ЕБРР: Беларусь развіваецца павольней, чым магла б

З 1996 года ў Беларусі вырас узровень даходаў і былі створаны пэўныя ўмовы для эканамічнага развіцця, але якасць інстытутаў палепшылася нязначна, гаворыцца ў дакладзе «Лепшае кіраванне — лепшыя эканомікі» Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.
Рэгіёны ЕБРР увайшлі ў 1990-я з адносна добрым чалавечым капіталам, але з досыць слабымі інстытутамі. Але Цэнтральная і Паўднёва-Усходняя Еўропа ў павышэнні якасці інстытутаў дасягнулі большага прагрэсу, чым Беларусь. Як вынік бачны разрыў у дынаміцы эканамічнага росту, што кажа пра тое, што краіна ў цэлым развіваецца павольней, чым магла б.

Вядома, пэўны прагрэс ёсць, кажа галоўны эканаміст Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Беата Яворчык. Калі ў 2008-2009 гадах беларускія кампаніі ў якасці бар'ераў для развіцця бізнесу называлі праблемы з кваліфікацыяй персаналу, цэны на энерганосьбіты, складанасць у атрыманні ліцэнзій і дазволаў, то ў 2019 годзе гэтыя праблемы ўжо не стаялі так востра. Цяпер бізнес больш хвалюе палітычная нестабільнасць і доступ да фінансаў.

Аднак «інстытуцыянальнае адставанне» ад развітых краін засталося нязменным, больш за тое ЕБРР адзначае запаволенне прагрэсу ў апошняе дзесяцігоддзе. Інстытуцыянальны дэфіцыт бачны ў стаўленні і ўзроўні даверу насельніцтва дзяржаўным інстытутам. Становішча Беларусі ў адчуванні насельніцтвам узроўню карупцыі, іх даверу інстытутам, судам зніжаецца.

— Нізкі ўзровень развітасці інстытутаў вядзе да зніжэння задаволенасці жыццём і большай верагоднасці росту міграцыі, — адзначыла галоўны эканаміст Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Беата Яворчык, прэзентуючы даклад.

У дакладзе ЕБРР пазначана, што нізкі ўзровень развітасці інстытутаў зніжае ўзровень інвестыцый, у тым ліку прамых замежных, тармозіць узровень даверу да іх грамадзян, упэўненасці ў правілах гульні з боку бізнесу. Ён таксама ідзе нага ў нагу з карупцыяй. У выніку зніжаецца канкурэнтаздольнасць краіны і ўзровень жыцця яе насельніцтва.

Рэформа дзяржаўных інстытутаў для павышэння іх якасці — нялёгкі шлях. Яна прадугледжвае дэлегаванне часткі паўнамоцтваў з цэнтра ў рэгіёны, забеспячэнне якасці працы судоў, увядзенне інстытута амбудсмена, стварэнне ўмоў для працы свабодных СМІ, што павысіць давер грамадства да дзяржаўных інстытутаў.

У прыватнасці, эфектыўнасць дзяржпрадпрыемстваў не зменіцца да таго часу, пакуль кіруючыя пасады будуць раздавацца зыходзячы з палітычных меркаванняў, а не зыходзячы з якасці менеджменту, падкрэслівае прадстаўнік ЕБРР.

Калі якасць інстытутаў у Беларусі застанецца ранейшай, краіна працягне расці больш павольнымі тэмпамі, чым магла б. Калі ж у Беларусі больш актыўна будзе павышацца якасць інстытутаў на нацыянальным узроўні, больш важную ролю будуць займаць рэгіянальныя інстытуты і пачне мяняцца кіраванне прадпрыемствамі, у тым ліку з дапамогай запазычання замежнага вопыту ў менеджменце праз прамыя замежныя інвестыцыі, то развіццё краіны будзе ісці больш хуткімі тэмпамі.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: