Дзмітрый Крук: Спроба скарыстацца дапамогай МВФ — рызыкоўная для ўлады

Спроба канвертаваць SDR у больш ліквідныя сродкі можа стаць трыгерам, які ініцыюе абмеркаванне на міжнародным узроўні пытання аб нелегітымнасці цяперашняй беларускай улады, лічыць Дзмітрый Крук.

Як адаб'ецца на эканоміцы і спажывецкіх паводзінах выдзяленне Міжнародным валютным фондам амаль 1 мільярда долараў для Беларусі? Пра гэта ў інтэрв'ю Thinktanks.by разважае эксперт BEROC (Кіеў) Дзмітрый Крук.

— Вылучэнне амаль 1 мільярда долараў Беларусі з боку МВФ выглядае нечаканай пастановай на фоне ўвядзення санкцый заходнімі краінамі ў дачыненні да Мінска.

— Супярэчнасць тут сапраўды ёсць, але яна знаходзіцца ў палітычным вымярэнні, пра што і кажуць у многіх краінах свету. Трэба разумець, што МВФ прыняў рашэнне аб павелічэнні золатавалютных рэзерваў зыходзячы выключна з эканамічных меркаванняў для ўсяго свету, па-за кантэкстам сітуацыі ў Беларусі. SDR (Спецыяльныя правы запазычання), якія атрымалі ўсе краіны — гэта актыў, які фактычна ствараецца з паветра і прадастаўляецца краінам — сябрам МВФ у адпаведнасці з іх квотамі. Цяперашняе рашэнне аб выпуску SDR — сістэмнае Глабальны адказ на тое, што з-за пандэміі моцна ўзраслі даўгавыя рызыкі ва ўсім свеце, асабліва ў краінах, якія развіваюцца. Менавіта такімі катэгорыямі і маштабамі кіраваўся МВФ. Але нам сапраўды са сваёй званіцы кідаецца ў вочы такая палітычная супярэчнасць.

— Але ж яна сапраўды існуе.

— Безумоўна. Таму рашэнне МВФ і спарадзіла такую рэакцыю, і не толькі ў Беларусі. І яна можа ўзмацніцца, калі цяперашнія беларускія ўлады будуць спрабаваць канвертаваць SDR у больш ліквідныя сродкі. Мяркую, высокая імавернасць, што такі крок можа стаць трыгерам, які ініцыюе абмеркаванне на міжнародным узроўні пытання аб нелегітымнасці цяперашняй беларускай улады. У тым ліку — аб паўнамоцтвах урада і Нацбанка прадстаўляць Беларусь у такіх міжнародных арганізацыях, як МВФ. І калі такая дыскусія пачнецца, яна можа паставіць Беларусь у адзін шэраг з Афганістанам або Венесуэлай.

— Як можа вылучэнне SDR паўплываць на эканоміку Беларусі сёння?

— Я амаль упэўнены, што ў бліжэйшыя паўгода ці больш SDR будзе выкарыстоўвацца толькі для павелічэння рэзерваў на паперы, як гэта і задумвалася самімі ініцыятарамі. Логіка прадастаўлення гэтых сродкаў не прадугледжвае іх актыўнага выкарыстання. У свеце не так ужо шмат прэцэдэнтаў, калі краіна звярталася да абмену SDR на валюту. Хоць цяперашні раўнд мяркуе, што гэтыя паперы будуць выкарыстоўвацца больш актыўна, чым раней, для Беларусі такое развіццё падзей сумнеўна, паколькі палітычны хвост цягне за сабой занадта вялікі стос праблем, звязаных з легітымнасцю. Таму з вялікай доляй верагоднасці ўлада пакіне гэтыя паперы ў рэзерве. Прынамсі, да сітуацыі крайняй патрэбы.

Якім чынам, на ваш погляд, цяперашнія эканамічныя ўлады могуць скарыстацца SDR?

— Пры наяўнасці гэтых сродкаў у ЗВР яны будуць з меншымі асцярогамі карыстацца больш ліквідным сродкамі, якія ўжо ёсць у рэзервах. Так, калі сітуацыя ў эканоміцы будзе пагаршацца праз санкцыі, Мінск, дапускаю, паспрабуе абмяняць SDR на адну з міжнародных валют. Але сумняваюся, што гэта будзе хутка.

— І гэты абмен, хутчэй за ўсё, будзе зроблены з дапамогай Расіі?

— Патэнцыйна такую здзелку можна правесці з Расіяй ці любой іншай краінай. Ніхто не можа забараніць гэта зрабіць, калі як у выпадку, напрыклад, з Афганістанам, няма абмежаванняў на выкарыстанне з боку МВФ. Але, паўтаруся, цяперашнія беларускія ўлады, верагодна, разумеюць, што такі абмен можа прывесці да пачатку новай кампаніі па іх дэлегітымізацыі, і таму будуць па меры магчымасці спрабаваць пазбегнуць такога развіцця падзей.

— Акрамя чыста эканамічнага ўплыву прадастаўленне дапамогі МВФ можна апісаць як уплыў на розумы. Ці можа вылучэнне SDR паўплываць на паводзіны кампаній і хатніх гаспадарак?

— Такое ўспрыманне ствараецца з-за празмернай згадкі ў СМІ аб гэтай гісторыі. Але казаць пра тое, што атрыманне SDR знізіць фінансавыя рызыкі, мяркую, не прыходзіцца. Так, атрыманыя сродкі дазволяць павялічыць рэзервы на паперы — і гэта нясе пэўны пазітыўны эфект, але не празмерны.

Па некаторых макраіндыкатарах, на якія глядзяць інвестары, напрыклад, па суадносінах дзярждоўгу да аб'ёму інвестыцый, сітуацыя будзе выглядаць лепш. Але з пункту гледжання інвестараў у Беларусі ёсць больш сур'ёзныя праблемы, з-за якіх яны на Беларусь ужо год як перасталі глядзець. Само па сабе ўвядзенне санкцый перакрывае любыя разважанні аб інвестыцыйным клімаце. Калі казаць аб унутраных укладчыках, то іх асцярогі за захаванасць зберажэнняў атрыманне дапамогі ад МВФ таксама, думаю, не можа змяніць.

Паводле Thinktanks.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: