Долар і еўра ў Беларусі працягваюць падаць: у пятніцу — на паўтары капейкі

Па выніках таргоў 11 чэрвеня на Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара апусціўся да 2,48 рубля, а еўра — да 3,02 рубля. Гэта мінімальныя значэнні для замежных валют за многія месяцы, паведамляе «Еўрарадыё».

Курс долара быў ніжэйшы толькі 20 жніўня мінулага года (2,46 рубля), а еўра — 12 лістапада (3,01 рубля). З чым звязана ўмацаванне беларускага рубля ва ўмовах, калі эканоміка Беларусі адчувае сябе не тое каб зусім упэўнена?

Прадпрыемствы прадаюць валюту

— Гэта значыць, што попыт на валюту меншы за яе прапанаванне на рынку. Як сітуацыя зменіцца ў будучыні — не ведаю. Цяпер настолькі турбулентны час, што складана нешта прагназаваць, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацбанка Міхаіл Дземідзенка. — У Нацыянальнага банка абсалютна празрыстая курсавая палітыка. Мы не кантралюем валютны курс. Яго дынаміка, асабліва нямоцныя ваганні, вызначаецца рынкам.

Старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб таксама тлумачыць сітуацыю тым, што на Беларускай валютна-фондавай біржы валюты больш прадаюць, чым купляюць. Пры гэтым людзі з'яўляюцца чыстымі пакупнікамі валюты, а яе лішкі, пад уплывам якіх умацоўваецца рубель, прыносяць прадпрыемствы.

А валюта ў прадпрыемстваў ёсць таму, што сусветная эканоміка аднаўляецца пасля COVID-19. Гандаль на знешніх рынках ажывіўся. За студзень — красавік экспарт тавараў у цэнавым выражэнні павялічыўся на 35,3% да адпаведнага перыяду 2020 года, калі сусветная эканоміка была паралізаваная каранавірусам.

— Цэны на нафту і калій выраслі. Экспарцёры атрымліваюць больш валютнай выручкі — могуць больш прадаваць валюты, — адзначае эксперт. Сёння нейкаму з прадпрыемстваў трэба было прадаць шмат валюты. Заўтра, магчыма, трэба будзе купіць шмат — і павінен адбыцца адскок.

На курс беларускага рубля ўплывае і ўмацаванне расійскага рубля. Бо яго доля ў валютным кошыку складае 50%. А курс расійскага рубля таксама ўмацоўваецца на фоне падаражання нафты.

Рублю патрэбна эфектыўная эканоміка

Каб курс беларускага рубля ўмацоўваўся і далей, эканоміка павінна працаваць больш эфектыўна. Тады экспарт будзе расці, як і прапанаванне замежнай валюты на рынку, адзначае начальніца ўпраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацыянальнага банка Наталля Мірончык.

Калі глядзець у доўгатэрміновай перспектыве, адназначна беларускі рубель недаацэнены. Каб ён стаў умацоўвацца ў доўгатэрміновай перспектыве, патрэбны фундаментальныя фактары. Трэба падвышаць эфектыўнасць рэальнай эканомікі, падвышаць якасць менеджменту на нашых прадпрыемствах. Тады прадпрыемствы будуць канкурэнтаздольныя не па цане, а па якасці, і не трэба будзе ажыццяўляць цэнавую падтрымку экспарцёрам. Таму што заклікі якія: "Аслабляйце курс, каб падтрымаць экспарцёраў", — робіць выснову Наталля Мірончык.

Рэч у тым, што ўмацаванне беларускага рубля адносна замежных валют робіць даражэйшым экспарт з Беларусі. Атрымліваецца парадокс: чым больш наша краіна экспартуе, тым больш у краіне замежнай валюты і тым лепш адчувае сябе беларускі рубель. Але чым вышэйшы курс беларускага рубля, тым даражэйшымі беларускія тавары становяцца на знешніх рынках і тым складаней іх становіцца прадаваць.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: