Чарговая нарада з верай у Дзеда Мароза

Вось ёсць жа такія людзі, якія да старасці вераць у цуды. З аднаго боку, ім можна пазайздросціць, — яны не згубілі фантазіі і чакання шчасця. А з іншага, нібыта, і не разумеюць, што джын, які выконвае загады, бывае толькі ў казках. Вось Аляксандр Рыгоравіч зацікавіўся праблемнымі момантамі ў эканоміцы.

Фота з каналу Радыё Свабода на youtube


На нарадзе аб новых інструментах рэструктурызацыі даўгавых абавязацельстваў у эканоміцы ён зазначыў, што недапушчальна пастаянна перакладаць праблемы прадпрыемстваў і банкаў на бюджэт.

«Нам трэба сістэмна вызначыцца з гэтым пытаннем. Неабходны больш актыўны ўдзел банкаў у гэтых працэсах. Але самым актыўным павінен быць той, хто браў грошы. Нам варта прадугледзець дзейсныя меры аздараўлення фінансавай сітуацыі як на канкрэтных прадпрыемствах, так і ў галінах эканомікі», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, толькі ў 2015 і 2016 гадах быў прыняты дзясятак рашэнняў па шэрагу прадпрыемстваў і галін на агульную суму $1,8 мільярда. Былі рэструктурызаваныя даўгі, даваліся адтэрміноўкі, растэрміноўкі пагашэння запазычанасці па крэдытах, выдаваліся бюджэтныя пазыкі. «Тады ўрад абяцаў, што, калі мы дапаможам нашым прадпрыемствам, то гэта будзе ў апошні раз. Патрэбны быў, з пункту гледжання ўрада, нейкі штуршок, і яны пачнуць эфектыўна працаваць, вернуць даўгі, — нагадаў Лукашэнка. — Зараз надышоў час даўгі вяртаць, пагашаць пазыкі. Але зноў хваля прапаноў аб яшчэ адной рэструктурызацыі. Матывацыя тая ж: кленчанні, стогны, плач».

У сувязі з гэтым ён выказаў нараканні ў бок КДК і Адміністрацыі прэзідэнта — што згубілі кантроль над кадравымі пытаннямі, і ў бок прадпрыемстваў, якія па пазыках не разлічваюцца.

Але ж тут ёсць некалькі чароўных момантаў. Па-першае, хто прызначае кіраўнікоў прадпрыемстваў? Прызначае іх асабіста Лукашэнка. І ніякі КДК не ў стане паўплываць на гэтыя прызначэнні.

І па-другое. Чыста лагічна, за кошт чаго можна аддаць пазыкі? Зразумела, ці зарабіць, ці зэканоміць. А як зарабляць і эканоміць, калі той жа самы Аляксандр Рыгоравіч патрабуе ўсім заробак па тысячы рублёў, і пры гэтым забараняе, напрыклад, звальняць працоўных, хоць бы і ў сувязі з рэструктурызацыяй? А калі дырэктар (прызначаны, зноў жа, Лукашэнкам) гэтыя планы, спушчаныя зверху, не выканае — чакае яго турма.

Такім чынам, чарговая нарада — усяго толькі чарговая спроба звярнуцца да Дзеда Мароза. Нібыта, калі загадае Лукашэнка, каб стратныя прадпрыемствы разлічыліся па пазыках, — жаданае здзейсніцца

І не адзін кіраўнік дзяржавы ў нас верыць у цуды. Яшчэ адзін прыклад: сам Аляксандр Рыгоравіч загадваў: не браць больш знешніх пазыкаў. Трэба вучыцца зарабляць самім і разлічвацца. Але ж…

Па дадзеных міністра фінансаў Уладзіміра Амарына, валютныя плацяжы Беларусі па дзярждоўгу у 2018 годзе складуць $3,8 мільярда. Менавіта такую лічбу ён назваў, прадстаўляючы ў парламенце праект бюджэту на 2018 год. Як сказаў Амарын, пагашэнне асноўнага доўгу пацягне на $2,5 мільярда і абслугоўванне — больш за $1,2 мільярда.

Нашы дэпутаты, нібы той Васька, што слухае, ды п’е, выслухалі спадара Амарына і прынялі бюджэт на наступны год. І ў графе «абслугоўванне дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь» мы пабачылі суму ў 2,5 мільярда рублёў.

Прычым, на абслугоўванне знешняга доўгу з гэтых 2,5 мільярда рублёў выдаткоўваецца толькі 1,95 мільярда. То бок, $975 мільёнаў па сённяшнім курсе.

Як бачым, гэтага не хопіць нават на тое, што запісана ў бюджэце: абслугоўванне (а не пагашэнне) доўгу. Наконт пагашэння — такой графы ў праекце бюджэту няма. Гэта значыць, будзем зноў «рэструктурызаваць»? Браць новыя пазыкі, каб пакрыць старыя?

То бок, слухалі дэпутаты Амарына — і не чулі. Галоўнае для іх было не задумацца над лічбамі, а прыняць бюджэт так, як загадаў Лукашэнка. А там хай іншыя думаюць, як потым круціцца. А можа раптам прыляціць чараўнік на блакітным верталёце — ды нешта зробіць.

Праўда, ёсць і тыя, хто на Дзеда Мароза не разлічвае. Хіба не сенсацыяй стаў выступ міністаркі працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, якая на просьбу дэпутата Вольгі Палітыка агучыла прагноз урада па заробках на 2018 год. Дык вось, пры кансерватыўным сцэнары развіцця эканомікі (а менавіта такі ў нас прымаецца за аснову), бюджэтнікі будуць атрымліваць у сярэднім 700 рублёў, а сярэдняя зарплата па краіне складзе 921 рубель. Калі ж, як выказалася Касцевіч, эканоміка спрацуе добра, то сярэдні заробак у бюджэтнай сферы дасягне 760 рублёў, а па краіне — 941 рубель. Для параўнання: апошні паказчык у кастрычніку 2017 года ў Беларусі быў роўны 841 рублю.

І калі вы ў наступны раз па тэлевізіі пачуеце пра 1000 рублёў сярэдняга заробку, ведайце — гэта апеляцыя да Дзеда Мароза. Нават бюджэт такой лічбы не прадугледжвае.

Але ж грошы з неба не падаюць. Іх трэба недзе браць. Чарговую цікавую навацыю ў гэтым плане прыдумалі ў Маладзечне. Як піша «Рэгіянальная газета», у маладзечанскай школе №14 для бацькоў зрабілі платны ўваход на дзіцячыя ранішнікі. Каб паглядзець на сваё дзіця ў касцюме зайчыка аб сняжынкі, давядзецца выкласці рубель дваццаць капеек. Многіх бацькоў абурае не кошт, але сам факт аплаты.

Дырэктарка школы Каліна Капуцкая ў гэтым не бачыць нічога страшнага: «Кожная школа мае права аказваць платныя адукацыйныя паслугі. Паказ канцэрта — гэта таксама выхаваўчая праца калектыву нашых педагогаў. Таму і ўстанавілі сімвалічны кошт — рубель і дваццаць капеек».

Цікава, каго павінен выхоўваць калектыў педагогаў? Дзяцей або бацькоў, якія і плацяць за ўваход на ранішнік?

Але самае цікавае ў тым, што адпаведны прэйскурант на паслугі школа атрымала ў аддзеле адукацыі Маладзечанскага райвыканкама. То бок, гэта не нейкая бздура дырэктаркі, а мэтанакіраваная палітыка мясцовай улады.

І на заканчэнне — навіна прыемная. Штотыднёвік «Белгазета» часткова стане беларускамоўным. «Даўно было жаданне, каб выданне паступова станавілася больш беларускім. Я сам 100% перайду на беларускую мову ў наступным годзе. Акрамя таго, у нас з’явяцца аўтары, якія пішуць выключна па-беларуску», — распавёў новы дырэктар «Белгазеты» Кірыл Жываловіч.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!