Дацкі пенсійны фонд таксама адмовіўся ад інвестыцый у беларускія дзяржаблігацыі

З 1 красавіка Дацкі пенсійны фонд «AkademikerPension» адмаўляецца ад інвестыцый у дзяржаблігацыі Беларусі. Адпаведная заява апублікавана на афіцыйным сайце кампаніі.


У ёй гаворыцца, што падставай для гэтага паслужылі сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, арышты і гвалт над мірнымі дэманстрантамі, перадае REFORM.by.

«Мы інвестуем толькі ў тыя краіны, якія знаходзяцца на пэўным узроўні з пункту гледжання правоў чалавека», — кажа дырэктар фонда Енс Мунк Холст.

Акрамя Беларусі, з 1 красавіка кампанія выключае са спісу даступных для ўкладання грошай яшчэ восем краін, якія сістэматычна парушаюць правы чалавека. Гэта Азербайджан, Бангладэш, Джыбуці, Эфіопія, Ірак, Малі, Пакістан і Зімбабвэ. Пасля гэтага спіс выключэнняў будзе налічваць 45 краін.

Фонд можа захаваць, а таксама рабіць новыя інвестыцыі ў прыватныя кампаніі, у якіх доля дзяржавы складае менш за 50 працэнтаў.

«Калі казаць прама, мы спрабуем выключыць горшае з горшага, калі справа даходзіць да парушэнняў правоў чалавека», — кажа Енс Мунк Холст.

Агулам фонд мае намер пазбавіцца ад інвестыцый у памеры каля 615 мільёнаў дацкіх крон не пазней за 16 красавіка.

Нагадаем, учора паведамлялася, што дацкія інвестфонды «BankInvest», «Jyske Invest» і «Sparinvest» таксама пазбавіліся дзяржаблігацый Беларусі праз палітычную сітуацыю ў нашай краіне.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: