Эканаміст: беларусы не могуць прапанаваць украінскаму рынку нічога новага

Чаму для беларускага бізнесу санкцыі Кіева супраць расійскіх пастаўшчыкоў — гэта не толькі шанец павялічыць сваю прысутнасць на ўкраінскім рынку, але і дадатковыя праблемы на ўнутраным, тлумачаць эканамісты.
З 1 жніўня Украіна ўводзіць мытныя пошліны на расійскія тавары, за выключэннем адчувальных імпартных пазіцый: вугалю, коксу, бензіну, звадкаванага газу і фармацэўтычнай прадукцыі. Гэта значыць, што імпарт расійскіх тавараў ва Украіне можа знізіцца.

Рашэнне ўладаў Украіны можа быць на руку беларускім экспарцёрам. Тым больш, што Беларусь разлічвае павялічыць у 2019 годзе экспарт на рынак паўднёвай суседкі на 30%.

У Беларусі мала шанцаў павялічыць экспарт ва Украіну, лічыць выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Яраслаў Раманчук.

— Украінскія вытворцы маюць свае рычагі ўплыву і лабіявання. Нічога новага для ўкраінскага рынку мы прадставіць не можам. Па канкурэнтаздольнасці ўкраінскія тавары істотна лепш на іх рынку, чым беларускія, — тлумачыць эканаміст.

І ўсё ж ён лічыць важным спрабаваць павышаць узровень прысутнасці беларускай прадукцыі на рынку Украіны, ствараць беларускія брэнды і праводзіць маркетынг айчыннай прадукцыі, здымаць нетарыфныя і тарыфныя абмежаванні.

Але эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што без сяброўства ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі і без паўнавартаснай дамовы аб свабодным гандлі паміж Беларуссю і Украінай зрабіць гэта будзе досыць складана.

У цэлым карціна з экспартам у пачатку гэтага года не вельмі аптымістычная. У першым квартале 2019 года экспарт беларускіх тавараў скараціўся на 3,2% — да 7,713 мільярдаў даляраў. У Расію ён знізіўся на 3,5% — да 2,994 мільярда долараў. Сур'ёзна ўпаў экспарт нафтапрадуктаў — на 14,4%, прыводзіць дадзеныя аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха. Хоць істотны рост паказаў экспарт калійных угнаенняў — 26,1%.

Паводле звестак Белстата, экспарт ва Украіну ў студзені-лютым гэтага года вырас на 4,7% у параўнанні з тым жа перыядам 2018 года. З прычыны ўскладненай для расійскага імпарту ва Украіне сітуацыі асобныя беларускія тавары могуць атрымаць дадатковую канкурэнтную перавагу на ўкраінскім рынку і павялічыць экспарт сваёй прадукцыі.

— Але я не стаў бы пераацэньваць магчымасці і казаць аб істотным прыросце ў абсалютным выразе, — кажа Аляксандр Муха.

Многае будзе залежаць ад прысутнасці беларускіх пастаўшчыкоў па канкрэтных таварных пазіцыях і іх канкурэнцыі з расійскімі як на рынках Украіны і трэціх краін, так і на радзіме. Расійскія суб'екты гаспадарання могуць пераарыентаваць экспартныя пастаўкі якія трапілі ва Украіне пад абмежаванні тавараў на іншыя рынкі, у тым ліку і беларускі.

— У выніку той умераны станоўчы эфект для беларускіх кампаній у частцы магчымага пашырэння экспарту асобных тавараў ва Украіну можа быць перакрыты, часткова ці цалкам, за кошт узмацнення прысутнасці расійскіх тавараў на ўнутраным беларускім рынку і рынках трэціх краін, на якіх працуюць беларускія кампаніі, — адзначае Аляксандр Муха.

Яраслаў Раманчук лічыць, што ў Беларусі, мяркуючы па дадзеных аналітыкі расійскага ўрада і Еўразійскага банка развіцця, выбудаваная досыць жорсткая сістэма пратэкцыянісцкіх мер нетарыфнага характару для ўваходу на рынак расійскіх тавараў. Таму наўрад ці можна чакаць экспансіі расійскіх тавараў на айчынным рынку.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!