Даходы бюджэту за 9 месяцаў праселі на 17,9%

Улады апублікавалі звесткі аб паступленні падаткаў за 9 месяцаў. У чыноўнікаў ёсць нямала прычын для турботаў.


Сталі вядомыя звесткі аб паступленні ў бюджэт плацяжоў, якія кантралююць падаткавікі. За 9 месяцаў па гэтым канале казна сабрала 19,439 млрд BYN. У параўнанні з 2019 годам падатковыя даходы ўпалі нават у намінальным выражэнні — на 0,7%, паведамляюць banki24.by.

Пры гэтым дэфлятар ВУП, які адлюстроўвае хуткасць росту коштаў у галоўных сектарах эканомікі, у студзені-верасні склаў 111,3%. Гэта азначае, што ў рэальным выражэнні паступленні па канале падаткавікоў скараціліся на 10,8%.

Калі верыць дадзеным падатковых органаў, то страты панёс рэспубліканскі бюджэт. Даходы рэспубліканскага бюджэту ўпалі на 8,7% да 7,653 млрд BYN. З папраўкай на рост коштаў у эканоміцы даходы цэнтральнай казны праселі на 17,9%.

Галоўны правал адбыўся ў Мінскай вобласці. Ад плацельшчыкаў гэтага рэгіёну было пераразмеркавана ў рэспубліканскі бюджэт 426,5 млн BYN (супраць 934,1 млн BYN у 2019-м). Мяркуючы па ўсім, падзенне паступленняў звязана з пагаршэннем сітуацыі на Беларуськаліі і БЕЛАЗе.

Асноўнымі даходнымі крыніцамі ў 2020 годзе сталі ПДВ, падаходны падатак і акцызы. Гэтыя крыніцы забяспечылі 29,7%, 25,1% і 11,1% даходаў па канале падаткавікоў. У 2019 годзе замест акцызаў у першай тройцы быў падатак на прыбытак. Цяпер яго доля ў даходах паменшылася з 11,9% да 7,8%. Калі летась за кошт гэтага падатку сабралі 2,333 млрд BYN, то ў гэтым — 1,514 млрд BYN.

Характэрныя мінусавыя падатковыя паступленні ад рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон. Плацельшчыкі ў СЭЗ забралі з бюджэту 57,6 млн BYN. Гэта значыць, што сума зваротаў па ПДВ або падатку на прыбытак перавысіла памер выплачаных падаткаў. Дарэчы, падобная сітуацыя ўжо некалькі гадоў запар назіраецца ў дрэваапрацоўцы, на мадэрнізацыю якой улады выдаткавалі 4 млрд USD. За 9 месяцаў паступленні склалі мінус 122,5 млн BYN (у 2019-м было мінус 75,7 млн BYN).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: