Еўрапейскія эксперты наведаюць БелАЭС 16-18 снежня

У Астраўцы чакаюць спецыялістаў Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай групы рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG).


«У перыяд з 16 да 18 снежня 2020 года эксперты Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай групы рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG) наведаюць пляцоўку будаўніцтва БелАЭС у рамках партнёрскага агляду Нацыянальнага плана дзеянняў паводле вынікаў стрэс-тэстаў, праведзеных у 2018 годзе», — цытуе «Інтэрфакс» прэс-службу Міністэрства энэргетыкі.

У склад групы ўвойдуць эксперты з Бельгіі, Аўстрыі, Германіі, Украіны. «Узначаліць групу генеральны дырэктар Цэнтра па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Фінляндыі (STUK) Петэры Тыйпана», — праінфармавалі ў Мінэнерга.

Партнёрская праверка вынікаў стрэс-тэстаў БелАЭС была праведзеная ENSREG у 2017-2018 гадах. Дэфіцытаў бяспекі (неадпаведнасцяў патрабаванням беларускіх нарматыўных прававых актаў, заснаваных на стандартах бяспекі МАГАТЭ) не было выяўлена. Эксперты прапанавалі шэраг рэкамендацый, якія тычацца запасаў бяспекі звыш устаноўленых нарматыўнымі дакументамі і стандартамі бяспекі патрабаванняў. Па выніках правядзення стрэс-тэстаў БелАЭС у 2019 годзе падрыхтаваны адпаведны Нацыянальны план дзеянняў.

Беларусь завяршае будаўніцтва АЭС побач з горадам Астравец у Гродзенскай вобласці па расійскім праекце «ВВЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энергаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Генпадрадчыкам будаўніцтва АЭС з'яўляецца група ASE.

Фізпуск першага энергаблока станцыі адбыўся 20 жніўня, яго ўвод у эксплуатацыю запланаваны на першы квартал 2021 года. Увод у эксплуатацыю другога блока чакаецца ў 2022 годзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: