Эканаміст: «Экалагічны падатак на нафту — гэта ціск на Крэмль»

Паводле чарговага ўказу Лукашэнкі з арганізацый, якія транспартуюць нафтапрадукты, будзе брацца падатак з прыбытку 50%. «Свабода» тлумачыць, што гэта значыць.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 9 «Аб падаткаабкладанні». Цяпер з прыбытку арганізацый, якія транспартуюць нафту і нафтапрадукты, будзе спаганяцца падатак 50%.

Таксама падаткам абкладаецца транзіт нафты і нафтапрадуктаў праз Беларусь магістральнымі трубаправодамі. Падатак увялі, каб былі сродкі на выпадак аварыі на трубаправодзе ці іншых непрадбачаных сітуацый.

«Экалагічныя падаткі ёсць шмат дзе, і гэта нармальная практыка, — кажа кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. — Але гаворка пра транзіт нафты, і ў дамове мусяць быць палажэнні, якія гавораць, што такія рэчы трэба ўзгадняць з Расіяй. Увядзенне падатку на будучыя паломкі ці аварыі — гэта дзіўны крок», — кажа кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

На ягоную думку, на такі крок Беларусь пайшла, каб кампенсаваць грошы, якіх мы не атрымаем з прычыны новых цэнаў на нафту.

«Гэта інструмент прымушэння Крамля яшчэ раз абмеркаваць нафтавае пытанне», — лічыць Яраслаў Раманчук.

Тым часам расійскае дзяржаўнае агенцтва РИА Новости паведаміла са спасылкай на крыніцы ў галіне, што экалагічны падатак будзе плаціць беларускае прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», а ўказ накіраваны на пераразмеркаванне прыбыткаў.

Намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Гомельтранснафта Дружба» Сяргей Булычоў, якому патэлефанаваў карэспандэнт Свабоды, устрымаўся ад каментараў.

13 снежня прадстаўнікі антыманапольных ведамстваў Беларусі і Расіі не дамовіліся па тарыфах на транзіт расійскай нафты і нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі. Перамовы працягнуцца ў бліжэйшы час. Пытанне аб тарыфах павінна быць вырашана не пазней за 15 студзеня, калі зрабіць гэтага не атрымаецца, рашэнне павінна быць прынятае да 1 лютага, адзначае МАРГ Беларусі.

З 1 студзеня Расія не пастаўляе нафты ў Беларусь, бо няма дамовы аб цане на яе. Ад гэтага беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць з мінімальнай загрузкай. Новы падатак будзе тычыцца ў тым ліку расійскіх кампаній, якія транспартуюць нафту праз беларускія трубаправоды.


Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 года Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расійская нафта працягвае паступаць транзітам праз Беларусь у Еўропу.
  • Беларусь і Расія дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 снежня.
  • 31 снежня Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Гатоўнасць транспартаваць нафту ў Беларусь ужо выказалі суседнія Латвія і Літва.
  • Беларускія НПЗ пакуль працуюць на леташніх запасах, аб’ёму якіх хопіць прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыніла.
  • Паводле неафіцыйных звестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэння запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзення перамоваў.
  • Мінск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампенсацыю за расійскі падатковы манеўр. У беларускі бюджэт — 2020 закладзеныя страты ў памеры 951 мільёнаў рублёў.
  • Расія дагэтуль не кампенсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 года.

www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: