Google купіць кампанію, гадзіннікі якой робяць у ЗША і Мінску

Гэта не першая пакупка Google, з’вязаная з Беларуссю, піша «Свабода» 


Карпарацыя Google (частка кангламерату Alphabet) пацвердзіла пакупку кампаніі Fitbit за 2,1 мільярда долараў, паведамляе Fitbit у прэс-рэлізе. Google таксама паведамляе пра куплю. Угода мае быць закрытая ў 2020 годзе.

Заснаваная ў 2007 годзе, Fitbit найбольш вядомая вытворчасцю разумных фітнэс-гадзіннікаў і фітнес-напульснікаў. Кампанія таксама вырабляе разумныя вáгі і праграмы, звязаныя са здаровым ладам жыцця. Google называе кампанію «сапраўдным піянерам» у гэтай сферы.

Google сама займаецца падобнымі справамі: выпускае аперацыйную сістэму для разумных гадзіннікаў Wear OS і праграму-трэкер Google Fit. Цяпер — з пакупкай Fitbit — карпарацыя бачыць магчымасць выпускаць на рынак прылады «Made by Google».

Штат Fitbit налічвае амаль паўтары тысячы чалавек, з якіх большасць працуе ў ЗША. Адзіны замежны офіс кампаніі знаходзіцца ў Мінску, там працуе каля 70 чалавек.

Сузаснавальнік кампаніі расказваў Tut.by, як у 2012 годзе з’явіўся офіс у Менску. Адзін з галоўных распрацоўнікаў кампаніі ў Сан-Францыска — беларус паводле паходжання. Калі паўстала пытанне пашырэння штату, ён прапанаваў з’вярнуць увагу на Беларусь, а кіраўнікам кампаніі спадабаўся ўзровень падрыхтоўкі тэхнічных спецыялістаў у краіне.


У 2015 годзе Fitbit выводзіў свае акцыі на біржу па цане 32,5 даляра. Праз месяц цана акцыі дасягнула амаль 50 долараў, але ў наступным годзе ўпала ніжэй за 20, праз год стабілізавалася ў раёне 5–6. Сёлета акцыі Fitbit упалі да 3 даляраў, але пасля чутак пра пакупку Google падскочылі да 7.

Гэта не першая пакупка Google, з’вязаная з Беларуссю: два гады таму Google купіў беларускі ІТ-стартап AIMatter — аўтараў праграмаў Fabby і Fabby Look.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!