Дырэктар пра скарачэнне працоўнага дня да 1 гадзіны: А ў чым трагедыя?

"Для іх няма працы. Мы не можам плаціць грошы проста за іх прыход на працоўнае месца", — распавёў ўпраўляючы "Строммашына" "Еўрарадыё".


"У чым трагедыя? Гэта што, не ў рамках працоўнага заканадаўства? Адкрыйце пачытайце Працоўны кодэкс. Калі ў маіх дзеяннях ёсць яго парушэнні, то з мяне спагнанне. А калі не, то гэта ўнутраная справа прадпрыемства", — абураецца пытанню Еўрарадыё ўпраўляючы "Строммашына" Сяргей Грынкевіч.

Заводу "Строммашына" нядаўна быў падоўжаны тэрмін санацыі на пяць гадоў, да 2023 года. То бок, не варта быць аптымістычным, чакаючы хуткага пагашэння даўгоў і стабільнага прыбытковага існавання вытворчасці.

"Прадпрыемства знаходзіцца ў стане санацыі. Я знаходжуся на пасадзе ўпраўляючага ўсяго другі месяц. Мы пачынаем весці працу па памяншэнні дадатковых выдаткаў, якія цягнуць штомесячныя траты, — тлумачыць упраўляючы. —  У рамках гэтага праходзіць аптымізацыя. І некаторых людзей мы часова, з-за таго што яны не задзейнічаныя ў вытворчасці, адпраўляем на невялікі, кароткачасовы тэрмін, пакуль яны не будуць прыцягнутыя да асноўнай працы прадпрыемства”.

Сяргей Грынкевіч прызнае, што пакуль няма магчымасці плаціць зарплату ўсім. Тым больш тым, хто цяпер не задзейнічаны ў вытворчасці:

“Таму было вырашана ажыццявіць гэтыя меры. Тым больш, для іх няма працы. Мы не можам плаціць грошы проста за іх прыход на працоўнае месца. Можа, яны змогуць дзесьці падпрацаваць, знайсці сабе грошы".

У аддзеле кадраў “Строммашына” патлумачылі, што такія змены яшчэ не прынятыя. А нават калі і будуць, то закрануць пенсіянераў, якія дагэтуль працуюць на прадпрыемстве, у якіх заканчваюцца кантракты ў снежні. Гэта каля 30-40 чалавек".

Цяпер на вытворчасці працуюць каля 1300 чалавек.

"Зарплаты супрацоўнікаў, якія трапілі пад змены, будуць лічыцца, грунтуючыся на стаўцы і колькасці адпрацаваных гадзін, і адпаведна гэтаму, будзе прапарцыйна налічвацца рабочым", — тлумачыць супрацоўнік адзела кадраў ААТ "Строммашына".

Магілёўскі завод "Строммашына" абвясціў пра банкруцтва ў 2015 годзе. За тры гады санацыі і спроб вярнуць былога прамысловага гіганта ў строй месца антыкрызіснага кіраўніка займае ўжо трэці чалавек. З канца траўня 2018 года ім з'яўляецца Сяргей Грынкевіч.

Першы кіраўнік, Аляксандр Бондараў, лічыў, што выйсці заводу з фінансавага падзення могуць дапамагчы жорсткія рашэнні: скарачэнне колькасці супрацоўнікаў за кошт памяншэння штату інжынерна-тэхнічных работнікаў, змяншэнне тэрыторыі завода для памяншэння платы зямельнага падатку, продаж неэфектыўнай маёмасці. Пра гэта распавядаў Tut.by. Бондараў сышоў у адстаўку па ўласным жаданні праз два месяцы пасля таго, як Аляксандру Лукашэнку была перададзеная просьба дапамагчы калектыву прадпрыемства з заказамі.  

Другі кіраўнік, Дзмітрый Барэйка, перажыў незапланаваны прыезд Лукашэнкі, але вечна прапускаў дэдлайны і здаваў справаздачы са спазненнем. У той жа час, прадпрыемствам не ў поўнай меры быў выкананы першапачаткова распрацаваны і зацверджаны план санацыi. За гэта ўсё Дзмітрый і паплаціўся. У выніку быў аштрафаваны эканамічным судом, і яго замянілі на іншага кіраўніка.

 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!