Эканоміка шыхтавацца не хоча!

Усе раптам рынуліся падводзіць вынікі сваёй працы. Хаця звычайна гэта робіцца тыдні за два-тры да Новага года. Бачна, Новы год сёлета наступіць раней, чым звычайна.


З папярэдніх вынікаў бачна, што эканоміка — хоць ты забіся! — не жадае выконваць загады. На пасяджэнні Саўміна 15 лістапада прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў паведаміў, што з сямі найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця выконваюцца толькі два. Асабліва яго непакоіла, што ніяк не атрымліваецца знізіць сабекошт прадукцыі.

Нагадаем, у лютым гэтага года кіраўнік краіны падпісаў указ № 78 «Аб захадах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь». У ім было загадана вытворцам знізіць сабекошт выпускаемай прадукцыі не менш чым на 25%. «У нас што, няма магчымасці сабекошт скараціць на 25%? Вы ж паглядзіце: мы ў дзесяць разоў адстаём ад Заходняй Еўропы, маючы лепшыя цэны на сыравіну і энерганосьбіты. Канкрэтная лічба: зніжэнне сабекошту на 25%. І гэтую лічбу паніжэння не атрымаецца нікому намаляваць. Ці пойдзеце пад суд, калі паспрабуеце гэта зрабіць!» — у звыклай для сабе манеры каментаваў прыняцце дакументу Лукашэнка.

Па выніках дзевяці месяцаў 2016 года сабекошт рэалізаванай прадукцыі вырас на 10,5%.

Ніяк не хоча расці ВУП. Ён за тры дэкады знізіўся на 2,8%. Па-ранейшаму асноўны ўплыў на агульны вынік аказвае секцыя будаўніцтва — мінус 1,3%. Мінус 0,8% дае гандаль. Па валавым рэгіянальным прадукце за дзевяць месяцаў ні адзін з рэгіёнаў не дасягнуў узроўню мінулага года.

Таксама Кабякоў звярнуў увагу на павелічэнне колькасці стратных арганізацый — у параўнанні з кастрычнікам мінулага года больш на 13%. Закрануў прэм’ер і пытанні са стварэннем новых працоўных месцаў. «Задачу, вызначаную ўказам №78 аб штогадовым стварэнні не менш за 50 тысяч новых працоўных месцаў, выконваем. За дзевяць месяцаў ужо створана 54,2 тысячы працоўных месцаў, у тым ліку 29,2 тысячы на зноў створаных прадпрыемствах. Але пры гэтым колькасць занятых у эканоміцы знізілася на 60 тысяч чалавек», — адзначыў ён.

Няма ніякага «ўстойлівага развіцця». Калі нешта недзе ў нас палепшылася, у іншым сектары — абавязкова прасела. Прычым, прасядае там, дзе мы спрабуем кіраваць эканомікай адміністрацыйнымі сродкамі. Адкуль у нас возьмецца зніжэнне сабекошту прадукцыі, калі прадпрыемствы састарэлі маральна і фізічна? Каб іх узнавіць, патрэбны інвестар. Інвестар без прыватызацыі не прыйдзе. На прыватызацыю не пагаджаецца вышэйшае кіраўніцтва.

Узгадваецца показка, як пасадзілі ў 1937-м сантэхніка за фразу: «Тут усё прагніла, трэба ўсю сістэму мяняць». Сістэму мяняць ніхто не збіраецца. Вось і боўтаемся ў нявырашаных і невырашальных праблемах.



Дадаў суму і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц. Па яго словах, у Беларусі на 1 верасня 2016 года 348 сельгаспрадпрыемстваў, або 24% ад усёй колькасці, былі стратнымі. Аднак тут ёсць два моманты. Па-першае, па яго ж інфармацыі, у Беларусі 323 сельгасарганізацыі з доляй дзяржуласнасці падлягаюць дасудоваму аздараўленню, а 102 — банкруцтву. А гэта ўжо не 348 «стратных», а 425. Па-другое, Заяц звыкла лічыць, што прыватызацыя і продаж гаспадарак ім не дапамогуць. «Нам неабходна захаваць гэтыя сельгаспрадпрыемствы, захаваць працоўны калектыў, падняць іх на больш высокі ўзровень развіцця, змяніць уласніка і надаць яму новы імпульс», — лічыць кіраўнік ведамства.

Зноў жа пытанне: які «новы ўласнік» пагодзіцца з тым, каб яму «надавалі новы імпульс»? А калі мяняць уласніка толькі для таго, каб кіраваць ім надалей, то навошта змена ўласніка?

І пра мадэрнізацыю. У перапрацоўчай прамысловасці, па словах Зайца, стратныя пяць з 40 малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў і 10 з 23 — мясаперапрацоўчых. Цікава, навошта тады будаваць нейкія новыя свінагадоўчыя комплексы, супраць якіх пратэстуюць жыхары, напрыклад, Маладзечна? Каб стварыць яшчэ адно стратнае прадпрыемства?

Не дзіва, што агульная сітуацыя адбіваецца і на буйным бізнесе. «Трывожны званочак» атрымала краіна з Міністэрства па падатках і зборах. «Чорны спіс» гэтага ведамства папоўнілі некалькі кампаній, у якіх праблем раней не было. У іх ліку апынуліся дзве кампаніі вядомага бізнесоўца Аляксея Ваганава («Лада ОМС Энерга» і «Лада ОМС-Інжэнірынг»), занятыя ў рэалізацыі некалькіх знакавых праектаў у жылой і гасцінічнай нерухомасці, адзін з лідараў рынку па вытворчасці сухіх будаўнічых сумесяў «Сармат Кіруючая Кампанія». У спісе досыць шмат бізнесаў з сектараў гандлю і паслуг. Сярод іх кампаніі «Зіка», «Далідовіч», «Белатра», «Дылерторг». У мінскай падатковай засталіся пытанні да Мінскага заводу безалкагольных напояў, «Акватрайпла» Юрыя Чыжа і «Белвінгруп». Таксама сярод неплацельшчыкаў апынуўся футбольны клуб «Крумкачы».

Фактычна гэта азначае, што ніякі бізнес у сённяшняй Беларусі не ёсць паспяховым. Буйны ён ці маленькі, гандлюе ён ці стварае, абслугоўвае альбо перапрадае — у заняпадзе апынуліся ўсе. А што з гэтым рабіць — ва ўрадзе не ведаюць. Дакладней, ведаюць, што «сістэму трэба мяняць», але нікому не хочацца паўтараць лёс сантэхніка з 1937-га.

І без таго краіна апынулася ў сумным спісе. Паводле дадзеных даследавання амерыканскага некамерцыйнага цэнтра «Prison Policy Initiative», Беларусь заняла 12 месца ў свеце па колькасці зняволеных у турмах: у нашай краіне на 100 тысяч жыхароў прыпадаюць 306 арыштантаў. Усяго ў даследаванні былі ахоплены каля 200 краін.

Першае месца ў спісе займаюць ЗША — 693 зняволеных на 100 тысяч насельніцтва. Другое — Туркменістан (583 арыштанта), пасля яго ідуць Сальвадор (517), Куба (510) і Тайланд (472). Апошняе месца ў рэйтынгу дасталася Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, дзе на 100 тысяч жыхароў прыпадаюць усяго 16 вязняў.

Сярод краін былога СССР Беларусь заняла трэцюю пазіцыю, пасля Туркменістана і Расіі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: