Тады высветлілася, што прадпрыемства “Мінскрэклама” плаціла падрадчыку каля 45 мільёнаў рублёў толькі за ўстаноўку аднаго металічнага слупа. Калі з мэтамі параўнання мы звярнуліся ў маскоўскую кампанію,  там за мантаж адной такой апоры над такой жа шашой папрасілі ў чатыры разы меншую аплату. (Расследаванне: Як закапваюць грошы ў зямлю ля "Чыжоўка-арэны")

У “Мінскрэкламе” Еўрарадыё патлумачылі, што мантаж апоры пад рэкламу выходзіць так дорага “з-за ветравых нагрузак”. А кампетэнтныя асобы з арганізацыі-падрадчыка  (Спецыялізаванага будупраўлення №4, якое функцыянуе пра Упраўленні дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама)  увогуле адмовіліся каментаваць для Еўрарадыё такі высокі кошт мантажу.

Імгненнай рэакцыі на тое расследаванне не здарылася. Таму Еўрарадыё само звярнулася ў міліцыю і Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі.

Размешчаныя на вышэйназваным рэсурсе (на сайце euroradio.fm, ― заўв. Рэд.) публікацыі не з’яўляюцца абавязковымі для разгледжання і прыняцця адпаведных мер дзяржаўнымі органамі, ― паведамляюць Еўрарадыё ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі. ― Інфармацыя, згаданая ў матэрыяле, прынятая да ведама кампетэнтнымі службамі міліцыі і можа выкарыстоўвацца ў аператыўна-службовай дзейнасці”.

А вось з КДК Еўрарадыё атрымала звесткі, што па пытанні коштаў на ўсталяванне апор ля “Чыжоўка-арэны” запланавана праверка арганізацыі, якая выконвала “залатыя” працы.

“Камітэтам дзяржкантролю вывучаецца сітуацыя , звязаная з абгрунтаваннем фармавання коштаў мантажу апор пад расцяжку у раёне “Чыжоўка-Арэны”, ― паведамляюць у адказе за подпісам намесніка старшыні КДК Раісы Саўрыцкай.

Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём гэтай скандальнай гісторыі.

23-га траўня. Адна з канструкцый ля "Чыжоўка-арэны" ўвогуле не задзейнічана

 

Канструкцыя на скрыжаванні Машынабудаўнікоў і Кабушкіна. Гэта невялікае рэкламнае палотнішча, паводле "Мінскрэкламы", і спрыяе магутным "ветравым нагрузкам"