Даўгі беларускіх транспартнікаў перавысілі 7 мільярдаў рублёў

Улады вымералі ўзровень запазычанасці ў флагманаў беларускага транспарту. Памер абавязацельстваў дзівіць уяўленне, піша партал banki24.by.

На 1 мая 2021 года сумарныя пазыкі буйных і сярэдніх прадпрыемстваў транспарту склалі 7,472 млрд. BYN. За 12 месяцаў памер запазычанасці падскочыў на 15,7%.

У мінулай пяцігодцы даўгі транспартнікаў павялічваліся даволі хуткімі тэмпамі. Напрыклад, за 2020 год яны выраслі на 28,7%, за 2019-ы — на 91,4%, за 2018-ы — на 17,6%, за 2017-ы — на 7,6%, за 2016-ы — на 21,5%.

У цэлым за 5 гадоў сума абавязацельстваў паднялася ў 2,8 раза. Галоўная прычына такога бурнага росту —дэвальвацыя беларускага рубля. Частка даўгоў транспарту намінаваная ў замежных валютах, і падзенне курсу «зайчыка» аўтаматычна павялічвае эквівалент доўгу ў пераліку на BYN.

Сярод асноўных секцый на першае месца па памеры доўгу выйшлі флагманы сухапутнага і трубаправоднага транспарту. Да 1 мая іх абавязацельствы склалі 4,683 млрд. BYN. Сумарныя даўгі паветранага транспарту дасягнулі 1,169 млрд. BYN.

З улікам еўрапейскіх санкцый пасля пасадкі рэйса «Ryanair» расплачвацца па іх будзе цяжка для пазычальнікаў.

На тую ж дату запазычанасці дапаможных транспартных арганізацый і прадпрыемстваў у сферы складзіравання склалі 1,611 млрд. BYN. Тут таксама не выключаныя праблемы з-за «замарозкі» лагістыкі транзітных патокаў з Еўропы.

Сумарная запазычанасць складаецца з абавязацельстваў па крэдытах і пазыках і «крэдыторкі». На 1 мая флагманы транспарту былі павінны па крэдытах і пазыках 3,798 млрд. BYN. Асноўны аб'ём даўгоў па крэдытах і пазыках узялі на сябе флагманы сухапутнага і трубаправоднага транспарту (2,577 млрд. BYN на справаздачную дату). Паветраны транспарт завінаваціўся 221,4 млн. BYN, дапаможныя і лагістычныя кампаніі — 996,4 млн. BYN.

«Крэдыторка» транспартнікаў на 1 мая склала 3,673 млрд. BYN, у тым ліку па сухапутным і трубаправодным — 2,106 млрд. BYN, па паветраным — 947,6 млн. BYN, па дапаможных відах — 614,2 млн. BYN.

Для флагманаў транспарту РБ характэрная высокая доля арганізацый са стратамі ад рэалізацыі (рэнтабельнасць ніжэй за нуль) і з рэнтабельнасцю ў межах 0-5%. Па выніках 4 месяцаў статорганы знайшлі ў галіны 29,2% аперацыйна стратных кампаній і 37,7% нізкарэнтабельных. Уведзеныя і анансаваныя санкцыі ЗША, ЕС, Канады і Вялікабрытаніі здольныя пагоршыць гэтую карціну.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: