Лукашэнкавы разносы не палепшаць сітуацыю ў эканоміцы

Апошні тыдзень вызначыўся паездкамі кіраўніка Беларусі па рэгіёнах краіны, у выніку некаторыя ўладныя асобы пазбавіліся пасады, хтосьці атрымаў вымовы, а некаторыя апынуліся пад пагрозаю зняволення. Але ці адаб’ецца гэта на эканамічным становішчы краіны?  
president.gov.by

president.gov.by

Пра гэта — у інтэрв’ю «Новага Часу» з эканамістам і прадпрымальнікам Львом Марголіным.

— З чым быў звязаны разнос кіраўніка краіны на Шклоўшчыне, і наколькі ён быў этычны ў дачыненні да яго падначаленых?

— Наконт этычнасці пытанне было закрытае яшчэ 25 гадоў таму, а прычынаю разносу стаўся агульны стан эканомікі. А паколькі гэты стан паляпшацца не будзе, мы такія разносы станем назіраць усё часцей. Гэта свайго кшталту пэўны нервовы зрыў. Лукашэнка не разумее, што праблема сістэмная. Яму падаецца, што гэта эксцэс выканаўцы, што выканаўцы не жадаюць рабіць так, як ім загадана. І з гэтым давядзецца сутыкацца ўсё часцей, бо абрывацца будзе ўсё больш і паўсюль.

— Чаму высокапастаўленыя чыноўнікі не могуць супярэчыць свайму босу? Чаму тая ж кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава моўчкі ківае падчас крыку кіраўніка дзяржавы, але не можа сказаць, прынамсі публічна, ані слова ў адказ?

— Таму што падбіраюь такіх чыноўнікаў. Узгадайма, што калісьці ішло сур’ёзнае абмеркаванне, ці варты Сяргей Сідорскі пасады прэзідэнта, ці не. Ну, не бяруць туды кагосьці, хто можа супярэчыць шэфу, выказаць сваё ўласнае меркаванне, туды бяруць толькі тых, хто моўчкі ківае і запісвае за шэфам самыя глупыя рэчы. Таму і такія вынікі. З аднаго боку, гэта добра для Лукашэнкі, а з іншага боку, не варта патрабаваць ад гэтых людзей нейкай самастойнай работы.

— Шклоўшчына, па вялікім рахунку, з’яўляецца вотчынай Лукашэнкі. Чаму там амаль нічога не мяняецца?

— Таму што нідзе нічога не мяняецца. Думаеце, калі ён днямі ў Баранавічах даў заданне пераўтварыць іх у горад-сад, альбо раней было такое ж заданне пра Воршу, то насамрэч гэтыя гарады стануць нечым незвычайным? Хаця, калі б сапраўды атрымалася нешта зрабіць у Воршы і Баранавічах, у людзей была б нагода сказаць, што гэта ўзровень Аляксандра Лукашэнкі, хаця б на прыкладзе аднаго гораду. Але нават гэтага не атрымліваецца дасягнуць. І не атрымаецца, я вас запэўніваю.

— Кіраўнік дзяржавы пастаянна атаясамлівае сябе з вяскоўцам, з селянінам. Чаму тады ўжо 25 гадоў у нас амаль нічога не атрымліваецца ў сельскай гаспадарцы?  

— Мы ўжо крыху падзабыліся, але гэты селянін у свой час кіраваў даволі пасрэдным саўгасам. «Гарадзец» ніколі не быў параўнальны з калгасам «Рассвет», калгасам імя Калініна Нясвіжскага раёна ці Вярцілішкамі. Лукашэнка можа кіраваць як адміністратар, вельмі жорсткі, патрабавальны і гэтак далей. Але нават у саўгасе гэтага мала. Патрэбныя веды, уменні, падыход да людзей, трэба ўмець збіраць нейкі калектыў вакол сябе.
Але ў Лукашэнкі ёсць самая галоўная праблема – ён не церпіць вакол сябе людзей, якія больш разумныя ці лепшыя за яго, ён увогуле не верыць, што такія існуюць. І калі такія з’яўляюцца, ён лічыць, што гэта ледзьве не змова супраць яго. А сусветны досвед паказвае, што паспяховымі бываюць тыя кіраўнікі, якім атрымліваецца сабраць вакол сябе сапраўдны калектыў, людзей, якія, магчыма, шмат у якіх рэчах больш таленавітыя і дасведчаныя, чымся ты. А твая задача — такіх людзей арганізаваць, спалучыць паміжсобку і захаваць.

