Gazeta Wybоrcza: Эканоміка Беларусі абвальваецца, але людзі ўсё роўна падтрымліваюць санкцыі

З-за каронавіруса і пратэстаў супраць Лукашэнкі сярэдняя зарплата істотна паменшылася ў параўнанні з пачаткам 2020 года, а інфляцыя імкліва расце.


Палітычны крызіс у краіне пагоршыў цяжкае фінансавае становішча беларусаў, а абвал заробкаў адчуваецца яшчэ вастрэй з-за хуткага росту інфляцыі.

Год таму ўлады Беларусі прагназавалі, што ў 2020-м краіна зафіксуе эканамічны рост. Зрэшты, у гэтага плана не было шанцаў на рэалізацыю. І прычына не толькі ў пандэміі каронавіруса, якая ахапіла ўвесь свет і балюча ўдарыла па фінансах дзяржаў і іх жыхароў.

На эканамічную сітуацыю ў Беларусі негатыўна паўплываў трохмесячны канфлікт з Расіяй праз кошт нафты, які ўспыхнуў у пачатку года. Тады Масква перастала пастаўляць «чорнае золата» на беларускую тэрыторыю, — нагадвае Gazeta Wyborcza. Каронавірус і масавыя пратэсты пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў таксама негатыўна паўплываць на эканоміку Беларусі. Адчуваюць на сабе гэтыя праблемы, перш за ўсё, простыя людзі.

На думку эканамістаў «Еўразійскага банка развіцця», скарачэнне ВУП Беларусі ў 2020 годзе будзе найменшым з усіх краін Еўразійскага саюза. Аднак, на аднаўленне эканомікі Менску спатрэбіцца значна больш часу, чым астатнім. Паводле іх прагнозаў, пры ўмове пераадолення палітычнага крызісу, ВУП краіны можа вярнуцца да ранейшага ўзроўню толькі ў 2023 годзе.

Беларускі рубель з моманту пачатку пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі моцна аслабеў. У першыя тыдні пасля абвяшчэння вынікаў сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў ён патаннеў на 10% у суадносінах да амерыканскага долара. І цяпер беларуская валюта працягвае слабець у параўнанні з так званымі «цвёрдымі валютамі». 2020 год Мінск скончыць з інфляцыяй на ўзроўні 6,4%.

Беларуская апазіцыя стварыла Нацыянальнае антыкрызіснае кіраванне, якое павінна распрацаваць стратэгію выхаду з застою і правядзення ў Беларусі важных рэформаў. З апублікаванай на афіцыйным сайце арганізацыі інфармацыі вынікае, што з пачатку года дзяржаўны доўг краіны вырас на 29% і дасягнуў 22 мільярдаў долараў. У той жа час, як адзначаюць эксперты, з-за каронавіруса і пратэстаў супраць Лукашэнкі, экспарт беларускіх тавараў паменшыўся на 17%. Гэта яшчэ больш пагаршае і без таго вялікі дэфіцыт бюджэту, які да канца года дасягне 1,5 мільярда еўра.

Сябра праўлення апазіцыйнай Каардынацыйнай рады Павел Латушка адзначае, што наступствы крызісу, перш за ўсё, адчуюць простыя беларусы. Былы міністр культуры паказвае, што сярэдняя зарплата, якая ў студзені складала 420 долараў, за некалькі апошніх месяцаў скарацілася на 100 долараў. Сярэдняя пенсія ў краіне ў пачатку 2020 года складала 180 долараў, а цяпер апусцілася да 150 долараў. З прычыны імклівага росту коштаў у апошні час, гэта ставіць беларускае грамадства ў цяжкае становішча.


У сваю чаргу, самі беларусы добра разумеюць сітуацыю і не паводзяць сябе пасіўна. Яны імкнуцца эканоміць не толькі з-за інфляцыі і скарачэння даходаў, а таксама з-за нежадання падтрымліваць рэжым Лукашэнкі і напаўняць кішэні АМАПу. Многія здымаюць усе зберажэнні з рахункаў у дзяржаўных банках і пазбаўляюцца ад дзяржаўных каштоўных папер. Таксама беларусы наўмысна зацягваюць выплату падаткаў.

Жаданне грамадзянскай супольнасці зрынуць рэжым нават коштам уласнага камфорту і дабрабыту настолькі вялікая, што большасць беларусаў нават падтрымліваюць ідэю адключэння краіны ад сістэмы SWIFT — дзеля паслаблення ўлады Лукашэнкі. Амаль палова ўдзельнікаў апытання, якое правёў штаб Святланы Ціханоўскай, падтрымалі гэтыя санкцыі, гэтак жа як і забарону беларускім банкам атрымліваць крэдытаванне за мяжой.

Нестабільнасць таксама падштурхнула жыхароў Беларусі купляць замежную валюту. На вітрынах многіх банкаўскіх аддзяленняў у Мінску можна ўбачыць аб’явы аб тым, што «еўра і долары ўжо распрададзеныя».

Паводле УНІАН, пераклад НЧ 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: