Дзве расійскія нафтавыя кампаніі гатовыя пачаць пастаўкі ў Беларусь

Пастаўкі нафты на абодва беларускіх НПЗ — «Нафтан» і Мазырскі НПЗ — гатовыя пачаць дзве расійскія нафтавыя кампаніі, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» крыніца ў нафтавай галіне.
«Дзве расійскія кампаніі ўжо пацвердзілі сваю гатоўнасць пачаць пастаўкі нафты ў Беларусь без прэміі да цаны. Пастаўкі будуць на «Нафтан» і Мазырскі НПЗ. Гэта істотныя аб'ёмы», — сказаў суразмоўца, не ўдакладніўшы кампаніі.

Паводле яго слоў, закантрактаваць з двума расійскімі НК аб'ёмы нафты дазволяць забяспечыць загрузку абодвух беларускіх НПЗ на працягу 9-10 дзён. Ён таксама адзначыў, што расійскія пастаўшчыкі «не ўваходзяць у лік буйных нафтавых кампаній». Суразмоўца таксама пацвердзіў, што транзіт нафты праз Беларусь праходзіць «ў штатным рэжыме».

Як паведамлялася, Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэння запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзення перамоў з буйнымі расійскімі НК.

«Гэты варыянт аператыўна прапрацоўваецца, разлічваем на фіналізацыю дамоўленасцей па ім у бліжэйшы час», — сказаў напярэдадні «Інтэрфаксу» крыніца ў галіне.

Канцэрн «Белнафтахім» у суботу афіцыйна паведаміў аб заключэнні першага кантракту з расійскай нафтавай кампаніяй без прэміі да цаны.

«Сёння афармляюцца дакументы з расійскай кампаніяй на прапампоўку першай партыі нафты, якая закупляецца па кошце без прэміі», — гаворыцца ў паведамленні на сайце "Белнафтахіма".

«Транснафта» пацвердзіла, што атрымала заяўку на прапампоўку нафты на Наваполацкі НПЗ. «У нас ёсць заяўка на прапампоўку на «Нафтан» 133 тысяч тон нафты, што мы і зробім у бліжэйшы час», — паведаміў «Інтэрфаксу» у суботу дарадца прэзідэнта «Транснафты», прэс-сакратар Ігар Дзёмін.

У канцэрне адзначаюць, што «праца па заключэнні кантрактаў на пастаўку вуглевадароднай сыравіны з Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь па цане, якая выключае прэмію пастаўшчыкам, працягваецца».

Паводле звестак канцэрна, «аб'ём сыравіны, якая чакае да пастаўкі ў бліжэйшы час, а таксама назапашаныя рэсурсы дадуць магчымасць забяспечыць няспынную працу айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў у студзені 2020 года».

Як паведамлялася, з 1 студзеня 2020 года расійскія НК спынілі пастаўкі нафты ў Беларусь з-за рознагалоссяў па цане на сыравіну. Крыніцы на нафтавым рынку паведамлялі, што беларускі бок дамагаўся адмены прэміі да цаны бяспошлінных паставак нафты, матывуючы гэта падаражаннем сыравіны ў сувязі з рэалізацыяй у РФ падатковага манеўру ў нафтавай сферы.

Па дадзеных «Белнафтахіма», у цяперашні час кошт паставак нафты з РФ складае 83% ад сусветнага кошту на нафту.

У сувязі з адсутнасцю імпарту нафты Беларусь з 1 студзеня прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: