Дзе весці бізнес лепш за ўсё?

Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва вызначыла рэгіёны, у якіх у гэтым годзе лепш за ўсё было весці бізнес. Прычым, Мінск у галасаванні не ўдзельнічаў.


Сёлета конкурс «Лепшы горад (раён, вобласць) для бізнесу Беларусі» быў даволі асаблівым. Ён праводзіцца з 2008 года. І таму 2018-ы — пэўны юбілей, нягледзячы на тое, што насамрэч, гэта быў 11-ты фінал конкурсу. Увесь гэты час штогод экспертнае журы з вядучых эканамістаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і бізнес-асацыяцый называе лепшы рэгіён краіны з найбольш развітой дзелавой актыўнасцю і самымі спрыяльнымі ў маштабах краіны ўмовамі для развіцця прадпрымальніцтва. Ацэньваецца колькасць дзеючых суб'ектаў гаспадарання, аб'ём падаткаў, які выплачвае бізнес, удзельная вага створаных новых працоўных месцаў, тэмп прыросту гэтых паказчыкаў і іншае.

Гэта вельмі маштабная праца ў межах краіны. Але яна недарэмная, і вынікі конкурсу насамрэч шмат на што ўплываюць, паведаміў кіраўнік РКП Уладзімір Карагін.

Па яго словах, конкурс мае вельмі вялікі іміджавы складнік, які потым канвертуецца ў грошы. У рэгіёны, якія прадпрымальнікі вызначылі, як лепшыя для вядзення бізнесу, як правіла, больш ахвотна прыходзяць інвестары. Там больш актыўней развіваецца прадпрымальніцтва. А ўсё гэта — грошы ў тым ліку і для бюджэта.

Таму гэты конкурс — не столькі прадпрымальніцкі, колькі “чыноўніцкі”. То бок, ён павінен заахвочваць мясцовыя органы ўлады даваць больш свабоды бізнесу і прадпрымальнікам. І, адпаведна, атрымліваць “плюшкі” — і не толькі ў выглядзе дыпломаў РКП.

Прычым, сталіца — Мінск, — свядома выключаецца арганізатарамі конкурсу з праграмы: гэта, зразумела, найбольш развіты горад (бо сталіца) з найбольшымі параметрамі-паказчыкамі (бо ў ім пражываюць блізу 2 млн чалавек — ці не пятая частка краіны, што, адпаведна, адбіваецца і на колькасці прадпрымальнікаў, і на колькасці падаткаў, і гэтак далей).

Замест гэтага ў Мінску вызначаюць найлепшы для прадпрымальнікаў раён. У гэтым годзе ім стаў Першамайскі. А Мінская вобласць узяла першы прыз па свабодзе прадпрымальніцтва сярод абласцёў.

З абласных гарадоў ужо не першы раз за гісторыю прэміі адзначаны Гомель. Там, па меркаванні прадпрымальнікаў, весці бізнес найлягчэй. Дзіўна, канешне, што блізкія да Захаду Брэст і Гродна адстаюць у гэтым плане, аднак Гомель сапраўды знаходзіцца «на стыку двух міроў» — ён аднолькава блізкі да Расіі і да Украіны. А таму, мажліва, там для развіцця прадпрымальнітва — поле проста непаханае. Крыху адстаў ад Гомеля Віцебск, які атрымаў ліст удзячнасці.

Цікава, што Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва даволі багата ўвагі аддала менавіта малым раёнам — з колькасцю насельніцтва менш за 50 тысяч чалавек. Такія, дзе найбольш спрыяльныя ўмовы для бізнесу, былі вызначаны ў кожнай вобласці. У Мінскай лепшы Лагойскі раён, у Гродзенскай — Іўеўскі, у Магілёўскай — Бабруйскі, у Брэсцкай — Баранавіцкі, у Віцебскай — Пастаўскі, у Гомельскай — Брагінскі (што даволі дзіўна, бо гэты раён вельмі пацярпеў у свой час ад аварыі на ЧАЭС).

Баранавічы былі вызначаныя як «лепшы горад для бізнеса» з колькасцю насельніцтва больш за 50 тысяч чалавек, а найбольш спрыяльныя для дзелавой актыўнасці раёны, у якіх пражывае больш за 50 тысяч насельніцтва — Кобрынскі і Смаргонскі.

Узнагародзілі таксама і прадстаўнікоў прэсы. Па меркаванні РКП, БелаПАН стаў лепшым інфармацыйным агенцтвам, якое асвятляе тэму прадпрымальніцтва. Лепшым інтэрнэт-парталам па гэтай тэматыцы прызнаны «Ежедневник» (ej.by).


А «Новы час» разам з такімі выданнямі як «Рэспубліка», «Белорусы і рынок», часопіс «Директор», «Экономическая газета» і «Республиканская строительная газета» атрымаў дыплом за лепшае асвятленне тэмаў прадпрымальніцтва ў друкаваных СМІ.

Магчыма, такі прадпрымальнік, як Аркадзь Ізраілевіч, з гэтым бы не пагадзіўся.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць