Футбалістам, большасць з якіх падпісалі праўладны ліст спартсменаў, абмежавалі заробкі

Футбольныя клубы вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі атрымалі лісты з урада. Адмысловая пастанова вызначае ліміт на заробкі для прафесійных гульцоў. Максімальны заробак топавага футбаліста ў Беларусі будзе складаць 8 тысяч рублёў.

Ілюстрацыйнае фота


Былы футбаліст, заснавальнік асацыяцыі юрыдычнай абароны гульцоў Аляксандр Свярчынскі расказаў, што адміністрацыі каманд атрымалі дакумент з Саўміне аб ліміце на заробкі, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на рэсурс «Трыбуна».

 «Гэта абсалютна рэальны ліміт на заробкі — лічбы, якія нельга перавышаць ні пры якіх абставінах. Для кожнага клуба ён будзе індывідуальны ў залежнасці ад месца, занятага ў папярэднім годзе. Напрыклад, першая тройка не можа плаціць футбалістам звыш 8 тысяч рублёў. Выключэнне толькі для “зборнікаў”. Адпаведна, для каманд, якія займалі ніжэйшыя месцы, апускаецца і столь — сем, шэсць, пяць, чатыры. У некаторых максімальны заробак будзе 3 тысячы», — патлумачыў Аляксандр Свярчынскі.

Да нядаўняга часу кіраўніцтва каманд магло стымуляваць гульцоў, зыходзячы найперш з паказніка іх карыснасці. Гэта дазваляла запрашаць легіянераў, утрымліваць ад пераезду ў іншыя чэмпіянаты топавых беларускіх футбалістаў. Форварды кшталту Аляксандра Глеба ці Віталя Радзівонава зараблялі ў БАТЭ не меней за 20 тысяч долараў.

З новай пастановай, паводле Аляксандра Свярчынскага, адток беларускіх футбалістаў за мяжу — справа практычна вырашаная. На фоне цяперашніх фінансавых абмежаванняў заробкі гульцоў у Расіі, Казахстане, Польшчы і нават Украіне ў 3-4 разы вышэйшыя.

«Вельмі цікава, якім чынам сябе павядуць клубы. Як яны будуць абыходзіць гэты дакумент, бо змест яго адназначны: у бюджэце няма грошай. Ці адкажуць каманды “ўзаемнасцю і любоўю”, з якой футбалісты падпісвалі праўладны ліст?» — сказаў Аляксандр Свярчынскі.

Абсалютная большасць клубаў вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі залежыць ад дзяржаўнага фінансавання і прывязаная да горадаўтваральных прадпрыемстваў. Такая залежнасць прывяла да таго, што ў загадным парадку футбалістаў і трэнераў прымусілі падпісвацца пад праўладным лістом у падтрымку ўлады. Некаторыя падпісанты апраўдваліся, што не хацелі гэтага рабіць, але былі вымушаныя, каб «захаваць каманду».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: