадзянская вайна. А гэты дрот таксама каштуе грошай.

Такі пільны кантроль кажа не толькі аб стаўленні элітаў да падначаленых і працоўных як да функцыянала (ты патрэбны, паколькі ты працуеш), але і аб татальным недаверы: людзі, надзеленыя правам прымаць рашэнні, разумеюць, што, не будучы абранымі, яны не маюць мандата на кіраванне. Легітымнасць нізкая, і трымаецца хутчэй па інерцыі. Усімі — ад кіраўнікоў заводаў да кіраўніка краіны, рушыць усё той жа страх страціць уладу. І гэта прымушае іх выдаткоўваць грошы на кантроль. Нашы грошы!

Акрэсленыя праблемы не вычарпальныя, аднак найбольш заўважныя і выразныя. І калі нам у чарговы раз паабяцаюць 1000 долараў заробку, ці «Швейцарыю», ці «Эміраты» на месцы Беларусі — не верце. Сістэмныя змены магчымыя толькі пры наяўнасці свядомай волі народа. Калі ж гэтая воля сістэматычна душыцца, а галоўнай дабрачыннасцю, па якой ідзе адбор наверх, аб'яўляецца ўменне злавіць настрой начальніка — росквіт і дабрабыт будуць хіба ў абяцанках з тэлевізара.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!