Эксперт: Шантаж Масквы Лукашэнкам даў плён

Прапанова прэзідэнта Расеі Аляксандру Лукашэнку адносна кампенсацыі нафтавага манеўру ёсць кампрамісным развязаннем. Пра гэта ў каментары belsat.eu заявіў беларускі эканаміст Сяргей Чалы.
Фота 1prime.ru

Фота 1prime.ru

Паводле эканаміста, прапанова расейскага прэзідэнта Менску – гэта даволі сімвалічны крок. Сяргей Чалы мяркуе, што такая кампенсацыя магла стаць адказам на шантаж з боку Аляксандра Лукашэнкі забіраць нафту, якая транзітам праз Беларусь.

«У гэтым выпадку можна сказаць, што шантаж спрацаваў. Пэўна, з гэтым ездзіў Сечын», — дадаў эканаміст.

Эксперт падкрэсліў, што ў нафтавай спрэчцы праўда на беларускім баку. Паводле яго, канфлікт мог вырашыцца яшчэ ў снежні 2018 года, «калі б Лукашэнка не ўзарваў сітуацыю на саміце ў Піцеры, запатрабаваўшы ўсяго і адразу».

«На фоне пахаванай інтэграцыі ды дарожных мапаў ніхто не хоча далейшага пагаршэння. І прапанова па захаванні ўмоваў мінулага года прайшла адносна газу. Чаму не можа прайсці адносна нафты?» — адзначыў Сяргей Чалы.

У сваю чаргу расейскі эксперт у пытаннях нафты ды газу Міхаіл Круціхін адзначыў, што прапанова Уладзіміра Пуціна з’яўляецца выключна палітычнай.

«Тут чыстая палітыка. Тут ужо ніякай эканомікі абсалютна няма. Расейскі бок быццам сказаў, што акрамя нармальнай камерцыйнай пастаўкі будзе яшчэ нейкая сума пералічвацца ў якасці невядома чаго — ці то кампенсацыі, ці то эканамічнай дапамогі. Паколькі нармальныя камерцыйныя стасункі немагчымыя зараз праз тое, што кошт расейскай нафты расце праз падатковы манеўр, і таму нейкую кампенсацыю прапануюць Беларусі. Гэта не камерцыя, гэта не эканоміка, гэта нейкая палітыка», — заявіў суразмоўца.

21 лютага адбылася тэлефонная размова паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Як распавёў кіраўнік Беларусі, прэзідэнт Расеі прапанаваў палічыць, колькі Беларусь можа страціць ад нафтагазавага манеўру ў Расеі ў 2020 годзе адносна ўзроўню 2019-га.

«Калі мы атрымлівалі ў мінулым годзе ад мыта $1 млрд, уявім, а ў гэтым годзе за кошт зніжэння гэтага самага мыта (яно ж увесь час зніжаецца) атрымаем $700 млн. Ён сказаў: мы $300 млн кампенсуем. У тым ліку за кошт прэміяў кампаніям», — заявіў Лукашэнка.

Таксама Расея «гатовая нам захаваць фінансавы ўзровень па нафце мінулага года», адзначыў ён.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: