Эканамісты: 2015 год — час страчаных магчымасцяў

Старая эканамічная мадэль паказала сваю бесперспектыўнасць, але рэформы па яе трансфармацыі так і не пачаліся. Такую думку выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы эканамічныя вынікі 2015 года.



Фота з сайта belapan.by


Як зазначыў эканаміст Антон Балточка, асноўны прагрэс быў бачны ў частцы грашова-крэдытнай палітыкі, якая дазволіла запаволіць інфляцыю, забяспечыць адносную макраэканамічную стабілізацыю. 


"Пры гэтым у сыходзячым годзе практычна нічога не было зроблена для таго, каб закласці аснову для эканамічнага росту ў наступныя перыяды. Гэты год стаў перыядам страчаных магчымасцей", — мяркуе Балточка. 



Паводле слоў экспертаў, рэцэсія ў Расіі выклікала спад прамысловай вытворчасці ў Беларусі. Больш за ўсё пацярпелі з-за гэтага традыцыйныя сектары беларускай эканомікі (у прыватнасці, машынабудаванне), якія дасталіся рэспубліцы з савецкіх часоў. 



"У 2015 годзе мы прыйшлі да банкруцтва, якое засталося з савецкіх часоў прамысловага патэнцыялу і да маральнага правалу нашай эканамічнай мадэлі", — зазначае эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова



Паводле яе ацэнкі, значнае зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, якое назіраецца сёлета, стала прамым вынікам праблем, якія набраліся ў рэальным сектары эканомікі. "Зніжэнне даходаў у сыходзячым годзе — гэта плата насельніцтва за неканкурэнтаздольнасць нашых прадпрыемстваў", — мяркуе Барнукова. 



Росту даходаў грамадзян у 2016 годзе эканамісты не прагназуюць. "Насельніцтва або атрымае зніжэнне даходаў у рэальным выражэнні, або іх стагнацыю", — мяркуе Антон Балточка. 



Станоўчыя змены ў беларускай эканоміцы могуць адбыцца толькі ў сярэднетэрміновай перспектыве ў выпадку пачатку рэформ. "У 2016-м мы наўрад ці ўбачым у эканоміцы станоўчыя змены. У выпадку пачатку рэформ праз два-тры гады можна разлічваць на павышэнне канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў і тады пазітыўныя зрухі ў эканоміцы можна будзе канстатаваць", — прадугледжвае Кацярыны Барнукова.



Варта зазначыць, што зараз улады вядуць перамовы аб атрыманні новых крэдытаў з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, якія настойваюць на правядзенні структурных рэформ у Беларусі. Размова, у прыватнасці, ідзе аб рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў, рэфармаванні сістэмы дзяржпадтрымкі эканомікі, а таксама павышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі для насельніцтва ў 2016 годзе.

 
Дзмітрый Заяц, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!