«Электрасіла» і «5 элемент» не апраўдалі дэвізу «Купляйце беларускае!»

Міністэрства гандлю Беларусі закрыла сем крам, якія належаць сеткам «Электрасіла» і «5 элемент». Адной з прычын стаў бедны асартымент прадукцыі айчыннай вытворчасці на прылаўках гэтых гандлёвых аб'ектаў.



У прыватнасці, у краме «5 элемент» у Слоніме (Гродзенская вобласць) у продажы быў прадстаўлены толькі адзін тэлевізар айчыннай вытворчасці з пяці, прадугледжаных асартыментным пералікам, гаворыцца ў паведамленні на сайце Мінгандлю. Пры гэтым у наяўнасці мелася 37 відаў імпартных тэлевізараў. Таксама Мінгандлю не знайшло ў краме прасаў беларускай вытворчасці ў той час, як імпартных было 12 штук. Сярод 16 пыласосаў толькі адзін быў айчынным, нягледзячы на тое, што такіх павінна быць чатыры.
 
 
Акрамя гэтага, многія з пералічаных гандлёвых аб'ектаў прадавалі тавар са скончаным тэрмінам прыдатнасці (мыйныя сродкі, картрыджы, сродкі для чысткі і іншыя віды прадукцыі), выяўленыя такія парушэнні, як адсутнасць цэтлікаў, інфармацыі аб таварах на беларускай або рускай мове, аб краіне іх паходжання , анатацый з асноўнымі тэхнічнымі характарыстыкамі і гэтак далей.
 
 
Для навядзення парадку ў названых гандлёвых аб'ектах кіраўнікам сетак Мінгандлю адвяло 10 дзён.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!