Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў купляе на тэндары тры партрэты Лукашэнкі за 1500 рублёў

На сайце icetrade.by, які спецыялізуецца на закупках, можна знайсці шмат чаго цікавага. Тэлеграм-канал «Эканоміка Беларусі» звярнуў увагу, што Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў мае ў планах закупак набыццё трох партрэтаў Лукашэнкі на суму 1500 рублёў.
Можа, Дырэкцыя збіраецца набыць партрэты пэндзля расійскага мастака Нікаса Сафронава? Фота Дзмітрыя Брушко, TUT.BY 

Журналісты звярнуліся да прэс-сакратара Дырэкцыі Яўгеніі Нікіцінай, якая патлумачыла, што на дадзены момант партрэты кіраўніка дзяржавы не набываліся і ў «бліжэйшых планах набыцця няма».
Выходзіць, што адзін партрэт Лукашэнкі абыдзецца Дырэкцыі ў 500 рублёў. Што гэта за партрэты, з якога матэрыялу яны зроблены, чым намаляваныя, у прэс-службе патлумачыць не змаглі.

Адметна, што партрэты афіцыйнага кіраўніка значацца ў планах і Міністэрства спорта. Толькі ў іх апетыт заўважна меншы. На пяць партрэтаў кіраўніка дзяржавы яны заклалі ўсяго 100 рублёў. То бок па 20 рублёў на адзін партрэт.

ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску летам 2019 года. Спачатку спаборніцтвы планаваліся ў Нідэрландах, але ў апошні момант гэтая краіна адмовілася ад правядзення. Было вырашана перанесці мерапрыемства ў Мінску.

Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: