Аслабленне расійскага рубля можа прывесці да дэвальвацыі беларускага

Дынаміка курсу беларускага рубля ў 2017 годзе будзе залежаць ад сітуацыі на валютным рынку Расіі.

Такое меркаванне выказалі эксперты БелаПАН, каментуючы ўплыў дэвальвацыі расійскага рубля на курс нацыянальнай валюты Беларусі.

Напярэдадні, 4 мая, сусветныя цэны на нафту маркі Brent знізіліся адразу на 5%, склаўшы менш як 49 долараў за бараль (мінімум з лістапада 2016 года). З прычыны гэтага адбылося аслабленне расійскага рубля — курс долара на Маскоўскай біржы дасягнуў максімальнага значэння за апошнія шэсць тыдняў (58 рублёў). Мінэканамразвіцця Расіі мяркуе (красавіцкі прагноз), што да канца года долар у краіне падаражэе да 68 рублёў, а нафта на сусветным рынку патаннее да 40 долараў за бараль.

Разлікі беларускіх эканамістаў, падрыхтаваныя на аснове статыстычных дадзеных за мінулыя гады, сведчаць, што сітуацыя на валютным рынку Расіі моцна ўплывае на курс беларускага рубля.

"Змена курсу расійскага рубля ўплывае на макраэканамічную сітуацыю ў Беларусі. Згодна з нашымі разлікамі, абясцэньванне расійскага рубля на 7,7% вядзе на працягу квартала да аслаблення беларускага рубля на 5%. Іншымі словамі, кожны працэнт дэвальвацыі расійскага рубля прыводзіць да зніжэння курсу беларускай валюты на 0,65%", — патлумачыў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН старшыня назіральнага савета Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась.

На яго думку, магчымасцяў праводзіць "самастойную" курсавую палітыку, якая не будзе ўлічваць дынаміку расійскага рубля, сёння ў Беларусі няма.

"Пры цяперашнім свабодным курсаўтварэнні, калі доля расійскага рубля ў беларускім кошыку валют складае 50%, адхіліцца ад уплыву падзей на валютным рынку Расіі не атрымаецца. Тэарэтычна, ваганні курсу беларускага рубля можна згладжваць за кошт інтэрвенцый, аднак, па-першае, падобна на тое, што рэзерваў, каб гэтым займацца, няшмат, а, па-другое, штучнае падтрыманне абменнага курсу абсалютна бессэнсоўнае", — падкрэслівае Пеліпась.

Таму, лічыць ён, высокая залежнасць валютнага рынку Беларусі ад падзеяў у Расіі непазбежная. "Усё, што будзе адбывацца ў Расіі, адаб`ецца на нас — там чхнуць, а мы будзем хварэць", — рэзюмаваў эксперт.

Пры гэтым беларускія эканамісты лічаць, што нават у выпадку зніжэння цэн на нафту да 40 долараў за бараль да канца года курс долара ў Беларусі не перавысіць пікавых значэнняў. Нагадаем, на раніцу 5 мая афіцыйны курс долара ў краіне складаў 1 рубель 88 капеек (леташні максімум — 2,2 рубля за долар).

"Безумоўна, у выпадку аслаблення расійскага рубля на працягу гэтага года нацыянальная валюта Беларусі можа апынуцца пад ударам. Аднак у першым квартале гэтага года назіралася ўмацаванне беларускага рубля, таму нават у выпадку дэвальвацыі ў гадавым вымярэнні курс не перавысіць пікавых значэнняў", — мяркуе эканаміст Антон Болтачка.

Пры гэтым аналітыкі фінансавага рынку лічаць, што беларускія ўлады не стануць дапускаць празмернага ўмацавання беларускага рубля да расійскага і будуць праводзіць такую курсавую палітыку, якая б адпавядала інтарэсам экспарцёраў.

"Умяшанне цэнтрабанка ў курсавую палітыку застанецца мінімальным — абменны курс будзе фарміравацца пад уплывам рыначных фактараў", — лічыць фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць