Чыстая нафта з Расіі ў нафтаправод «Дружба» яшчэ не паступіла

Прапампоўванне чыстай нафты па магістральным нафтаправодзе «Дружба» пакуль не пачалося, паведамілі БелаПАН у канцэрне «Белнафтахім», піша «Радыё Свабода».


«У трубаправодзе на беларускай тэрыторыі па-ранейшаму знаходзіцца нафта з перавышэннем нарматыву ўтрымання хлорарганікі. Арганізацыі па нафтаправодным транспарце „Гомельтранснафта Дружба“ і „Полацктранснафта Дружба“ зрабілі ўсе тэхнічныя захады, каб як найхутчэй атрымаць чыстую нафту з расійскага пункту Унеча», — сказала прадстаўніца канцэрну Марына Касцючэнка.

Па яе словах, нафтаперапрацоўчыя заводы па-ранейшаму працуюць на зніжанай вытворчай загрузцы. Вядзецца штодзённы ўлік даходаў, недаатрыманых з прычыны зніжэння загрузкі НПЗ, прыпынення экспарту нафтапрадуктаў, рамонту абсталявання.

«Пытанне кампенсацыі — як суб’ектам гаспадарання, так і дзяржаве — не здымаецца. Цалкам ацаніць страты пакуль немагчыма, бо сітуацыя працягваецца. Натуральна, кожны дзень суправаджаецца дадатковымі мінусамі даходаў, на якія разлічвалі НПЗ», — адзначыла Касцючэнка.

29 красавіка ў Маскве знаходзіцца дэлегацыя прадстаўнікоў «Белнафтахіму» і беларускіх НПЗ на чале з намеснікам старшыні канцэрну Уладзімерам Сізовым. У планах — перамовы ў Міністэрстве энергетыкі Расіі з удзелам расійскіх нафтавых кампаній.

Пра тое, што ад сярэдзіны красавіка па нафтаправодзе «Дружба» паступае няякасная нафта, «Белнафтахім» паведаміў 19 красавіка.

Неўзабаве стала вядома, што з прычыны няякаснай расійскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Пасля гэтага кіраўніцтва Беларускай нафтавай кампаніі паведаміла, што Беларусь прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!