Да $12 млрд. у год. У Расіі падлічылі, у колькі абыдзецца падтрымка Лукашэнкі

Але ці гатовы «сябар» Пуцін ўкласціся ў такі сумнеўны праект?


Расійская «Независимая газета» апытала экспертаў на тэму, як Расія пацерпіць ад санкцый ЕС супраць улад Беларусі і ці гатовая РФ фінансаваць беларускія ўлады, пераказвае матэрыял telegraf.by.

«Расія не зацікаўленая ў абвале беларускай эканомікі. Але прамая фінансавая дапамога абцяжараная юрыдычнымі складанасцямі, звязанымі з легітымнасцю рэжыму. Паводле маіх звестак, расійскі Мінфін можа адмовіцца купляць новыя беларускія еўрабонды», — кажа палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Паводе яго разлікаў, сектаральныя санкцыі ЕС могуць пазбавіць Беларусь прыкладна 10 млрд. долараў з-за скарачэння экспарту. Пры такім раскладзе пагроза дэвальвацыі беларускага рубля можа стаць рэальнай у гарызонце ад 5 да 9 месяцаў.

Пры гэтым ад выдачы крэдытаў або куплі пазыковых бондаў беларускага ўрада можа адмовіцца і Крэмль, лічыць палітолаг.

Яраслаў Раманчук упэўнены, што санкцыі моцна ўдараць па эканоміцы краіны.

«Калі санкцыі будуць толькі на фізічных асоб і абмежаваны спіс прадпрыемстваў, страты Беларусі могуць скласці 4-7% ВУП (ад 2,4 да 4,2 млрд. долараў). У гэтую суму ўваходзяць страты выручкі ад блакавання значнай часткі транзітнага патэнцыялу Беларусі, змены схем продажу нафтахімічных тавараў, а таксама шкода аўтамабілебудаванню», — лічыць кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.

«У выпадку блакавання экспарту дэфіцыт бюджэту рызыкуе вырасці з запланаваных 2,5% ВУП да 15-18% ВУП у 2021 годзе і павялічыцца яшчэ больш у наступным годзе», — лічыць эканаміст.

На яго думку, калі Расія не акажа фінансавую падтрымку ўладам Беларусі, тыя могуць уключыць друкавальны станок. У такім сцэнары інфляцыя ў 2021 годзе можа скласці 17-20%, а беларускі рубель можа дэвальвавацца на 30-35%.

«Фінансавая нагрузка на Расію ў выпадку ўвядзення сектаральных санкцый на Беларусь можа скласці да 12 млрд. долараў у год. І гэта без уліку страт ад замарозкі інвестыцыйных праектаў. Расія вымушаная будзе ўзваліць на сябе велізарны груз адказнасці не толькі за выкананне сацыяльных абавязкаў перад беларусамі (штогод 7,5 млрд. долараў), але таксама фінансаваць неабходныя для падтрымання эканомікі інфраструктурныя і прамысловыя праекты», — мяркуе Раманчук.

Раней амбасадар РФ у Беларусі Лук’янаў паабяцаў, што яго краіна акажа падтрымку ўладам Беларусі. «Мы не кінем Беларусь», — сказаў кіраўнік расійскай дыпмісіі і дадаў, што з боку РФ будзе аказвацца падтрымка «да самых крытычных абставінаў».

Зрэшты, пра якую падтрымку ішла гаворка і ці прадугледжвае яна, акрамя вербальнага, яшчэ і фінансавы складнік, ён не ўдакладніў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: