Фонд салідарнасці запусціў кампанію дапамогі тым, чые рахункі заблакавалі з-за пераводаў ад BY_help

Пасля блакавання рахункаў беларусаў, якія атрымлівалі дапамогу ад кампаніі BY_help, у Фондзе салідарнасці запусцілі новую ініцыятыву. Яна наўпрост звязвае тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, з тымі, хто гатовы яе аказаць. Акрамя таго, Фонд салідарнасці BYSOL, які раней аказваў дапамогу тым, хто пазбавіўся працы па палітычных матывах, цяпер будзе дапамагаць і розным ініцыятывам па развіцці грамадзянскай супольнасці, напрыклад дваровым ініцыятывам.
Ілюстрацыйнае фота Аляксандры Квіткевіч, tut/by

Ілюстрацыйнае фота Аляксандры Квіткевіч, tut/by

Пасля блакавання рахункаў Фонд салідарнасці BYSOL запусціў кампанію прамой фінансавай узаемадапамогі.

 Беларуская банкаўская сістэма захоплена сілавікамі. Банкаўскія рахункі людзей, якія атрымалі дапамогу ад кампаніі BY_help, заблакаваныя, а сумы на іх арыштаваныя. У большасці выпадкаў гэта былі плацяжы на карысць збітых, параненых і згвалчаных сілавікамі людзей, і арышт рахункаў стаў паўторнай рэпрэсіяй з боку ўладаў. У многіх выпадках на гэтыя карты акрамя дапамогі ад кампаніі прыходзілі і іншыя выплаты: заробкі, сацыяльныя дапамогі, і г.д. У сувязі з блакаваннем рахункаў людзі аказаліся без сродкаў да існавання, — тлумачаць стваральнікі кампаніі.

Тыя, каму ў сітуацыі, якая склалася патрэбна дапамога, і тыя, хто гатовы дапамагчы, могуць запоўніць невялікую гугл-форму. Пасля гэтага арганізатары звяжуць ахвярадаўцаў з пацярпелымі. На раніцу панядзелка анкеты запоўнілі 110 пацярпелых і 173 жадаючых дапамагчы.

Акрамя гэтага ў Фонда салідарнасці BYSOL з'явіўся новы збор на Facebook. Гэта звязана з тым, што папярэдні збор «зачыніўся, вычарпаўшы максімальны тэрмін свайго жыцця». Таксама ў збора з'явіліся новыя мэты.

— Мы працягваем прымаць заяўкі ад звольненых і адлічаных па палітычных прычынах. Але цяпер кожная арганізаваная нізавая структура (дваровыя чаты, прафесійныя аб'яднанні лекараў, настаўнікаў, артыстаў і г. д.) можа таксама звярнуцца па падтрымку фонда, — каментуе сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак.

Падтрымку можна атрымаць на інфармацыйныя кампаніі, дваровыя ініцыятывы, акцыі, маніфестацыі і флэшмобы, іншыя ініцыятывы па развіцці грамадзянскай супольнасці. Для гэтага трэба даслаць ліст на электронную пошту info@bysol.org і ў вольнай форме распавесці, што менавіта вы збіраецеся зрабіць і колькі гэта будзе каштаваць. Пасля праходжання хуткай верыфікацыі кампанія знойдзе падтрымку ад фонду.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: