Чаму не едуць беларускія лыжы?

Паводле дадзеных Еўрастату, самым буйным пастаўшчыком лыжаў і сноўбордаў у Еўрасаюз з’яўляецца Украіна!
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

На яе прыпадае 52% ад усяго імпарту ў ЕС гэтага спартовага інвентару. Гэта 818 тысяч камплектаў у 2017 годзе (свежая статыстыка ад Еўрастату, апублікаваная 25 студзеня, тычыцца гэтага перыяду часу). Доля 27% — у Кітая, 4% — у Тайваня, па 3% — у ЗША і Швейцарыі.

Адкуль жа ўзялося гэтае нечаканае для многіх лідараства Украіны? Дзе вырабляюцца ўкраінскія лыжы, на якіх коўзаюцца для здароўя і адпачынку ў Еўрасаюзе мясцовыя жыхары і турысты?

Аказваецца, у закарпацкім Мукачаве на прадпрыемстве вядомай аўстрыйскай карпарацыі «Fischer». Але фабрыка вырабляе прадукцыю не толькі гэтай маркі, але і такіх брэндаў, як Scott Usa, Stöckli, Tecno Pro, Hagan, Rossignol, Alpina, Splitkein, Tecno. Агулам — некалькі сотняў мадэляў бегавых і горных лыжаў. А таксама — сноўборды і клюшкі. Амаль усе клубы НХЛ замаўляюць іх у тым ліку ва Украіне.

Завод у Мукачаве працуе з 1944 года, спецыялізаваўся і на мэблі, і на спартовым інвентары. Цяпер гэта найбуйнешае прадпрыемства па вырабе лыжаў у Еўропе. Тут працуе 1500 чалавек. Украінскай драўніны ў вытворчасці каля 80%.

Абуваць Еўропу ў лыжы маглі б і мы. Ці хаця б забяспечваць свае патрэбы. Тых самых гарналыжных курортаў у Беларусі хапае. 

Аматар зімовых відаў спорту Аляксандр Лукашэнка летась ажно двойчы ўздымаў тэму якраз-такі лыжаў добрай якасці.

У верасні ён так адрэагаваў у размове з кіраўніком справамі прэзідэнта Віктарам Шэйманам на прэзентацыю новых бегавых лыжаў ад легендарнай, а цяпер занядбанай фабрыкі «Целяханы» ў Брэсцкай вобласці: «Гэта ты катайся сам на іх! Калі хто папросіць у цябе — вырабляйце. Але замаўляць мы ў цябе гэтыя лыжы не будзем. Гэта дубовыя лыжы, яны сышлі ўжо. Ну, для пенсіянера, можа быць».

А раней, у сакавіку, Лукашэнка заяўляў на сустрэчы з алімпійцамі і паралімпійцамі, што згаданая аўстрыйская кампанія «Fischer» можа адкрыць вытворасць лыжаў у Беларусі: «Вядзем перамовы. Яны ўжо гатовыя з Украіны перанесці сюды вытворасць. Таму што з Украіны закрытыя на Расію пастаўкі. Ім лепей тут працаваць».

Праўда, мінуў амаль год, але пра прыход «Fischer» у Беларусь нешта нічога не чуваць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!