— Наколькі апраўданыя выказванні некаторых асобаў, што сельская гаспадарка ў Беларусі можа быць сталкерам эканомікі?

— Не можа, бо гэта рэч кан’юнктурная, таму што характар развіцця сельскае гаспадаркі ў нас пераважна экстэнсіўны. Так, там ёсць асобныя элементы – механізацыя, хімізацыя і гэтак далей, але смешна ў ХХІ-м стагоддзі атрымліваць 20 цэнтнераў збожжа з гектара, калі ў цывілізаваных краінах атрымліваюць 85-90 цэнтнераў. Тое самае тычыцца і жывёлагадоўлі. Калі ў свеце ёсць попыт на сельскагаспадарчую прадукцыю, то мы можам нешта на гэтым зарабіць. Але заўтра можа ўсё змяніцца, будзе перавытворчасць гэтай прадукцыі, і мы зноўку першымі станем нікому не патрэбнымі, бо сабекошт гэтае прадукцыі ў нас даволі высокі.

— Што можа стаць сталкерам беларускае эканомікі замест сельскай гаспадаркі?

— Нічога не можа быць сталкерам беларускае эканомікі апроч сістэмных рэформаў. Любое развіццё – гэта грошы, інвестыцыі. Калі яны ёсць, то ёсць і развіццё. Стварыце ўмовы ў Беларусі, каб сюды пайшоў інвестар, стварыце адпаведную палітычную і прававую сітуацыю. Бо дзе рване — ніхто не ведае, але дзесьці рване, то бок, можа, прыйдзе інвестар, які сам яшчэ не ведае, што з гэтага атрымаецца. І раптам у яго рване, і разам з ім «папрэ» ва ўсёй краіне. Але для гэтага патрэбныя ўмовы. І калі ёсць умовы, то могуць прыйсці дзесяць чалавек, аднак атрымаецца толькі ў аднаго, але вось гэта і каштоўна.  

— Нашы ўлады разумеюць, што адбываецца?

— Я думаю, што не разумее толькі адзін чалавек. Кожны новы ўрад спрабуе пэўным чынам пераканаць яго, але, верагодна, гэта немагчыма. Бо калі чалавек да 60 гадоў (а яму сёлета споўіцца 65), не зразумеў асноўных глабальных тэндэнцыяў развіцця эканомікі, то ён ужо не здольны іх зразумець.

— Колькі сама краіна можа вытрымаць такога неразумення?

— Даволі доўга. Ёсць інерцыя развіцця. У Расіі, да прыкладу, крыху кошты на нафту вырастуць, Расія крыху пабагацее, і з’явіцца попыт на нейкую беларускую прадукцыю. Недзе ўхапіліся за сельскую гаспадарку, недзе ўхапіліся за дрэваапрацоўку, яшчэ за штосьці, глядзіш — усе растуць, і мы патроху падрастаем. Свае паўтара працэнты росту ВУП будзем мець. І жыць — не жывем, але і паміраць — не паміраем.

— Наколькі мы адсталі ад цывілізаванага свету?

— Гэта філасофскае пытанне, бо краіна неаднародная і яна не можа быць аднароднай. Ёсць такія кластары, як Парк высокіх тэхналогіяў, і я думаю, што там мы ўвогуле не адсталі. Але ён не выцягне ўсю краіну, бо, па-першае, мы не знойдзем столькі таленавітых людзей у гэтай галіне. Увогуле, многае не атрымліваецца ў нас таму, што няма прыватнага інтарэсу. У нас інвестыцыі, грошы дзяржаўныя, гэта значыць, нічые, і тыя, на каго гэтыя грошы праліліся дажджом, думаюць толькі пра тое, як ад гэтага што-небудзь адшчапіць.  


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!