Доктара! Доктара!

На гэтым тыдні хто адзначаў Дзяды, хто — стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але ёсць адзінкі, якім не да святаў, — яны думаюць пра будучыню.

Напрыканцы мінулага тыдня нам расказалі, як мы будзем жыць далей — у Мінску прайшоў маштабны «Кастрычніцкі эканамічны форум» з удзелам урадаўцаў і прадстаўнікоў міжнародных фінансавых арганізацый. Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур агучыў прагноз па асноўных паказчыках беларускай эканомікі ў 2018 годзе. Паводле яго слоў, прыярытэтам яго ведамства застаецца коштавая стабільнасць. Інфляцыя ў 2018 годзе прагназуецца на ўзроўні 6% плюс-мінус адзін працэнтны пункт. Стаўка рэфінансавання павінна знізіцца нязначна, да 10%.

Адказваючы на пытанне пра вынікі трох гадоў працы кіраўніком Нацбанка і 25 гадоў супрацоўніцтва з МВФ, Калаур адзначыў, што «самае вялікае дасягненне ў нас, як у медыкаў, — паставіць дыягназ. Правесці дыягностыку, ацаніць глыбіню і прыярытэтнасць праблем — галоўнае. Спачатку трэба вырашаць праблемы больш высокага ўзроўню. Эканамічны блок урада і Нацбанк ведаюць, што рабіць».

Сярод асноўных праблем ён назваў нагрузку на банкаўскі сектар, якую ствараюць стратныя прадпрыемствы дзяржаўнага сектара. «Яшчэ тры гады таму мы пра гэтую праблему не казалі… У аснове мінімізацыі гэтых рызыкаў — велізарная праца па павышэнні эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў», — цытуе старшыню праўлення Нацбанка TUT.by.

Я, канешне, не эканаміст і не старшыня Нацбанка. Але пра тое, што стратныя дзяржпрадпрыемствы трэба рэфармаваць, пішу значна даўжэй, чым тры гады. Калі Калаур прыйшоў да гэтага толькі зараз, застаецца яго павіншаваць.

Добра, дыягназ паставілі. Што далей? А далей, па-ранейшаму, гучыць старая шарманка: «Мы не вінаватыя, вінаватыя злыя замежнікі. І ўвогуле, у нас усё добра, толькі вы гэта чамусьці не адчуваеце». Напрыклад, Беларусь знізіла свой паказчык у рэйтынгу Сусветнага банка «Doing Business» — гэта штогадовае даследаванне групы Сусветнага банка, якое ацэньвае ў 189 краінах прастату ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Каментуючы гэты факт, намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч сказаў: такое адбылося таму, што іншыя краіны больш актыўна рэфармавалі свае эканомікі.

То бок, злыя замежнікі падступна спрасцілі сваё прадпрымальніцкае заканадаўства — і такім чынам апусцілі Сінявокую на адну пазіцыю. Але мы таксама не спім у шапку, кажа віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі. У нас падпісана 8 з 10 дакументаў па развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці, і яшчэ два, у тым ліку па лічбавізацыі эканомікі, будуць падпісаныя вось-вось. І тады мы ў рэйтынгу скокнем!

Ведаеце, што насцярожвае? Насцярожвае тое, што, паводле таго ж Мацюшэўскага, шырокае грамадскае абмеркаванне ўсіх прынятых навацый пройдзе толькі пасля прыняцця ўсяго пакета дакументаў па лібералізацыі эканомікі.

Вось любяць у нас паставіць воз паперадзе каня! Каму патрэбнае тое «шырокае грамадскае абмеркаванне», калі пакет дакументаў будзе ўжо прыняты? Што яно, гэтае абмеркаванне, зменіць?

Ці не здарыцца тое ж, што са славутым дармаедскім дэкрэтам? Яго распрацоўвалі аж з 2014 года. А як увялі ў дзеянне, дык атрымаўся поўны — не будзем тут лаяцца матам — фініш. Яго падпраўлялі, карэктавалі, перапісвалі, прыпынілі дзейнасць — і канчатковага варыянту ўсё роўна пакуль ніхто не бачыў. А калі з «пакетам лібералізацыі» адбудзецца тое самае? Ці не лепей спачатку абмеркаваць з грамадствам, каб зноў не накасячыць, а толькі потым прымаць?

Не, гэта не наш метад, — па вельмі простай прычыне. Уяўляеце, колькі чыноўнікаў было задзейнічана ў працэсе неаднаразовай карэктоўкі таго ж дармаедскага дэкрэту — ад мясцовых да самых высокіх урадавых? І кожны за сваю «працу» атрымліваў заробак — і неблагі заробак! А калі дакументы пасля грамадскага абмеркавання будуць прынятыя ў належным выглядзе — гэта ж больш не атрымаецца імітаваць дзейнасць па выяўленні недахопаў! Працы не будзе — не будзе і заробку.

З «лібералізацыйнымі дакументамі» адбудзецца тое ж самае. Больш за тое, іх карэктоўка ўжо закладзеная ў працу парламентароў, міністраў, і гэтак далей. Не верыце?

На 17 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў запланаванае «нулявое чытанне» бюджэту Беларусі на 2018 год. Яно пройдзе пры ўдзеле прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова і членаў урада. Раней праект пакета бюджэтных дакументаў быў накіраваны дэпутатам для вывучэння.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна ў размове з карэспандэнтам БелТА пацвер­дзіла, што глабальных змен у падатковым заканадаўстве не прадугледжана.

Першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч сказаў, што бюджэт на будучы год сфарміраваны з прафіцытам у Br500 мільёнаў. «Што тычыцца параметраў бюджэту — мы канцэпцыю яго фармавання не змянілі, дзейнічаем дакладна па такім жа сцэнары, як і пры яго фармаванні на гэты год. Мы адштурхоўваліся ад кансерватыўнага сцэнару, дзе тэмпы росту ВУП закладзены на ўзроўні 101,2% і ўсе паказчыкі выглядаюць больш песімістычна, чым у мэтавым прагнозе», — адзначаў ён.

Ермаловіч таксама ўдакладніў, што падатковая нагрузка захоўваецца на ўзроўні 25% ВУП, а па расходнай частцы ў структуры бюджэту ў цэлым сур’ёзных змен не прагназуецца.

Разумееце? Мы прымаем дзесяць (!) «звышлібералізацыйных» дакументаў, якія ледзь не рэвалюцыйна (па словах нашых чыноўнікаў) змяняюць умовы вядзення бізнесу, падатковы цяжар, выдаём ільготы таму ж ПВТ, развіваем лічбавую эканоміку… І ўсё гэта ніяк — ніяк!!! — не адлюстравана ў галоўным фінансавым дакуменце краіны на наступны год! Пытаннечка: хто-небудзь яшчэ верыць у тое, што нашая «лібералізацыя» запрацуе?

Добра, канешне, што Калаур і Мацюшэўскі паставілі эканоміцы Беларусі дыягназ. Але, пры ўсёй павазе да абодвух банкіраў (Мацюшэўскі на пасаду віцэ-прэм’ера прыйшоў з БПС-Сбербанка), яны — не дактары. А беларускай эканоміцы патрэбны ўжо нават не тэрапеўт, а хірург. Можа быць, эканамічны блок урада і Нацбанка ведае, што рабіць, але таго самага хірурга, які здолеў бы ўсё зрабіць у адпаведнасці з дыягназам, няма. І не прадбачыцца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: