Дварковіч: Рознагалоссі паміж Расіяй і Беларуссю па газавым пытанні застаюцца

Рознагалоссі паміж Расіяй і Беларуссю па газавым пытанні застаюцца. Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч 27 лютага ў кулуарах інвестфоруму ў Сочы, адказваючы на пытанне, ці вывучыла кіраўніцтва РФ і Беларусі падрыхтаваны тэкст пратакола па нафтагазавым пытанні.

Фота journalby.com

"У нас рознагалоссі застаюцца", — цытуе Дварковіча агенцтва ТАСС.

Расійскі віцэ-прэм`ер таксама паведаміў, што перамовы працягваюцца. "Беларусь даўно павінна была пагасіць доўг за газ, а не назапашваць яго", — дадаў Дварковіч.

У канцы мінулага месяца ён заяўляў, што сума доўгу Беларусі за пастаўкі расійскага газу па стане на 28 студзеня дасягнула каля 550 млн долараў.

16 лютага віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што падпісанне пратакола з Расіяй па нафтагазавай спрэчцы чакаецца "на наступным тыдні". "Мы на мінулым тыдні правялі чарговыя перамовы. Склалі праект пратакола, завізіравалі нашымі подпісамі з нашым візаві — віцэ-прэм'ерам Расіі Аркадзем Дварковічам. Цяпер пратакол знаходзіцца на разглядзе расійскага кіраўніцтва. Я спадзяюся, на наступным тыдні ён, магчыма, пабачыць свет", — сказаў Сямашка. Змест пратакола ён не канкрэтызаваў, адзначыўшы толькі, што гэта ўжо "дваццаты варыянт".

24 лютага міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык паведаміў журналістам, што рашэнні па расійскім газе прыняты і будуць узгоднены на палітычным узроўні. Паводле яго слоў, прынцыпова важна выканаць усе нормы, закладзеныя ў падпісаным дагаворы аб ЕАЭС. У першую чаргу гаворка ідзе аб стварэнні роўных умоў для суб`ектаў гаспадарання ўсіх удзельнікаў саюза, растлумачыў міністр.


"У сувязі з гэтым, каб да 1 ліпеня 2019 года стварыць агульны рынак электраэнергіі, а да 1 студзені 2025 года — агульны рынак газу, мы павінны максімальна зблізіць цэны на газ, чым мы сёння і займаемся. Усё, што зроблена ў гэтай частцы, даведзена да грамадскасці віцэ-прэм'ерам Беларусі Уладзімірам Сямашкам і віцэ-прэм'ерам Расіі Аркадзем Дварковічам. Усе далейшыя захады залежаць ад палітычных рашэнняў, якія будуць прымацца на вышэйшым узроўні", — заявіў Патупчык.

Перамовы паміж Масквой і Мінскам аб умовах урэгулявання нафтагазавай спрэчкі доўжацца з пачатку 2016 года. Беларускія ўлады настойваюць на тым, што кошт расійскага газу ў доларавым эквіваленце павінен быць зніжаны, з чым не згодны расійскі бок. З другой паловы 2016 года, рэагуючы на нявыплату Беларуссю ў поўным аб`ёме кошту газу, расійскі ўрад прыняў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў краіну. Паводле дзейных пагадненняў Расія павінна была паставіць у Беларусь за год 23 млн тон нафты, аднак па выніках года імпарт нафты скараціўся на 20,8%.

Паводле ацэнкі шэрагу экспертаў, у газавай спрэчцы ў Беларусі слабая перамоўная пазіцыя, у той час як Расія практычна не нясе шкоды ад гэтага канфлікту. "Расійская эканоміка ніяк не церпіць з-за таго, што пастаўкі нафты ў Беларусь прыйшлося скараціць. Масква можа прадаць гэтую сыравіну іншым спажыўцам. Скарачэнне паставак беларускіх прадуктаў харчавання для Расіі таксама некрытычнае. Беларусь знаходзіцца ў хісткім становішчы, і з эканамічнага пункту гледжання Маскве няма сэнсу ісці на хуткія саступкі Мінску", — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык форэкс-брокера "Альпары" Вадзім Іосуб.

Паводле яго прагнозаў, кампрамісы ў перамовах з Расіяй могуць быць знойдзены толькі ў тым выпадку, калі і Мінск пагодзіцца ісці на істотныя саступкі.

Марына Носава, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: