Электракар: наш адказ «Тэслу»

У Нарвегіі ўжо амаль палову аўтапарка складаюць электрамабілі. А першы электрамабіль у Беларусі зʼявіўся толькі шэсць гадоў таму: ужываны Nissan Leaf прывезла кампанія «А-100». Тады разам з дастаўкай і мытам аўто абышлося ў 43 тысячы долараў.


Фота «Радыё Свабода»

Электра- і гіраскутары, монаколы і электрасамакаты гэтым летам сталі звыклым відовішчам на вуліцах беларускіх гарадоў. А хутка яны стануць нормай і ў новых Правілах дарожнага руху. ДАІ прапанавала афіцыйна называць такі індывідуальны мінітранспарт «сродкамі персанальнай мабільнасці» і хоча абавязаць іх уладальнікаў перасоўвацца па веладарожках, а калі яны адсутнічаюць — то тады па ходніках.

Перавагі навамодных прыстасаванняў для перамяшчэння ў гарадской прасторы відавочныя: экалагічнасць, эканамічнасць і лёгкасць. Той самы электрасамакат можна скласці, узяць у руку і зайсці ў краму ці грамадскі транспарт. Паліва ён не патрабуе — толькі не забывайцеся падсілкоўваць акумулятар. Мода на электрычны транспарт прыйшла да нас з Захаду, але большасць мадэляў завозяцца з Усходу — з Кітая.

Качу куды хачу

Кітайскія вытворцы дадалі істотны аргумент «за» валоданне такімі апаратамі — даступнасць. Нават не надта заможныя прасунутыя беларусы цалкам сабе гатовыя аддаць якіх 500–600 рублёў за самакат, каб без залішніх фізічных намаганняў хутка дабрацца куды трэба і пры гэтым не ламаць галаву з абслугоўваннем і захаваннем транспарту. Гэта як ровар, толькі для «лянотных» офісных працаўнікоў.

Пра папулярнасць электратранспарту сведчыць тое, што гэтым летам у Мінску імкліва набірае абароты кікшэрынг — пракат электрасамакатаў. Іх можна пабачыць у самых нечаканых месцах — і на веладарожцы, і пад пад’ездам шматпавярховіка. Такія самакаты «бесстанцыйныя» — пасля заканчэння часу пракату іх можна пакінуць у любым пункце сталіцы. Але кожны з іх абсталяваны GPS-антэнай, якая перадае інфармацыю пра месцазнаходжанне самаката фірме, якая яго здае ў арэнду. Гэтая з’ява аказалася настолькі дзіўнай для некаторых мінчукоў, што за два месяцы працы сэрвісу ўжо амаль з дзясятак чалавек не ўтрымаліся, каб не сцягнуць дахаты нібыта нічыйны самакат.

На электрасамакаце на адной зарадцы батарэі можна праехаць 20 кіламетраў. У межах Мінску, напрыклад, гэтага цалкам дастаткова, каб з любога спальнага раёна дабрацца на працу ў цэнтр горада. Простыя мадэлі звычайна не здольныя развіваць хуткасць больш за 25 кіламетраў на гадзіну. Аднак з пункту гледжання пешаходаў, гэта ўжо досыць хутка, і ў той самы час для перасоўвання па ходніках ці веладарожцы — бяспечна.

Сярод відаў электратранспарту ёсць і больш сур’ёзныя — электраскутары. Некаторыя з іх могуць развіць хуткасць да 50 кіламетраў на гадзіну і нават больш, а адной зарадкі акумулятара хопіць і на 70 кіламетраў адлегласці. Гэта ўжо пасуе і для паездак за горадам. Кошт — каля 3000 рублёў. Але з такімі тэхнічнымі характарыстыкамі электраскутары не выглядаюць бяспечнымі, як ровары, таму адно з прапанаваных новаўвядзенняў у Правілах дарожнага руху — прыраўняць іх да мапедаў. Гэта азначае, што трэба будзе атрымаць правы на кіраванне катэгорыі АМ і рэгістраваць гэты транспартны сродак у ДАІ.

Нагадаем, што, згодна з ПДР, мапедысты маюць права ездзіць па дарогах. І ДАІ, дарэчы, разглядае магчымасць дазволіць электраскутарам рухацца па палосах для маршрутных транспартных сродкаў, каб такім чынам стымуляваць развіццё экалагічных сродкаў перасоўвання.

Фота elektragreenbelarus.info

Наш адказ «Тэслу»

Самы круты транспарт не на паліве — электрамабілі. У Беларусі ўлады нават наважыліся наладзіць уласную іх вытворчасць. Пракаціўшыся неяк на «Тэсле», Аляксандр Лукашэнка сфармуляваў для навукоўцаў вельмі амбіцыйную задачу: «Я не думаю, што вы беларускую «Тэслу» вынайдзеце, калі казаць пра легкавыя аўтамабілі. Але ён павінен быць блізкі да гэтага, каб чалавек па прынцыпе кошт—якасць мог набыць гэты аўтамабіль». Гаворка ідзе пра Geely Electrо, якую будуць збіраць на заводзе ў Абчаку.

Па словах старшыні прэзідыуму Акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Гусакова, беларускія навукоўцы працуюць над цэлай лінейкай электратранспарту — ровар, скутар, матацыкл і гэтак далей. «Ужо зрабілі электрамінівэн, невялікую электрычную камунальную машыну і грузавік», — дзяліўся дасягненнямі галоўны акадэмік. Беларускі электракар пакуль можа праехаць на адной зарадцы батарэі 250 кіламетраў. Але навукоўцы паабяцалі: «Зробім і 500». Лічба ў нас культавая — чакаем.

Цяпер ужо створана айчынная графенавая батарэя-назапашвальнік для электракараў, праводзяцца выпрабаванні. Акумулятар і акумулятарныя ячэйкі з’яўляюцца самым дарагім кампанентам электрамабіля. Таму, каб знізіць кошт электрамабіляў, нават «Тэсла» занялася ўласнымі сакрэтнымі распрацоўкамі батарэяў.

Па вялікім рахунку, папулярнасць электрамабіля наўпрост залежыць ад запасу ходу на адной зарадцы батарэі. У электрамабіля Tesla Model S, напрыклад, ён складае 500 кіламетраў. Адна швейцарская кампанія нядаўна заявіла, што распрацоўвае батарэю, на якой электракары змогуць пераадольваць адлегласць у 1000 кіламетраў і болей.

Другая глабальная мэта — каб батарэі служылі гэтак жа доўга, як і аўтамабілі. Напрыклад, Volkswagen гарантуе працу сваіх акумулятараў на працягу 8 гадоў або прабегу на 160 тысяч кіламетраў. З часам ёмістасць батарэі змяншаецца, і для ўласніка аўто выйсце адно — набываць новы дарагі акумулятар.

Непаслядоўнае заахвочванне

У Нарвегіі ўжо амаль палову аўтапарка складаюць электрамабілі. А першы электрамабіль у Беларусі зʼявіўся толькі шэсць гадоў таму: ужываны Nissan Leaf прывезла кампанія «А-100». Тады разам з дастаўкай і мытам аўто абышлося ў 43 тысячы долараў.

Сёння ў Беларусі зарэгістравана пад 200 электрамабіляў. Пачала пашырацца сетка станцый сілкавання. «Беларуснафта» абяцае, што да канца 2019 года колькасць такіх станцый на АЗС перасягне 150. Але яны ёсць не толькі ў сетцы «Беларуснафты». У Мінску іх можна пабачыць каля банкаў, на паркінгах некаторых гандлёвых цэнтраў.

Год таму ў Беларусі ўвялі адмысловы тарыф на электраэнергію, якой карыстаюцца электразарадныя станцыі. Ён складае 0,15693 рубля (без ПДВ) за 1 кВт/г. Гэта на 48% ніжэй за агульны тарыф для арганізацый, якія працуюць у сферы паслуг.

Свае электрааўтамабілі кіроўцы пакуль што сілкуюць бясплатна — істотная заахвочвальная льгота. Але «Беларуснафта» ўжо анансавала ўвядзенне платы — 30 капеек за кілават. Калі гэта адбудзецца, то заладаваць электрамабіль Tesla Model S абыдзецца каля 30 рублёў. Паколькі адной батарэі хапае кіламетраў на 500, то выдаткі складуць 6 рублёў на 100 кіламетраў. Канешне, эканомней, чым ездзіць на паліве. Але гэта ўжо не задарма!

Дарэчы, калі маецца прыватны дом, можна сілкавацца ад звычайнай разеткі, але ў такім выпадку трэба быць вельмі цярплівым: гэта досыць доўгі працэс, але ад вечара да раніцы аўто заладуецца.

Утрымліваць электракар не надта дорага. Расходнікаў тут амаль няма. Маторны алей і фільтр, свечкі запальвання, антыфрыз, рамень ГРМ — усё гэта электрамабілю не трэба. Зрэшты, галоўны чыннік стрымлівання для беларусаў — вялікі кошт самой такой сучаснай машыны, а таксама ўвозная мытная пошліна (17%), ПДВ (20%) і ўтылізацыйны збор.

Пры пэўных захадах па пашырэнні такога віду транспарту з боку дзяржавы, паводле аптымістычнай ацэнкі экспертаў, да 2025 года ў Беларусі можа быць зарэгістравана ўжо больш за 30 тысячаў электрамабіляў. А пакуль праз мінусы карыстання такім аўто без належнай зараднай інфраструктуры і вялізныя ўвозныя выдаткі, ахвотных перасесці на экалагічныя электрамабілі ў Беларусі няшмат.

Дарэчы, мытныя пошліны былі абнуленыя для юрыдычных асобаў да 1 верасня 2017 года, таму асноўная частка электрамабіляў была завезена ў той час. І лепшае, што можа зрабіць для стымулявання гэтага сегмента аўтарынка дзяржава зараз, — зноў абнуліць пошліны. Бо нулявых тарыфаў на электраэнергію, якія неўзабаве могуць і знікнуць, і яшчэ аднаго прывілею — пры праходжанні тэхагляду ўладальнікі электрамабіляў вызваленыя ад аплаты дарожнага збору — усё ж недастаткова.

Да канца 2019 года ў продаж могуць нарэшце паступіць і тры мадэлі беларускіх электракараў. Цяпер яны выпрабоўваюцца. Тэхнічныя характарыстыкі трымаюцца ў сакрэце. Але ёсць вялікія сумневы, што па суадносінах кошту і запасу ходу гэтыя аўто пераўзыдуць лідараў сусветнай аўтаіндустрыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!