Fitch: Дзярждоўг Беларусі перавысіў 50% ВУП

З улікам гарантый, дадзеных дзяржавай, велічыня дзярждоўгу ў Беларусі перавысіла 50% ВУП, лічыць міжнароднае агенцтва Fitch Ratings, паведамляе "БелаПАН".


Міністэрства фінансаў раней паведаміла, што межавае значэнне дзяржпазыкі ў Беларусі ўстаноўленае на ўзроўні 45% ВУП.

Разам з тым, паводле метадалогіі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings, якое пацвердзіла крэдытныя рэйтынгі Беларусі на ўзроўні "B", фактычны ўзровень дзярждоўгу ўжо ў канцы мінулага года перавысіў межавае для краіны значэнне.

"Паводле ацэнак Fitch, дзяржаўны доўг Беларусі (уключаючы гарантыі, дадзеныя дзяржавай, на суму 9,5% ВУП) дасягнуў 52,5% ВУП на канец 2017 года", — гаворыцца ў заяве агенцтва, распаўсюджанай з нагоды надання суверэннага рэйтынгу Беларусі.

Аналітыкі агенцтва звяртаюць увагу, што на 90% дзярждоўг Беларусі сфармаваны ў замежнай валюце.

"Fitch уключае ўрадавыя гарантыі ў разліках агульнай сумы доўгу з-за высокай верагоднасці таго, што ўраду неабходна будзе выканаць абавязацельствы дзяржаўных прадпрыемстваў", — адзначаюць аўтары заявы.

Яны таксама падкрэсліваюць, што валатыльнасць абменных курсаў стварае фіскальныя рызыкі для дзяржфінансаў Беларусі з-за вялікай прысутнасці дзяржаўных прадпрыемстваў у эканоміцы і неабходнасці выконваць абавязацельствы апошніх, якія часта сфармаваныя ў замежнай валюце.

Акрамя гэтага, аналітыкі Fitch Ratings звяртаюць увагу, што плацяжы дзяржавы па суверэнных абавязацельствах у 2019—2020 гадах будуць заставацца высокімі (на ўзроўні 3,4 млрд долараў на год).

"Устойлівае зніжэнне рызык рэфінансавання будзе залежаць ад працягу прагрэсу ў дыверсіфікацыі знешніх крыніц фінансавання, магчымасцяў рэфінансавання двухбаковага доўгу і тэмпаў эканамічнага развіцця", — адзначаюць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.

Згодна са звесткамі Fitch, беларускі ўрад цяпер працуе над прыцягненнем новых запазычанняў, намінаваных у беларускіх рублях і кітайскіх юанях.

Што да патэнцыялу беларускай эканомікі, то, як лічыць рэйтынгавае агенцтва, у сярэднетэрміновай перспектыве тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць заставацца нізкімі.

Згодна з прагнозам Fitch, у 2018 годзе на фоне росту расійскай эканомікі, унутранага попыту і нізкай базы мінулага года рост ВУП Беларусі можа скласці 3,5%, але ў 2019—2020 гадах замарудзіцца да 2,5 і 2% адпаведна. На думку рэйтынгавага агенцтва, дзяржсектар Беларусі, для якога характэрная нізкая прадукцыйнасць працы і высокая крэдытная запазычанасць, "з'яўляецца слабым звяном" беларускай эканомікі і будзе стрымліваць яе развіццё.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!