Эканаміст Алесь Аляхновіч: «Мы не ведаем калі, але эканоміка прымусіць улады пайсці на дыялог»

Віцэ-прэзідэнт даследчага цэнтра CASE Belarus Алесь Аляхновіч у мінулым годзе стаў прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах і членам эканамічнай групы Каардынацыйнай рады. Шмат месяцаў яго каманда працуе над праграмай аднаўлення беларускай эканомікі. Эканаміст распавёў TUT.BY пра тое, як ацэньвае стан эканомікі, пра падтрымку Расеі і непазбежныя рэформы.

Алесь Аляхновіч

«Трэба працаваць цяпер, каб пасля зменаў эканоміка хутка аднавіла рост»
— Алесь, распавядзіце спачатку трохі пра сябе. Вы працавалі ў буйной кансалтынгавай кампаніі Ernst&Young, але, адмовіўшыся ад паспяховай кар’еры, сталі дарадцам Святланы Ціханоўскай. Як гэта было?

— Большую частку свайго жыцця я правёў за мяжой, але я нарадзіўся ў Беларусі, адчуваю сябе беларусам і заўсёды хацеў вярнуцца ў Беларусь. Яшчэ з маленства я думаў, якім чынам магу быць карысным Беларусі: ці прыехаць, калі яшчэ быў маладзёнам, і падтрымліваць розныя ініцыятывы знутры, ці, наадварот, атрымаць адукацыю, прафесійны досвед і ўжо з гэтым багажом вярнуцца ў краіну. Большасць людзей мне раіла выбраць менавіта другі спосаб. Такім чынам, я выбраў кар’еру эканаміста, падумаўшы, што з гэтымі ведамі я мог бы зрабіць значна болей для Беларусі, чым праз іншыя прафесіі, ну і мяне гэта цягнула.

На кожным этапе свайго жыцця я стараўся рабіць так, каб мае адукацыйная і прафесійная сцежкі былі звязанымі з Беларуссю, таму, напрыклад, на бакалаўрыяце і ў магістратуры ў Варшаўскай школе эканомікі выбраў навуковым кіраўніком прафесара Лешэка Бальцэровіча і пісаў дыпломныя працы па эканамічнай трансфармацыі, у тым ліку пра параўнанне трансфармацый у Беларусі і Польшчы. Акрамя таго, ужо 12 гадоў я звязаны з аналітычным цэнтрам CASE Belarus.

То бок, нягледзячы на тое, што я правёў гэтыя гады за мяжой, я ўвесь час быў у кантакце з беларускімі эканамістамі, прыязджаў у Беларусь з лекцыямі, у тым ліку пра эканамічныя рэформы.

Калі да мяне звярнулася каманда Ціханоўскай і асабіста Святлана Георгіеўна, я, канешне, не мог адмовіць: я ж сам шукаў, якім чынам магу дапамагчы Беларусі. Таму калі такая магчымасць з’явілася, нядоўга думаючы, пагадзіўся.

— Навошта вам гэта патрэбна?

— Я сапраўды веру, што 2020 год, асабліва пасля падзеяў жніўня, — гэта быў момант выбару для кожнага. Кожны з нас павінен быў зрабіць выбар: ці ты пагаджаешся з гвалтам у адносінах да мірных людзей, ці ты супраць, бо такіх масавых рэпрэсій у гісторыі Беларусі не было з часоў смерці Сталіна.

Так, я адчуваю сябе значна лепш, чым беларусы ў краіне, бо знаходжуся ў бяспецы. Але для мяне гэта таксама быў нейкі выбар: я кінуў працу, на якой прапрацаваў пяць гадоў, дзе зарабляў прыстойныя грошы, і паўшоў працаваць для Офіса Святланы Ціханоўскай. Чаму? Бо я веру, што рана ці позна перамены ў Беларусі адбудуцца, і веру, што мой удзел у камандзе Ціханоўскай узмацніў яе эканамічны бок, таму што на кожнай сустрэчы Святланы з лідарамі ўжо больш 20 краін заўсёды падымаюцца эканамічныя пытанні.

— Як вы ацэньваеце стан эканомікі на момант, калі вы далучыліся да каманды Святланы Ціханоўскай, то бок пасля выбараў у 2020 годзе, і цяпер?

— Я далучыўся да Офісу на пачатку кастрычніка. На той момант падавалася, што калі тыя тэндэнцыі, якія былі ў беларускай эканоміцы ў жніўні-верасні (гэта быў час панікі на валютным рынку, здыму банкаўскіх дэпазітаў, закрыцця некаторых прыватных бізнэсаў, ад’езду часткі прафесіаналаў, між іншым, айцішнікаў) захаваюцца, то напрацягу шасці месяцаў сітуацыя павінна змяніцца.

На той момант я разлічваў, што Расія зробіць іншы выбар, чым яна зрабіла. Я думаў, што нягледзячы на 26-гадовую падтрымку гэтага рэжыма, Масква скарыстае момант, калі можна памяняць коней на пераправе, калі можна сказаць «Мы падтрымліваем беларускі народ» і такім чынам забяспечыць сабе добрыя адносіны паміж беларусамі і расейцамі. Але Расія зрабіла іншы выбар — яна падтрымала рэжым, у тым ліку выдзеліла ўжо 1 млрд долараў і плануе яшчэ паўмільярды. Грошы не такія вялікія. Для параўнання, Беларусі ў гэтам годзе трэба патраціць на пагашэнне і абслугоўванне дзяржаўнага доўгу крыху больш за 3 млрд доллараў, яшчэ 2,2 млрд долараў — гэта прагназуемы дэфіцыт сектара дзяржаўнага кіравання. Але сам факт таго, што Расія была гатовая падтрымаць Лукашэнку, адыграў моцную псіхалагічную ролю і на сілавікоў, і на армію, і на дзяржслужачых, і на працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Яны тады зразумелі, што гэты рэжым надалей у любы крызісны момант можа разлічваць на Расію.

Шмат з гэтых праблем здараліся і раней, але гэта было кропкава, а цяпер яны ствараюць адну цэласную карціну. Таму я лічу, што эканоміка прымусіць улады пайсці на дыялог. Мы не ведаем калі. Як сказаў калісьці Вацлаў Гавел, мы ніколі не ведаем, калі ўпадзе тая сняжынка, якая выкліча лавіну. Тое самае ў Беларусі: мы не ведаем, калі, але гэта будзе, бо іншага варыянту няма.

«Калектыў, адчуваючы, што з ім абыходзяцца няправільна, яднаецца і выступае разам»

— Якім чынам эканоміка можа прымусіць улады пайсці на дыялог, чаму вы лічыце, што дзеля эканомікі яны будуць гатовыя на такі крок?

— У 2020 годзе пратэстная актыўнасць не была выклікана эканамічнымі чыннікамі. Пратэсты былі пра годнасць, пра тое, каб людзьмі звацца. Але якімі масавымі былі гэтыя пратэсты! І гэтая годнасць засталася ў беларусаў. Рэпрэсіямі ўлады, канешне, збілі пратэстную актыўнасць, але яна ёсць. Цяпер уявіце сабе, што адбудзецца, калі да гэтага дадаць эканамічныя чыннікі. Ёсць кропкавыя прыклады паспяховых пратэстаў на прадпрыемствах, калі былі менавіта эканамічныя чыннікі. Калі ў Віцебску страйкавалі кіроўцы смеццявозаў. Другі прыклад — малаказавод, дзе дырэктар вырашыў увесці калектыўную матэрыяльную адказнасць за страту маёмасці на заводзе і пайшлі звальненні нязгодных падпісаць новую дамову. Але ўсё скончылася тым, што звольнілі дырэктара, а людзей узнавілі на працы. Гэта паказвае, калі калектыў, адчуваючы, што з ім абыходзяцца няправільна, яднаецца і выступае разам — вынікі бачныя адразу.

Калі эканамічныя чыннікі прыйдуць, то заводы могуць сапраўды застрайкаваць, тады такія сустрэчы, як на МЗКТ, калі Лукашэнку крычалі «Сыходзь!», могуць паўтарыцца з падвоенай сілай.

У 2020 годзе пратэстная актыўнасць была выклікана не эканамічнымі чыннікамі. Пратэсты былі пра годнасць, пра тое, каб людзьмі звацца.

— Чаму вы так думаеце? Мы памятаем, што ў жніўні-верасні страйкі не былі доўгімі, у тым ліку таму, што ў людзей проста няма запасаў нават каб пражыць месяц-два без працы.

— Адразу пасля выбараў шмат людзей былі гатовыя далучыцца да пратэстнага руху, але не атрымалася. Сапраўды, людзі баяліся згубіць нават тыя адносна невялікія заробкі, якія ёсць. Яшчэ раз: на той момант страйкі не былі выкліканыя эканамічнай сітуацыяй. Але калі яна будзе пагаршацца, калі людзі будуць атрымліваць, напрыклад, палову свайго дакрызіснага заробка, сітуацыя будзе іншай і пытанне будзе стаяць не ў тым, што я магу страціць, а ў тым, што мне ўжо больш няма чаго губляць.

«Крызіс часам адбываецца імкліва і нечакана»

— Але ж ёсць падтрымка Расіі, хай апошнія дзве сустрэчы і не прынеслі ніякай яснасці ў грашовым плане. Плюс беларускі Мінфін плануе размяшчаць дзяржаблігацыі на тэрыторыі Расіі. Вы і самі кажаце, што Масква працягвае падтрымліваць беларускія ўлады. Значыць, тая падтрымка захаваецца, і колькі грошай можна будзе атрымаць з Усходу?

— Тут перспектывы не такія вясёлыя, як гэта можа падавацца. Калі паглядзець на апошнія 20 гадоў беларускай эканомікі, то бачна, што самыя «мядовыя» гады скончыліся ў 2006-м. З 2007 года пачынаецца чарада энергетычных канфліктаў: то па цане не дамовіліся, то па пастаўках. З 2000-га па 2008-мы гадавыя энергетычныя субсідыі ў сярэднім складалі 15% ВУП Беларусі (каля 5 млрд долараў). Але ў мінулым годзе Беларусь за газ у сяряднім плаціла больш, чым сярэднееўрапейскі пакупнік, таму што ў нас быў гадавы кантракт, а на рынку Еўропы спотавыя цэны ўпалі ніжэй за цану беларускага кантракту. За нафту мы плацілі каля 80−85% ад сусветнай цаны. Калі браць цану на газ і нафту разам, то ўпершыню пры гэтым рэжыме Беларусь плаціла рынкавы кошт за энергетычныя пастаўкі з Расіі. То бок падтрымка ў выглядзе субсідый адпала. А памятайма, што з 2019-га Расія штогадова павышае падатак на здабычу нафты ў межах падатковага манеўру, што для Беларусі будзе азначаць рынкавы кошт на расійскую нафту з 2024 года.

Другім механізмам, якім Расія падтрымлівала беларускую эканоміку, былі крэдыты, якія яна была гатова даваць, калі цэны на нафту ці газ павышаліся. І амаль кожны год Беларусь брала гэтыя крэдыты, у тым ліку каб пагасіць старыя даўгі перад Расіяй. Але апошні міждзяржаўны крэдыт, які Мінску выдзеліла Расія перад сочынскімі дамовамі пасля выбараў, быў у жніўні 2017-га. То бок ужо тры гады Беларусь не атрымлівала такіх пазыкаў. Можна сказаць, што і гэты механізм не выкарыстоўваецца напоўніцу.

Цяпер пра тыя 1,5 млрд долараў, аб якіх дамовіліся ў Сочы. Першыя паўмільярда трапілі праз два месяцы пасля выбараў, другія — пад канец года, трэція першапачаткова беларускія ўлады спадзяваліся атрымаць да канца першага квартала, зараз ужо кажуць, што да канца чэрвеня. Як будзе насамрэч, невядома. А грошы не такія і вялікія.

Што датычыцца маскоўскага фондавага рынку, ён не настолькі вялікі, каб атрымаць там некалькі мільярдаў долараў. Беларусь тройчы выпускала дзяржаблігацыі на Маскоўскай біржы — 7 млрд расійскіх рублёў у 2010 годзе, і па 10 млрд расейскіх рублёў у 2019-м і 2020-м. Апошні выпуск быў эквівалентны 130 млн долараў. Нават калі зараз запрапануюць больш высокі працэнт, то наўрадці атрымаецца знайсці інвестараў на суму большую, чым некалькі сотняў мільёнаў долараў. А Беларусі патрэбна прыкладна 5 млрд долараў штогод, каб плаціць па дзяржаўных даўгах і фінансаваць дэфіцыт сектара дзяржаўнага кіравання.

Агулам жа толькі перад Расіяй дзяржаўная запазычанасць на пачатак гэтага года складала 11 млрд долараў. Гэта 8,4 млрд долараў міждзяржаўных крэдытаў. Астатак па трох крэдытах ЕФСР, залежнага ад Расеі, быў 2,5 млрд долараў. Яшчэ астатак па двух згаданых выпусках на Маскоўскай біржы складаў прыкладна 200 млн долараў.

У Расіі шмат рычагоў эканамічнага ціску на рэжым, але калі сітуацыя будзе пагаршацца, не думаю, што Расія будзе гатовая штогод выдзяляць па 5 млрд долараў, каб падтрымаць існаванне рэжыму.

— Вы вядзеце да таго, што грошы знайсці цяжка і на гарызонце бачны дэфолт? Аб магчымасці яго наступлення не так даўно спрачаліся паміж сабой эканамісты.

— Я ацэньваю рызыкі і сітуацыю ў эканоміцы на аснове афіцыйных дадзеных. Калі яны сапраўдныя, то рана казаць пра дэфолт. Калі ж дапусціць, што яны могуць быць несапраўднымі, то сітуацыя можа выглядаць іначай.

— Чаму ім быць несапраўднымі?

— Ёсць прыклад Польшчы. Калі ў 1989 годзе ў выніку выбараў там змяніліся ўлады, то першы дэмакратычны ўрад даведаўся, што ў дзяржаўным банкаўскім сектары на той момант не хапае валютных дэпазітаў фізасобаў, здаецца, на сумму, эквівалентную 1 млрд долараў.

Я на самым пачатку казаў, што мы не ведаем, калі ўпадзе тая апошняя сняжынка. Ці як гаворыцца ў «Майстры і Маргарыце», самае дрэннае не тое, што чалавек смяротны, а тое, што часам ён смяротны раптоўна. Гэтак жа і з эканомікай: крызіс можа адбыцца імкліва і нечакана.

Але паўтару, шмат будзе залежаць ад Расіі — ці будзе яна гатовая надалей трымаць Лукашэнку на кароткім ланцужку і даваць яму выключна той мінімум, каб ён не аб’явіў дэфолт па расійскіх крэдытах.

«Новым уладам трэба будзе вяртаць давер да дзяржаўных інстытутаў»

— На той момант, калі адбудуцца палітычныя змены ў краіне, эканоміка можа аказацца ў дрэнным стане. Як праходзіць эканамічнае аднаўленне ў краінах, якія пераходзяць да дэмакратыі?

— Мы не ведаем, ў якой сітуацыі будзе эканоміка, калі адбудуцца змены, хутчэй за ўсё вы маеце рацыю і яна будзе ў значна горшым стане, чым цяпер. Зараз сітуацыя выглядае горш, чым адразу пасля жніўня, а праз паўгады можа быць яшчэ горш. Але ж эканоміка ў любым разе не знікне. Гэта паказвае досвед розных краін. Такія драматычныя сітуацыі ў эканоміцы перажывалі Польшча, Чэхаславаччына, Літва, Латвія, Эстонія, Украіна ў рэшце рэшт перажыла нешта падобнае ў 2014 годзе. І цяпер ва Украіне мінімальны заробак на 50 долараў вышэйшы, чым ў Беларусі, па сярэдняму заробку яна яшчэ трохі адстае.

