ЕЭК пазбавіла Беларусь ад праблемы таннага расійскага цукру да канца года

Калегія ЕЭК дазволіла Беларусі падоўжыць дзяржрэгуляванне коштаў на цукар адразу на 160 дзён — да 23 снежня 2018 года, паведаміла прэс-служба ЕЭК.
Мінулае падаўжэнне было ўсяго на 90 дзён — з 17 красавіка да 15 ліпеня.

Былі асцярогі, што ў выпадку забароны Беларусі на працяг рэгулявання цаны на цукар больш танная расійская прадукцыя з буракоў новага ўраджаю створыць сур'ёзныя праблемы для галіны. «Падаўжэнне тэрміну дзяржрэгулявання цэн на цукар заклікана стабілізаваць сітуацыю па яго рэалізацыі вытворцамі з Беларусі, а таксама ліквідаваць негатыўны ўплыў дыспарытэту цэн на белы цукар на ўнутраным рынку рэспублікі з-за яго перавытворчасці ў ЕАЭС і свеце», — адзначаюць у ЕЭК.

Нагадаем, з-за з'яўлення ў продажы расейскага цукру, які быў прыкметна танней за беларускі, Беларусь на 90 дзён увяла рэгуляванне цэн на гэты тавар — з 17 студзеня да 16 красавіка (уключна). Гэта значыць цяперашняе падаўжэнне — ужо другое. Раней цукар уключылі ў спіс сацыяльна значных тавараў у снежні мінулага года.

Зараз у Беларусі лімітавая мінімальная рознічная цана белага крышталічнага цукру — як увезенага, так і вырабленага ў краіне — павінна быць не ніжэй за 1,5 рублі (з ПДВ). Пра гэта гаворыцца ў пастанове МАРТ ад 4 снежня 2017 г. № 60.

У Расіі ў першым квартале цэны на цукар упалі на 21%, прыкладна да 1,15 беларускага рубля за кілаграм.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць