Для ўрада адкрыццё! У краіне ёсць прадпрыемствы з заробкам ніжэй за $200

Прэм’ер-міністр Сяргей Румас прызнаў, што ў Беларусі ёсць прадпрыемствы, на якіх сярэдні заробак меншы за 400 рублёў. На пасяджэнні ўрада, прысвечаным сацыяльна-эканамічнаму развіццю, ён нагадаў, што «да канца першага паўгоддзя ў краіне такіх прадпрыемстваў быць не павінна».


Румас адзначыў, што ў красавіку 2019 года сярэдні заробак у краіне склаў 1074 рублі. Ён паставіў задачу ўраду ўсталяваць жорсткі кантроль за арганізацыямі, якія несвоечасова выплочваюць заробкі. Кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў прэм’ер паабяцаў неадкладна прыцягваць да адказнасці.

Кіраўнік урада звярнуў увагу на своечасовую выплату зарплаты, урад ізноў павінен вярнуцца да гэтага пытання і ўсталяваць жорсткі кантроль за арганізацыямі, якія дапускаюць пратэрміноўку. «Па кожным факце ўтварэння пратэрмінаванай запазычанасці вінаватыя (гаворка ідзе ў першую чаргу аб дырэктарах прадпрыемстваў) будуць неадкладна прыцягвацца да адказнасці», — папярэдзіў прэм’ер-міністр.

Нязменным застаецца патрабаванне ўрада пра адпаведнасць росту заробкаў на буйных прадпрыемствах і росту прадукцыйнасці працы. «На жаль, па некаторых прадпрыемствах пакуль суадносіны росту прадукцыйнасці працы і зарплаты менш адзінкі. Прашу гэтыя прадпрыемствы прааналізаваць сітуацыю. Я не заклікаю зніжаць зарплату — я заклікаю павялічваць прадукцыйнасць працы», — падкрэсліў Сяргей Румас.


Паводле belta.by і euroradio.fm



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!