Эканомім капейку, марнуем рубель

Крохкае паляпшэнне эканамічных паказчыкаў краіны, падаецца, затлуміла галовы яе кіраўніцтву. І яно, кіраўніцтва, вырашыла, што ўсё ў нас добра. А таму можна марнаваць грошы направа-налева. Не, канешне, «эканомія і беражлівасць» застаюцца адным з нашых прыярытэтаў. Але...

Аляксандр Рыгоравіч, пераабраны старшынёй Нацыянальнага алімпійскага камітэту, вырашыў у ім пашукаць грошы, выказаўшы адначасова незадаволенасцю працай рэвізійнай камісіі. Падчас алімпійскага сходу ён заслухаў дзяжурную справаздачу гэтай камісіі НАК Беларусі, згодна з якой, натуральна, усё добра. І адразу ж папрасіў Дзяржкантроль праверыць бухгалтэрыю НАК.

«Вы кажаце, што не было ніякіх парушэнняў, усё было нармальна», — заўважыў Лукашэнка, і пацікавіўся, чым былі абумоўлены ў свой час прэтэнзіі праваахоўных органаў да выканкаму НАК, напрыклад, у сферы будаўніцтва. «Тут Леанід Васільевіч (Анфімаў, старшыня КДК) прысутнічае. Я папрашу, праверце справаздачу рэвізійнай камісіі. Яшчэ раз пагля­дзіце на даходы-выдаткі. Разам з Адміністрацыяй прэзідэнта паглядзіце, куды яны трацілі гэтыя грошы, ці правільна. Нельга на вачах у прэзідэнта дапускаць такіх агульных дакладаў рэвізійнай камісіі. Урэшце, гэта велізарныя грошы. І трэба паглядзець, хто куды ў камандзіроўкі ездзіў, ці можна было туды не ехаць», — зазначыў Лукашэнка.

Падаецца, усё слушна: калі ёсць магчымасць зэканоміць у наш няпросты час, трэба гэта рабіць. Але тады варта так рабіць паслядоўна. З аднаго боку, мы шкадуем тысячы долараў на камандзіроўкі (у выніку некаторых з іх наша краіна атрымала права на правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі), а з іншага — выкідваем у паветра мільёны.

Напярэдадні канферэнцыі НАК той жа Лукашэнка заслухоўваў справаздачу аб правядзенні вайсковага параду да Дня Незалежнасці ў Мінску. Ці адмовіўся ад яго кіраўнік дзяржавы, каб ашчаджаць сродкі? Не, наадварот «даручыў арганізаваць яго на высокім узроўні». «Грошай на гэта шкадаваць не варта, тым больш што яны не такія і вялікія», — заявіў ён.

Канешне, можа быць, і невялікія. Але наўрад ці каман­дзіроўкі НАК пацягнуць на мільён долараў — гэта сярэдні кошт параду, выведзены незалежнымі эканамістамі і экспертамі. І гэта — без уліку таго, што танкі ў чарговы раз раскалашмацяць асфальт у цэнтры сталіцы, якія потым давядзецца класці наноў. Рамонт дарог пасля танкаў у кошт параду не ўваходзіць.

Яшчэ адна нятанная цацка — сістэма «вялікага брата», як называюць яе грамадзяне краіны. Маецца на ўвазе сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі, указ пра стварэнне якой падпісаў Аляксандр Рыгоравіч. Мяркуецца, што яна запрацуе праз 2–3 гады ў выглядзе міжведамаснай дзяжурнай часткі і замкне на сабе інфармацыю па меншай меры з 10 тысяч камер назірання па ўсёй краіне. А каштаваць усё гэта будзе 100 мільёнаў долараў.

Прычым, відаць, гэтыя 100 мільёнаў часткова «распіляць». Таму што больш чым на 7 тысячах аб'ектаў па ўсёй краіне камеры відэаназірання ўжо ўсталяваныя. Сярод аб’ектаў — кавярні і крамы, вакзалы і школы, стадыёны і бальніцы. Зразумела, пачнуць усталёўвацца дадатковыя камеры, але ці сапраўды гэта каштуе такіх грошай?

Як паведамляецца, увасаб­ляць праект у жыццё, пачынаючы ад набыцця «жалеза» і заканчваючы эксплуатацыяй, будзе тэхнічны аператар, якога выберуць па конкурсе. Нам кажуць, што гэта будзе альбо дзяржаўная кампанія, альбо «надзейны прыватнік, гатовы стаць інвестарам».

Вы верыце ў тое, што прыватнік «гатовы стаць інвестарам» у справу, якая будзе знаходзіцца пад кантролем сілавікоў і гарантавана не прынясе аніякага прыбытку? Я — не. Магу ўявіць толькі аднаго такога: арганізаваныя злачынныя групоўкі і розныя «злодзеі ў законе». Вось гэтым дакладна трэба ахвяраваць «абшчаком» і інвеставаць грошы ў сістэму відэаназірання — каб потым, шляхам розных маніпуляцый з праграмным забеспячэннем, выключыць магчымасць «засветкі» ў гэтай сістэме сваіх людзей. Хіба толькі такі «інвестар» знойдзецца.

Не дзіва, што, паглядзеўшы на нашу «эканомію», нам не хочуць даваць грошай. Як паведаміў на тыдні міністр фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын, Беларусь пакуль так і не атрымала абяцаны Расіяй крэдыт на 700 мільёнаў долараў, пра які дамовіліся Лукашэнка і Пуцін 3 красавіка. Гэтае пытанне, па словах Амарына, яшчэ знаходзіцца ў стадыі «актыўнай прапрацоўкі».

«Акрамя гэтага, Мінфінам не выключаныя запазычанні на камерцыйных умовах з дапамогай размяшчэння дзяржаўных аблігацый на знешнім фінансавым рынку», — дадаў ён.

У той жа час Амарын паведаміў, што ў гэтым годзе нам трэба пагасіць знешні дзярждоўг у памеры 1 мільярда долараў, а ў студзені 2018 года — еўрааблігацыі ў памеры 800 мільёнаў «зялёных». «Здзейсніць выплаты толькі за кошт даходаў бюджэту раўназначна канфіскацыі значнага аб'ёму рэсурсаў з эканомікі. Таму мы і звяртаемся да рэфінансавання. Мінфін на пастаяннай аснове праводзіць работу па пошуку найбольш аптымальных па кошце і тэрмінах пазыковых рэсурсаў», — дадаў чыноўнік.

То бок, краіна ператвараецца (калі ўжо не ператварылася) у «фінансавую піраміду» — аддаём старыя пазыкі за кошт пазыкаў новых. І пры гэтым працягваем марнаваць так неабходныя грошы на парады ды дзіўныя назіральныя сістэмы.

І яшчэ адна цікавая навіна. У Беларусі будзе адмененае патрабаванне рэгістрацыі банкамі пашпартных дадзеных фізічных асоб, якія набываюць замежную валюту. Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 29 мая. Згодна з дакументам, Нацыянальнаму банку даручана ў трохмесячны тэрмін прыняць захады па яго рэалізацыі.

Як паведамляецца, указ распрацаваны «ў мэтах лібералізацыі валютнага рэжыму і спрашчэння парадку правядзення валютна-абменных аперацый». Пры гэтым набыццё валюты на суму больш чым у 1000 базавых адзінак усё роўна будзе ажыццяўляцца па пашпарце.

Нагадаем, што электронная сістэма ўліку куплі валюты па пашпарце была ўведзена ў Беларусі з 1 кастрычніка 2011 года, у разгар валютнага крызісу, калі менш чым за паўгода нацыянальная валюта дэвальвавалася практычна ў тры разы. Зараз такой праблемы пакуль няма.

У інтэрнэце жартуюць і злуюцца: «Па пашпарце ці без пашпарту, але з такімі заробкамі ў беларусаў няма грошай, каб тую валюту набываць».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!