Першае, што трэба будзе зрабіць новым уладам, гэта вярнуць давер да дзяржаўных інстытутаў. Ім трэба будзе тлумачыць людзям усё, што яны робяць, адкуль крыніцы фінансавання, як будзе выглядаць эканоміка праз 5−10 гадоў, каб людзі разумелі, дзеля чаго яны ахвяруюць.

Натхняць людзей будзе эмацыйны ўздым ад таго, што мы, нарэшце, самі выбіраем уладу, і яна падсправаздачная народу. Памятаеце, як людзі інтэграваліся, калі быў кавід, наколькі яны былі згуртаванымі і дапамагалі адно аднаму пасля жніўня? Магчыма, гэта набудзе большы памер, бо за дапамогу больш не будуць біць і саджаць.

Па-другое, у кароткай перспектыве трэба будзе стабілізаваць эканоміку праз пэўную антыкрызісную праграму.

Больш доўгатэрміновы напрамак — гэта інстытуцыйныя рэформы. Пра іх ужо пісалі і распавядалі, у тым ліку ў адкрытым лісце 62 вядомых эканамістаў. Там прапісаны 11 пунктаў, што маецца зрабіць. Магу назваць тры, на мой погляд, самыя галоўныя з іх.

Трэба аддзяліць судовую сістэму ад іншых галінаў улады, каб надаць ёй незалежнасць і пазбавіцца тэлефоннага права і ціску з боку выканаўчай улады.

Другая важная, на мой погляд, рэформа з’яўляецца як бы перадумовай для правядзення структурных рэформ, — гэта перагляд сацыяльнай палітыкі. Не можа быць так, што чалавек, які страчвае працу, атрымлівае дапамогу па беспрацоўю на ўзроўні 10−20 долараў. За гэтыя грошы немагчыма набыць нават гальштук, каб прыйсці на сумоўе, не кажучы пра тое, каб пракарміць сябе і сваю сям’ю. Дапамога павінна быць павышана да ўзроўню пражытачнага мінімуму — гэта могуць быць 200−300 долараў. Увогуле сацыяльная падтрымка павінна быць адраснай.

Трэцяя інстытуцыйная рэформа тычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў. Няма чаго хаваць, гэта адна з самых важных рэформаў, ад якой будзе залежыць поспех усёй праграмы эканамічных рэформ. Калі тут атрымаецца правесці паспяховыя рэформы, то і ўся праграма будзе паспяховай, калі не — то ўся праграма можа скончыцца няўдачай.

«Крыніц фінанасавання хапае. Галоўнае, каб была палітычная згода на правядзенне рэформаў»

— Такія маштабныя перамены патрабуюць нямала фінансаў. Дзе іх браць?

— Ёсць некалькі крыніц, якія можна падзяліць на вонкавыя і ўнутраныя. Калі казаць пра вонкавыя, то ўжо цяпер Офіс Святланы Ціханоўскай вядзе шчыльную супрацу з Еўракамісіяй наконт гэтак званага ўсеабдымнага плану эканамічнай падтрымкі для новай Беларусі (у народзе ён завецца планам Маршала для Беларусі). Мы сустракаемся кожны месяц і размаўляем пра тое, якія ёсць патрэбы ў беларускай эканомікі, што можа прадставіць Еўрапейскі саюз. Гэты дакумент будзе агучаны і даступны публічна.

Калі называць некаторыя элементы гэтага плана, то гэта павелічэнне фінансавання праграм развіцця прыватнага бізнесу праз ЕБРР і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. У 2019 годзе яны інвеставалі ў беларускую эканоміку ў форме крэдытаў і грантаў каля 900 млн долараў — гэта 1,5% ВУП Беларусі на той момант. Уявіце, калі на падтрымку і развіццё прыватнага сектару гэтымі банкамі будзе выдадкоўвацца 1,8 млрд долараў штогод.

Іншы элемент — гэта падтрымка з боку Еўрасаюза для новай стабілізацыйнай праграмы між Беларуссю і МВФ. Як вы памятаеце, у 2017−2018 годзе ішла гаворка пра такую праграму на 3 млрд долараў пад 2% гадавых з выплатай напрацягу 10 гадоў. Па сутнасці гэта праграма беларускага ўраду і ад яго будзе залежыць, што там будзе прапісана, галоўнае, каб была палітычная згода на правядзенне структурных рэформаў.

Калі МВФ выдзяляе крэдыты, то заўсёды далучаецца і Сусветны банк з рознымі інфраструктурнымі праектамі. А ўслед і Еўрапейскі саюз. У іх ёсць такі інструмент, як макрафінансавая падтрымка. Яе ў розныя перыяды атрымлівалі між іншым Украіна, Малдова і Грузія. Гэтыя грошы даюцца без дадатковых умоваў дзеля закрыцця дыраў у бюджэце. Напрыклад, Украіна ў 2014−2020 гадах атрымала макрафінансавую падтрымку ад ЕС на суму 3,8 млрд еўра.

Прадугледжана таксама падтрымка для ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, што дапамагло б нам дыверсіфікаваць экспарт, мінімізаваўшы бар’еры для беларускіх тавараў і паслуг на замежных рынках. У ёй 164 краіны, а мы з’яўляемся той нібыта экспартна арыентаванай краінай, якой няма ў СГА.

Плюс шмат пунктаў плану тычацца тэхнічнай падтрымкі правядзення рэформаў.

Мы таксама вядзем перамовы з прадстаўнікамі ЗША, каб гэта была падтрымка не толькі ЕС, але і ЗША. Тут таксама ёсць пазітыўнае стаўленне і гатоўнасць супрацоўнічаць, магчыма спатрэбіцца яшчэ крыху часу, каб гэта сфармалізаваць і агучыць.

Плюс трэба будзе правесці канферэнцыю донараў беларускай эканомікі, якія будуць гатовыя рэфінансаваць частку дзярждоўга Беларусі. На сёння знешні доўг дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні (паводле метадалогіі МВФ) складае больш чым 27 млрд долараў (45% ВУП) Сярэдняя працэнтная стаўка па дзярждоўгу складае каля 5%. Калі хаця б 10 млрд долараў з яго рэфінансаваць дапусцім пад 2%, то розніца ў 3 пункты — гэта эканомія 300 млн долараў штогод. А калі яшчэ і расцягнуць у часе выплату крэдытаў, то замест 3−4 млрд долараў штогадовых выдаткаў на пагашэнне і абслугоўванне дзярждоўгу можна будзе ашчадзіць нават 1−1,5 млрд.

Акрамя міжнародных крыніц падтрымкі, ёсць унутраныя. У Беларусі варта расфарміраваць Упраўленне справамі прэзідэнта, якое па сутнасці займаецца бізнесам, і прадаць яго маёмасць.

У той жа час неабходна перагледзець фінансаванне выдаткаў цэнтральнага і мясцовых бюджэтаў, між іншым на ўтрыманне дзяржапарату (напрыклад, тысячаў ідэёлагаў) і апарату рэпрэсій. Акрамя таго, штогод шмат выдаткоўваецца на дзяржпрадпрыемствы, і гэтыя грошы па сутнасці не вяртаюцца. Без змены менеджменту, матывацыі, увядзення міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці і сапраўднага карпаратыўнага кіравання, гэтыя грошы можна выдаваць бясконца. А так не павінна быць.

Насамрэч крыніц фінансавання эканамічнай праграмы хапае. Але галоўнае — гэта палітычная воля для правядзення рэформаў, якой, як мы бачым, на працягу 26 гадоў не было.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: