«Кожны прапушчаны дзень — яшчэ адна смерць у Беларусі»

Беларускі Свабодны тэатр атрымаў прэстыжную праваабарончую прэмію імя Магніцкага ў намінацыі Сourage under fire («Мужнасць пад агнём»). Раней прэмію імя Магніцкага атрымалі Барыс Нямцоў (пасмяротна), рэжысёр Алег Сянцоў і палітык Аляксей Навальны.


Сузаснавальнік і кіраўнік Беларускага свабоднага тэатру і грамадскі дзеяч Мікалай Халезін у інтэрв’ю Радыё Свабода разважае пра эканамічныя санкцыі і розныя фарматы мірнага пратэсту

.

«Рома Бандарэнка “здэтанаваў” і зарадзіў усіх»

— 16 лістапада 2009 году ў расійскай турме загінуў юрыст Сяргей Магніцкі. 16 лістапада праз 11 гадоў у Беларусі яшчэ не пахаваны загінулы Раман Бандарэнка, сотні беларусаў знаходзяцца за кратамі пасля брутальнага разгону «маршу адважных» у нядзелю. І так разумею, што прэмія імя Магніцкага для Свабоднага тэатру — не столькі радасная навіна, колькі міжнароднае прызнаньне сур’ёзнасці сітуацыі ў Беларусі і гучная падтрымка тых, хто змагаецца за перамены. Якое напаўненне гэтай узнагароды для Беларускага Свабоднага тэатру?

— Мы прысвяцілі яе не толькі тым, хто загінуў цяпер, але і тым людзям, якія ішлі гэтай дарогай раней — Віктару Ганчару, Анатолю Красоўскаму, Змітру Завадзкаму, Юрыю Захаранку, Паўлу Шарамету, Генадзю Карпенку. Канечне, тыя хлопцы, якія загінулі цяпер, нібы падхапілі гэты сцяг, які спрабуюць данесці да перамогі. У тым ліку і Рома Бандарэнка, які так «здэтанаваў» і зарадзіў усіх.


«Накіравалі вялікую справаздачу пра фінансы сямʼі Лукашэнкі»

— У верасні адна з каардынатараў Альянсу беларускіх дыяспар Global Belarus, ваша жонка Наталля Каляда абмяркоўвала са стваральнікам «Акту Магніцкага» Білам Браўдэрам сумесныя скаардынаваныя дзеянні па прасоўванні «Акту Магніцкага для Беларусі». На якой стадыі гэта цяпер і ў чым сутнасць гэтага акту?

— Мы прапаноўвалі назваць гэта актам «Беларусь — Магніцкі», але пакуль гэта цяжка зрабіць, таму што кожная краіна прымае яго ў сябе самастойна. Мы працуем у каардынацыі з Білам Браўдэрам, і задача — прыняць еўрасаюзаўскі акт Магніцкага для Беларусі. Тады людзі, якія чыняць рэпрэсіі і парушаюць правы чалавека, акажуцца пад ціскам гэтага акту, дзе б яны ні былі. У сераду будзе прыняты Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ў ЗША. Па сутнасці, гэта той жа Акт Магніцкага, у якім амерыканцы самі прапісваюць нормы, па якіх яны хацелі б бачыць Беларусь дэмакратычнай, і метады ціску, у тым ліку эканамічныя і сектаральныя. І на кожны з гэтых захадаў ёсць свой калідор часу. Напрыклад на расследаванне па ўсіх фінансах сямʼі Лукашэнкі даецца 90 дзён, за якія ФБР павінна прадставіць поўную справаздачу. Мы ім крыху палегчылі гэтую задачу, бо ўжо накіравалі вялікую справаздачу пра фінансы сямʼі Лукашэнкі, якую прынялі да разгляду.

— Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўжо прыняты, гэты дакумент увесь час падаўжаецца з пэўнымі дапаўненнямі і зменамі…

— Дакладна, ён дзейнічае з 2004 году. І велізарная падзяка Крыстаферу Сміту, які ўсе гэтыя гады займаўся гэтым. Чалавек прысвяціў свае чатыры тэрміны ў Кангрэсе ЗША беларускай праблематыцы. Таксама ідзе размова, каб прымаліся нацыянальныя акты Магніцкага з уласнымі санкцыямі. Паслязаўтра будзе пасяджэнне ў Еўрапарламенце, на якім выступяць прадстаўнікі розных краінаў. Яно пройдзе пад эгідай Біла Браўдэра і «Акту Магніцкага». Ад Беларусі выступіць Наталля Каляда, ад Расіі — Уладзімір Кара-Мурза, будуць прадстаўнікі ад Ганконгу, ад усіх праблематычных краінаў, дзе ёсць праблемы з правамі чалавека. І гэта будзе вялікая дыскусія, на якой, мне падаецца, прагучаць вельмі важныя рэчы, у тым ліку і для беларусаў.



«Цана пытання вырасла, мы гаворым пра сыход Лукашэнкі»

— У нядзелю ў эфіры «Настоящего Времени» журналістка і грамадская дзяячка Ірына Халіп казала пра неабходнасць увядзення эканамічных санкцый — перастаць купляць нафтапрадукты ў Беларусі, калійныя ўгнаенні і прадукцыю найвялікшых беларускіх прадпрыемстваў, матывуючы гэта тым, што гэта можа быць моцным ударам па Лукашэнку, а беларускаму народу і так вельмі дрэнна праз татальны гвалт. Што вы думаеце пра эканамічныя санкцыі і гатовасць заходніх краін іх увесці?

— Эканамічныя санкцыі я лічу самым эфектыўным механізмам ціску. Як толькі рэжым не атрымае сваіх грошай, пасыплецца ўся структура сілавікоў. У 2011 годзе ўдалося ўвесці кропкавыя эканамічныя санкцыі з боку ЗША, і ЕС салідарызаваўся, адразу пасля гэтага Лукашэнка стаў вызваляць палітвязняў. Цяпер цана пытання вырасла. Мы гаворым пра сыход Лукашэнкі. Мы пачалі гаварыць пра гэта яшчэ ў чэрвені з вядучымі краінамі ЕС. Тады яны не былі гатовыя, спасылаліся то на каронавірус, то на адпачынкі ў жніўні, потым пачалі казаць, што давайце спачатку прымем персанальныя санкцыі...

Былі прынятыя рэзалюцыі ва ўсіх краінах, якія не прызналі Лукашэнку легітымным, і пасля гэтага павінны былі перайсці да эканамічных санкцый. Мы далі інфармацыю па «гаманцах Лукашэнкі» — бізнесоўцах, якія з’яўляюцца фінансавымі донарамі сямʼі. Тое самае па сектаральных санкцыях. Я думаю, што мы дойдзем да гэтай фазы. На жаль, мы губляем час. Мы спрабуем пераконваць усіх партнёраў, што кожны прапушчаны дзень — яшчэ адна смерць у Беларусі. Цяпер усім гэта стала відавочна, і нават спадар Барэль перайшоў да самай жорсткай рыторыкі. Я думаю, што ёсць перспектывы паскорыць гэтую дынаміку. Я не ведаю, хто супраць эканамічных санкцый. Некаторыя кажуць, што гэта ўдарыць па людзях. Але па людзях удараюць нашмат больш дубінкі і тэрміны турэмнага зняволення.


«Банкаўская сістэма пачала працаваць як карная, а калі так, то патрэбны годны адказ»

— Пасля таго як банкі на загад уладаў заблакавалі рахункі людзей, што атрымлівалі дапамогу ад фондаў салідарнасці, вы казалі, што будзеце лабіраваць адключэнне банкаў, якія гэта зрабілі, ад міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы перадачы інфармацыі і плацяжоў SWIFT. Наколькі гэта рэальна? Які гэта можа мець эфект?

— Мы выйшлі з гэтай ініцыятывай менавіта таму, што банкаўская сістэма пачала працаваць як карная, а калі так, то патрэбны годны адказ. Вярнуліся да старой ідэі, якую я агучваў у 2011 годзе, пра адключэнне сістэмы SWIFT. Тады гэта ўспрынялі ў штыкі, сказалі, што няма прэцэдэнтаў. Але цяпер ёсць прэцэдэнт, калі адключалі банкаўскую сістэму Ірану, і яны мелі неверагодныя праблемы. Мы закінулі ва ўсе міжнародныя структуры гэтую прапанову і вельмі спадзяемся на тое, што цяпер дыяспары пачнуць грамадскі ціск на свае ўрады, на міжнародныя структуры з патрабаваннем увядзення жорсткіх санкцый. Калі не спыніць цяпер, гэта ператворыцца ў сапраўдны генацыд.



«Біць трэба па эканоміцы»

— Гучаць галасы, што трэба мяняць фарматы мірнага супраціву, што выхад на маршы праз тэрор сілавых структураў становіцца практычна сінонімам затрымання і ахвярнасці. Што вы думаеце пра новыя фарматы мірнага супраціву ўнутры краіны?

— Я б узмацняў ціск з пункту гледжання эканомікі. Кожны можа на працы пераходзіць да італьянскага страйку, па сутнасці — да сабатажу, калі ты робіш усё па інструкцыі, а нічога насамрэч не рухаецца. Сёння праблема ў тым, што Лукашэнка проста забірае ў людзей грошы і перадае іх сілавікам. Мы правялі ўсе расследаванні (шмат людзей было задзейнічана), і высветлілася, як працуюць усе фінансавыя схемы Лукашэнкі. Гэта тычыцца тытунёвай прамысловасці, фармакалогіі, транзіту, нафты, газу, здабычы золата. Па ўсіх лініях было праведзенае расследаванне, і высветлілася адна і тая ж заканамернасць. Чалавек стварыў такую сістэму, што дзяржаўныя грошы, якія належаць народу, пераходзяць у яго асабістую кішэню. І гэта адбываецца ва ўсіх сферах. Таму біць трэба па эканоміцы.

А як біць? Трэба прадумваць самыя розныя мадэлі. Я не ўпэўнены, што трэба падштурхоўваць людзей выходзіць і выходзіць на вуліцы, цяпер ужо амаль пад расстрэлы. Відавочна, што кіраўніцтва сілавых структураў — людзі, якія страцілі кантроль над сітуацыяй. Іх дзейнасць трымаецца на страху, што яны самі апынуцца за кратамі і трапяць у жорны, якія самі стварылі. Часткова яны ўжо кіруюць Лукашэнкам, таму што ён не можа здаць іх, яны не хочуць здаць яго. Кругавая парука. Атрымліваецца мадэль, пры якой яны забіраюць усе грошы ў краіны і існуюць за гэты кошт, пры гэтым забіваючы людзей. Абсалютная анамалія.

— Як доўга ў 21 стагоддзі ўзброеная меншасць можа праз гвалт і пагрозы кіраваць мірнай большасцю?

— Гэта залежыць ад інерцыі міжнародных структураў, на жаль. Вонкавы ціск архіважны. Ёсць унутраны ціск народу на рэжым, а ёсць вонкавы ціск. Калі яны не сінхронныя, то ідзе перакос у той ці іншы бок. Атрымліваецца, што сядзіць чыноўнік у Еўропе і глядзіць скрозь пальцы на тое, як выбухаюць гранаты і як страляюць у людзей. Такой сітуацыі быць не можа. Усё патрабуе часу — каардынацыя, пераструктураванне, ціск. Таму мы не можам атрымаць хуткую дынаміку. Добра, што мы падышлі да сітуацыі, калі можна гаварыць ужо пра любыя захады ціску на рэжым Лукашэнкі.

*****

*Мікалай Халезін — судырэктар Цэнтру вырашэння крызісных палітычных і грамадскіх задач Creative Politics Hub (Лондан) і каардынатар альянсу Global Belarus. Яго жонка Наталля Каляда працавала больш за 10 гадоў у розных структурах Дзярждэпартаменту ЗША. Мікалай і Наталля кансультуюць міжнародныя арганізацыі і замежных палітыкаў у беларускім пытанні.

*Прэмія імя Магніцкага была заснаваная пры садзейнічанні некалькіх міжнародных арганізацый Вялікабрытаніі, краінаў ЕС, ЗША і Канады. Ад 2015 году ёю штогод адзначаюць журналістаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячоў і юрыстаў за значны ўнёсак у захаванне і развіццё правасуддзя і абароны правоў чалавека.

*Юрыст фонду Hermitage Сяргей Магніцкі стаў вядомы сусветнай грамадскасці пасля таго, як паведаміў пра факт крадзяжу больш як 5 мільярдаў рублёў чыноўнікамі з бюджэту Расіі. Быў арыштаваны паводле абвінавачання ў нясплаце падаткаў і памёр у расійскім СІЗА, паводле афіцыйнай версіі, ад сардэчнай недастатковасці. Сапраўдныя прычыны яго смерці, як лічаць сям’я Магніцкага і праваабаронцы, палягалі ў «неаказанні медычнай дапамогі», жахлівых умовах утрымання і, магчыма, наўмысных катаваннях.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: