Deutsche Welle: 5 непапулярных захадаў беларускіх уладаў у барацьбе з крызісам

Эксперты патлумачылі DW, што ўрад Беларусі можа зрабіць для паляпшэння сітуацыі ў эканоміцы. На іх думку, такія дзеянні непазбежна прывядуць да падзення прыбыткаў насельніцтва.



Усе прынятыя беларускім урадам у бягучым годзе меры, якія будуць спрыяць выйсцю эканомікі краіны з крызісу, так ці інакш адаб’юцца на скарачэнні даходаў насельніцтва і будуць непапулярнымі. DW з дапамогай аналітыкаў склала пералік самых маштабных і ўжо агучаных прадстаўнікамі ўладаў ініцыятыў, якія здольныя папоўніць бюджэт краіны, але негатыўна адаб’юцца на гаманцах грамадзян.

Скарачэнне працягласці дэкрэтнага адпачынку

Памяншэнне працягласці дэкрэтнага адпачынку з трох да двух гадоў — адна з самых абмяркоўваемых тэм у апошні час у Беларусі. Верагодна, з-за яе навізны. Пра магчымасць такога кроку беларусы даведаліся 13 студзеня  з публікацыі памочніка прэзідэнта Кірыла Рудага ў «Беларускім эканамічным часопісе». Чыноўнік растлумачыў, што ў Расіі жанчыны сядзяць з дзіцем паўтара года, у Казахстане — год. Гэта значыць трохгадовы дэкрэтны адпачынак у Беларусі — раскоша. А калі скараціць яго да двух гадоў, рост эканомікі краіны, па падліках Рудага, складзе 2,3 працэнта.

Гэтая прапанова маментальна выклікала негатыўную рэакцыю маладых мам і тат, а таксама эканамістаў. Бо ў выпадку памяншэння на год працягласці дэкрэтнага адпачынку, паводле папярэдніх падлікаў, у садкоўскія яслі дадаткова прыйдзецца адправіць каля 100 тысяч дзяцей двухгадовага ўзросту. Толькі дзе ўзяць столькі ясляў? Бо нават сёння, напрыклад, у Мінску уладкаваць дзіця ў дзіцячы сад праблематычна, а ясельных груп наогул па некалькі штук на раён. І тыя перапоўненыя.

У гутарцы з карэспандэнтам DW мінскі эканаміст Леў Марголін усумніўся ў правільнасці разлікаў Кірыла Рудага. Па словах Марголіна, нават калі ўдасца усіх дзетак, якія вызваліліся ад мамінага нагляду, размясціць у дзіцячых садках, то застаецца пытанне забеспячэння працай мам. Прычым для гарантавання заяўленага эканамічнага росту — працай высокакваліфікаванай.

Павышэнне пенсійнага ўзросту

Інфармацыя аб магчымасці павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі была агучана непасрэдна прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. «Я перад выбарамі гэта сказаў, гэта мая абсалютная перакананасць — нам трэба павышаць пенсійны ўзрост. І назваў прычыны. Але пры гэтым сказаў, што мы павінны параіцца з народам», — заявіў Лукашэнка 1 снежня 2015 года. Дата павелічэння пенсійнага ўзросту ўладамі не называецца, аднак сацыёлагі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сцвярджаюць, што насельніцтва да такога кроку гатовае. Сёння беларускія мужчыны выходзяць на пенсію ў 60 гадоў, жанчыны — у 55. Эксперты падлічылі, што павелічэнне на 5 гадоў пенсійнага ўзросту для ўсіх дазволіць зэканоміць беларускаму бюджэту каля 1,5 мільярда долараў у год.

Зніжэнне тэмпаў росту заробкаў у дзяржсектары

Спыненне неабгрунтаванага павышэння заробкаў у дзяржсектары было адным з патрабаванняў да Беларусі з боку Міжнароднага валютнага фонду. Яго выкананне звязана з магчымасцю атрымання краінай новага крэдыту на суму ў 3 мільярды долараў.

Як адзначыў у гутарцы з DW старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» ў Мінску Вадзім Іосуб, у 2015 годзе беларускія ўлады ўжо сталі прытрымлівацца дадзенай рэкамендацыі. Нават напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў традыцыйнага павышэння заробкаў не адбылося.

У выніку на пачатак 2016-га адставанне тэмпаў росту заробкаў ад росту коштаў склала каля 5 працэнтных пунктаў. Іосуб мяркуе, што ў 2016 годзе неабгрунтаванага нарошчвання зарплаты ў дзяржсектары не адбудзецца. Паводле яго выразу, для эканомікі гэта будзе карысна, але, як і ў годзе мінулым, можа негатыўна адбіцца на пакупніцкай здольнасці насельніцтва.

Рост тарыфаў ЖКГ

Чарговае павелічэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі беларусы знойдуць у сваіх «жыроўках» ужо ў лютым. Бо, згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, з 1 студзеня ў Беларусі кошт газу і электрычнасці для насельніцтва падняты на 20%, а вады — у 3,5 разы. Пры гэтым пакрыццё выдаткаў на тэхабслугоўванне жылля з пачатку 2016 года ўзрасце да 80%.

Павышэнне тарыфаў на ЖКГ — з’ява не новая для беларусаў: толькі за мінулы год рост склаў амаль 30%. І ён будзе працягвацца. Бо ў 2017-м годзе ўрад Беларусі плануе выйсці на поўную аплату насельніцтвам паслуг ЖКГ за кошт павелічэння тарыфаў і змены іх методыкі разліку.

Скарачэнне сацыяльных праграм і выплат

Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнай інфармацыі аб перавёрстцы беларускага бюджэту на 2016 год, аб тым, што яго прыйдзецца ў спешным парадку секвеставаць, ніхто з эканамістаў не сумняецца. Пра гэта сведчаць закладзеныя ў бюджэт-2016 сярэднегадавыя параметры: цана на нафту ў 50 долараў за барэль (цяпер — каля 28 долараў), курс у 63 расійскіх рубля за долар (зараз — больш за 80 рублёў) і ў 18.600 беларускіх рублёў за долар ( ужо зараз больш за 20.000).

«Тое, што сацыяльныя праграмы ў Беларусі будуць зрэзаныя — 100 працэнтаў», — упэўнены кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. Паводле яго слоў, менавіта сацыяльныя праграмы, а таксама фінансаванне такіх сфер, як адукацыя і ахова здароўя, у першую чаргу ідуць пад нож ва ўмовах крызісу. Эксперт таксама не выключае скарачэння рэальнага памеру пенсій, бо выдаткі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва перавышаюць яго даходы.

Як адзначае Заіка, што б ні казалі прадстаўнікі беларускіх уладаў, усе прынятыя імі ва ўмовах крызісу меры будуць непапулярнымі ў насельніцтва. «Час раздачы бясплатных піражкоў скончыўся», — падкрэсліў дырэктар «Стратэгіі». Паводле яго слоў, у беларускай дзяржавы на разнастайныя прэферэнцыі і датацыі, якія практыкаваліся раней, сёння проста больш няма грошай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-01-21 15:53:49
Як жа за..аў прагназёр з цэнтра "Стратэгія". Палохаць - адзінае, што ён умее добра рабіць. Пасля інтэрв'ю ў маі 2011 г. пасядзеў бы ціхенька гадоў 10, дык не... Нагадаю (паводле
www.kp.by/daily/25688.3/891820/ ):



"Каким может быть максимальный курс доллара? - спросила «КП» у экономиста Леонида Заико.

- Я думаю, падение прекратилось, дальше все будет возвращаться в исходное состояние. Путин приезжает, значит, можно рассчитывать на кредит в 6 миллиардов долларов (визит российского премьера в Минск
запланирован на четверг, 19 мая. - Ред.). Если у кого-то есть доллары, то лучше их сейчас поменять на белорусские рубли.

- По нынешнему курсу?

- Да, потому что больше уже не будет. 4500 рублей за доллар уже не будет. Если на 50% девальвирован белорусский рубль, в стране начинаются неуправляемые процессы деформации цен, резкое падение уровня
жизни и фактически падение ВВП на 50%. При курсе 4500 - будет своего рода инфаркт для всей экономики."